Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі пагражае дэфолт паводле прыкладу Грэцыі і Ірляндыі


Беларусь можа паўтарыць лёс Грэцыі ды Ірляндыі, фінансавыя сыстэмы якіх абрынуліся ў выніку дэфолту. Гэта прызнаў старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч. Паводле ягоных слоў, захаваньне дэфіцыту зьнешняга гандлю Беларусі цягам бліжэйшых трох гадоў ставіць пад пагрозу платаздольнасьць краіны.

Паводле Пятра Пракаповіча, калі ў 2014 годзе ня выйсьці на станоўчае сальда зьнешняга гандлю, Беларусь напаткаюць гэткія ж праблемы, як Грэцыю, Ірляндыю ды Партугалію. Пры гэтым, як заявіў Пракаповіч, калі гэтым ды іншым краінам Эўразьвяз дапамог і будзе дапамагаць надалей, то Беларусі спадзявацца няма на каго. Боязь кіраўніка Нацбанку падзяляе і доктар эканамічных навук Генадзь Лыч:
наша становішча ахавае ...

"Думаю, што спадар Пракаповіч блізкі да ісьціны. Прыкладам, сёлета за 10 месяцаў мы маем мінус 6,9 мільярда даляраў. Да канца году будзе мінус 10 мільярдаў, уяўляеце? Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі — крыху большыя за 6 мільярдаў даляраў. Гэта значыць, што калі кампэнсаваць адмоўнае сальда, то апынемся ўвогуле на нулі! А 25 мільярдаў даляраў доўгу ўжо маем, з гэтага аб'ёму дзяржаўныя пазыкі — каля 9 мільярдаў. Так што, канечне, наша становішча ахавае. І калі такое ўжо сказаў Пракаповіч, старшыня Нацыянальнага банку, то пра што ўвогуле гаварыць?"

Апошнія некалькі гадоў Беларусь жыве пераважна ў доўг. Асноўныя крэдыторы — як фінансавыя інстытуцыі, так і ўрады дзяржаваў: Міжнародны валютны фонд, Усясьветны банк, Расея, Вэнэсуэла, Кітай. Упершыню ў гісторыі сукупны зьнешні доўг наблізіўся да паловы валавога ўнутранага прадукту, што набліжае крах фінансавай сыстэмы.

Аналітык Сяргей Чалы ў гэтым зьвязку кажа, што на "раскачку" застаецца літаральна некалькі гадоў. Але як настане час вяртаньня даўгоў, уладам давядзецца сур'ёзна задумацца пра пэрспэктывы нацыянальнай эканомікі:
Пік вяртаньня — гэта, хутчэй, 2013—2014 гады ...

"Пік вяртаньня — гэта, хутчэй, 2013—2014 гады. Але трэба сказаць, што пэўны запас трываласьці яшчэ застаецца. Нядаўна было дасьледаваньне двух амэрыканскіх адмыслоўцаў, якія паспрабавалі вызначыць лічбавы паказьнік пазыкаў адносна валавога ўнутранага прадукту, за якім доўг становіцца ня тое што крытычным, але становіць пагрозу для нацыянальных эканомік. Гэта парадку 90% ВУП. У нас пакуль яшчэ сукупны доўг меншы за палову ці на ўзроўні паловы, таму, у прынцыпе, запас ёсьць. Але гэта, вядома, ня самае моцнае суцяшэньне".

Паводле слоў спадара Чалага, схема абслугоўваньня пазыкаў уключна з працэнтамі і з асноўнай сумай выглядае наступным чынам: 2012 год — больш за 1 мільярд даляраў, 2013-ы — звыш 2 мільярдаў, 2014-ы — больш за 2 мільярды, у 2015-м — 1 мільярд даляраў. Гэта пры ўмове, што Беларусь ня будзе ўлазіць у новыя пазыкі. Для прыкладу, па выніках 2010 году на абслугоўваньне зьнешняга доўгу пойдзе прыкладна 500 мільёнаў даляраў.

Між тым, нягледзячы на складанае становішча ў фінансавай сфэры, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў кіраўніцтва Нацбанку робіць заявы, якія супярэчаць лёгіцы. Падчас наўпростай лініі ў газэце "Рэспубліка" Пётар Пракаповіч заявіў: у 2011 годзе мяркуецца актывізаваць мэханізм кампэнсацыі па ўкладах Ашчадбанку СССР, унесеных да пачатку 1990-х. Паводле ягоных слоў, уклады плянуецца вярнуць цалкам з улікам інфляцыі і ўсіх працэнтаў за мінулыя гады. Пры гэтым Пракаповіч патлумачыў, чаму, адрозна ад іншых постсавецкіх дзяржаваў, гэта не было зроблена раней:

"У першыя гады беларускай незалежнасьці было страчана да 40% ВУП. Але толькі ўдалося ўстаць на ногі, як здарыўся расейскі крызіс, з-за чаго Беларусь страціла палову экспарту. Усясьветны крызіс 2008 году чарговым разам перакрэсьліў пытаньне кампэнсацыі савецкіх укладаў".

Ці можна казаць пра сур'ёзнасьць намераў дзяржавы выбрацца зь цяперашняй сытуацыі? Вось што мяркуе эканаміст Генадзь Лыч:
агульная запазычанасьць складае 50% ВУП ...

"Гэта звычайны піяр. Бо калі маем 25 мільярдаў даляраў доўгу, а валавы ўнутраны прадукт — 50 мільярдаў, то агульная запазычанасьць складае 50% ВУП. І афіцыйна прызнана: за 10 месяцаў амаль 7 мільярдаў адмоўнае сальда зьнешняга гандлю. Ну дык за кошт чаго аддаваць? Улады ж ня хочуць зрабіць наступным чынам: прадамо заводы ў Наваполацку ці Мазыры і за гэтыя грошы вернем вам уклады. Яны ж гэтага ня хочуць! Ня кажуць, што прадамо "Беларуськалій" Кітаю, грошы атрымаем і перавядзем на вашы ўклады? Не! А адкуль узяць? Патрэбна крыніца. Бягучых крыніцаў, якія стварылі б дадатковае станоўчае сальда зьнешняга гандлю, няма. Нешта зрабілі, а прыбытку няма — нават з таго, што ўнутры прадаем, бо вялізная колькасьць стратных прадпрыемстваў. Дык адкуль грошы? Усё гэта нават не дэмагогія, а нейкая "дымагогія" — нейкі дым, пыл ганяюць…"

Галоўнай прычынай "абрастаньня" даўгамі называецца рэзкае падвышэньне кошту расейскага газу і ўвядзеньне мыта на нафту для Беларусі. За першае паўгодзьдзе 2010-га году да агульных 22 мільярдаў крэдытных даляраў, якія назапасіліся за мінулы год, дадаліся яшчэ 1 мільярд 100 мільёнаў. Па выніках году экспэрты прагназуюць суму доўгу ў памеры 25 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG