Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэледэбаты: другая спроба


Сёньня бальшыня кандыдатаў у прэзыдэнты працавалі з журналістамі. Адны ўдзельнічалі ў тэледэбатах на партале TUT.BY. Іншыя сталі гасьцямі "Комсомольской правды" в Белоруссии" і онлайну на Радыё Свабода. Некаторыя сустракаліся з выбарцамі ў рэгіёнах. Пра тое, чым 8 сьнежня займаліся прэтэндэнты на найвышэйшую дзяржаўную пасаду.

Тры кандыдаты ў прэзыдэнты — Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч і Яраслаў Раманчук — сёньняшні дзень пачалі з дэбатаў на тэлебачаньні TUT.BY. Намесьнік галоўнага рэдактара парталу Дзьмітрый Верашчагін у размове са "Свабодай" сказаў, што гэтая ідэя нарадзілася не спантанна:
інтэрнэт-аўдыторыя і аўдыторыя, якая глядзіць традыцыйнае тэлебачаньне, усё ж значна адрозьніваецца ...

"Шчыра кажучы, мы доўга дыскутавалі — праводзіць дэбаты ці не? Некаторыя казалі, што кандыдаты мелі магчымасьць выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё. Але ўсё ж вырашылі праводзіць. Чаму? Ды таму, што інтэрнэт-аўдыторыя і аўдыторыя, якая глядзіць традыцыйнае тэлебачаньне, усё ж значна адрозьніваецца. І мы вырашылі, што карыстальнікі парталу TUT.BY, а іх ня так і мала ў Беларусі, таксама павінны мець магчымасьць паслухаць прэтэндэнтаў, задаць ім пытаньні і атрымаць адказы".

Паводле лёсаваньня, 9 сьнежня ў дэбатах удзельнічаюць Віталь Рымашэўскі, Віктар Цярэшчанка і Дзьмітрый Вус. А 10 сьнежня — чарга Ўладзімера Някляева і Мікалая Статкевіча. Бяз трэцяга, бо Андрэй Саньнікаў у гэтых дэбатах ня ўдзельнічае.

Сёньня многія кандыдаты, у прыватнасьці Рыгор Кастусёў, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, пабывалі ў рэдакцыі "Комсомольской правды" в Белоруссии", дзе адказвалі на пытаньні журналістаў.

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў сёньня вярнуўся з Брусэлю. Увечары ён паехаў на сустрэчу з выбарцамі Барысава. А тым часам у штабе кандыдата прааналізавалі званкі і звароты да прэтэндэнта. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Андрэй Дзьмітрыеў распавядае "Свабодзе":
шмат людзей тэлефануюць і кажуць, што трэба забараніць "чарніла" і ўзвысіць кошты на гарэлку ...

"Званкі можна падзяліць на тры катэгорыі. Першыя тычацца найважнейшых актуальных праблемаў. Напрыклад, вельмі шмат людзей тэлефануюць і кажуць, што трэба забараніць "чарніла" і ўзвысіць кошты на гарэлку, каб нацыя не сьпівалася. Альбо яшчэ адзін прыклад — што будзе з аграгарадкамі? Людзі кажуць, нас туды пасялілі, а яны зусім не прывабныя для жыцьця.

Другая катэгорыя — калі людзі тэлефануюць, каб выказаць сваю падтрымку, і просяць запісаць іх у каманду. Напрыклад, сёньня некалькі чалавек зь Менску прапаноўвалі дапамагаць — распаўсюджваць матэрыялы.

І трэцяя — гэта парады. Людзі тэлефануюць і кажуць: калі ласка, зрабіце так альбо скажыце пра гэта".

Віталь Рымашэўскі сёньня ўвесь дзень знаходзіцца ў Віцебску. Як паведамляе кіраўнік ягонага выбарчага штабу Павал Севярынец, з раніцы дзьве сустрэчы кандыдата былі забароненыя. Але наперадзе — яшчэ тры. Спадар Севярынец кажа, што пасьля выступаў і дэбатаў на тэлебачаньні людзі пачалі пазнаваць у твар кандыдата ад партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя":

"Дзякуюць за выступ, дзякуюць за сьмеласьць. Ён зайшоў у аптэку, і адразу чуем шэпт — пайшлі глядзець на кандыдата".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG