Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе адзіны сцэнар Плошчы 19 сьнежня?


Кастрычніцкая плошча, 24 лістапада
Кастрычніцкая плошча, 24 лістапада
Пракуратура Беларусі вынесла папярэджаньні пяці апазыцыйным кандыдатам на прэзыдэнта за заклікі да выбарцаў выйсьці 19 сьнежня пасьля закрыцьця выбарчых участкаў на Кастрычніцкую плошчу Менску. Кандыдаты ды іх прадстаўнікі ў адказ сабраліся, каб абмеркаваць адзіны сцэнар пасьлявыбарчага мітынгу.

Нараду за зачыненымі дзьвярыма правялі кандыдаты Ўладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Дзьмітры Вус, Віктар Цярэшчанка, прадстаўнікі Раманчука, Кастусёва, Міхалевіча. Не былі прадстаўленыя толькі Саньнікаў і Статкевіч. Апошні, дарэчы, прыйшоў на сустрэчу, якая анансавалася як канфідэнцыйная, але калі пабачыў там журналістаў, разьвярнуўся і сышоў. Пра агульныя вынікі сустрэчы "Свабодзе" паведаміў яе ініцыятар Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі
"Гэта не сакрэт, мы ў прынцыпе дамовіліся, што будзем сустракацца бліжэйшымі днямі. Дакладная дата ёсьць, але я яе ня буду агучваць, каб зноў у каго-небудзь ня здалі нэрвы ад выгляду журналістаў… У прынцыпе мы дамовіліся, усе пагадзіліся разам быць на Плошчы, супольна дзейнічаць, каб быў адзіны сцэнар, і вось бліжэйшым часам будзем абмяркоўваць дэталі гэтага сцэнару. А таксама вызначылі мэты Плошчы: давядзеньне інфармацыі да людзей аб тым, што выбары нелегітымныя, і што мы будзем дабівацца свабодных выбараў, а Плошча стане пачаткам гэтай кампаніі".

Найлепшым вынікам Плошчы была б капітуляцыя цяперашняй улады, вяртаньне народу права на вольныя выбары, мяркуе Віталь Рымашэўскі.

Кандыдат ад БНФ Рыгор Кастусёў гэтак акрэсьліў мэты Плошчы-2010:

Рыгор Кастусёў
"Дамагацца справядлівых выбараў або справядлівых вынікаў выбараў, дамагацца адстаўкі дзейнага прэзыдэнта, дамагацца прыходу да ўлады дэмакратычнага прэзыдэнта або пераходнага ўраду… Карацей, як у тым анэкдоце пра сантэхніка, — трэба мяняць сыстэму".

Рыгор Кастусёў заяўляе, што ён і Партыя БНФ выступаюць за адзіны сцэнар акцыі 19 сьнежня, і што Плошча павінна прадэманстраваць адзінства беларускай апазыцыі, агульны падыход да будучага лёсу Беларусі.

Мікола Статкевіч зазначыў, што ў арганізатараў Плошчы-2010 на сёньня вымалёўваюцца два падыходы адносна сцэнару акцыі:

Мікола Статкевіч
"Адна — стратэгія 2006 году: пастаялі, закляймілі… А другая — якая-небудзь іншая. Я адназначна не прыхільнік першай. Людзі павінны рухацца, каб зрабіць ціск на ўладу, напалохаць. Трэба хаця б ісьці некуды… А стаяць? Можна, безумоўна, яшчэ песьні пасьпяваць, але гэта ні да чаго не прывядзе, ці не — прывядзе да "чарговай маральнай перамогі ў нашых сэрцах".

Спадар Статкевіч кажа, што кансультацыі наконт сцэнару Плошчы паміж апазыцыйнымі кандыдатамі працягваюцца, у прыватнасьці, сёньня ён гутарыў на гэтую тэму з Уладзімерам Някляевым.

У перадвыбарчым штабе Андрэя Саньнікава заявілі, што застаюцца ў кантакце са штабам Някляева ў пытаньні падрыхтоўкі Плошчы. Гаворыць Уладзімер Кобец, кіраўнік ініцыятыўнай групы Саньнікава:

Уладзімер Кобец
"Гэта будзе народны сцэнар, я так лічу. Саньнікаў і Някляеў каардынуюць, сустракаюцца, фактычна йдзе ў наўпроставым рэжыме каардынацыя, і тое самае адбываецца паміж выбарчымі штабамі па ўсёй краіне".

А кандыдат Алесь Міхалевіч для сябе яшчэ ня вырашыў, ці будзе ён браць удзел у Плошчы-2010, таму не выступае з адпаведнымі заклікамі да выбарцаў:

Алесь Міхалевіч
"Гэта залежыць ад таго, ці будуць фальсыфікацыі. Калі фальсыфікацыі на выбарах будуць, і я пабачу, што выбары не зьяўляюцца дэмакратычнымі, то так, я разглядаю для сябе такую магчымасьць удзелу ў Плошчы. Заклікаў я не раблю, таму што пакуль што тым, як адбываецца працэс арганізацыі выбараў, збольшага я задаволены".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG