Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не зьбіраецца аддаваць краіну


У перадвыбарчым выступе на Ўсебеларускім народным сходзе Аляксандар Лукашэнка сыпаў абяцаньнямі, некалькі разоў вяртаўся да дачыненьняў з Расеяй і палемізаваў з альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Беларускія тэлеканалы і радыё вялі жывую трансьляцыю выступу, які цягнуўся больш за тры гадзіны.

Кіраўнік краіны адзначыў, што для Беларусі за пяць гадоў у 4 разы вырасла цана на газ і ў 2 разы — на нафту. Аднак краіна вытрымала цэнавыя шокі і ня рухнула:

"Няўжо гэта нармальна, што мы штогод пад Новы год кірэчымся ў Маскве, выпрошваем лыжку дзёгцю, ці барэль нафты, ці кубамэтар газу? Гэта ненармальна — за пяцігодку ў 4 разы павысілася цана на газ. Якая канкурэнцыя на агульным рынку? Гаворачы пра Расею, пытаньне ж не ў асабістым, што Лукашэнка канфліктны. Не. Пытаньне толькі ў эканоміцы, я гатовы цярпець усё, бруд, што заўгодна. Але я не магу пагадзіцца, калі мне пад Новы год у два разы падвышаюць цэны. Мы гатовыя зь імі працаваць, але мы ні ад кога не пацерпім, пакуль я прэзыдэнт, каб нас піналі, штурхалі, білі ў морду. Для гэтага вам трэба абраць іншага прэзыдэнта".

Лукашэнка адзначыў, што яму сорамна казаць пра беларуска-расейскія дачыненьні. А прэзыдэнт Расеі ў сваім пасланьні не згадаў ні Беларусь, ні саюзную дзяржаву.
Няўжо гэта нармальна, што мы штогод пад Новы год кірэчымся ў Маскве, выпрошваем лыжку дзёгцю?

"Ужо падкідаюць нам ідэю эўразійскага саюзу. Прыслалі дэклярацыю, чытаю — Госпадзі, думаю, дык ёсьць жа яшчэ ЭўрАзЭс, АДКБ, СНД, саюзная дзяржава. Тут жа яшчэ на паўдарозе. Ужо новае ўтварэньне!"

Лукашэнка адзначыў, што ня мае намеру выбіраць паміж Эўразьвязам і Расеяй і не ідзе ні на Ўсход, ні на Захад. Ён выказаўся за стратэгію роўнай набліжанасьці да Ўсходу і Захаду. Працяглы крэн выключна ў адзін бок робіць прыярытэтным пытаньне пра "зьнешнепалітычную дывэрсыфікацыю на практыцы". Маўляў, асабліва шмат страчаных магчымасьцяў на эўрапейскім кірунку. Лукашэнка сказаў, што разьлічвае на прагматызм і здаровы сэнс у падыходах Брусэля да Менску і на поўнафарматнае партнэрства. Але гэта не азначае адыходу ад Расеі, "нашага натуральнага саюзьніка".
Нельга гробіць саюзны праект

"Нельга гробіць саюзны праект. Апошнім часам расейскае кіраўніцтва выбудоўвае нейкую новую мадэль дачыненьняў зь Беларусьсю. Гэты курс справакаваны зусім ня Менскам. Але ў апошнія дні і тыдні ў Расеі пачалося асэнсаваньне таго, што зроблена за апошні час. І мы "добрыя", і яны яшчэ "лепшыя". Ня трэба ківаць толькі на Маскву, мы таксама "добрыя". Але ўжо некаторыя галовы астылі, пачалі думаць, а што далей? Напэўна, пачалі разумець, што бесгаспадарнай Беларусь не застанецца".
Нікуды Беларусь я не павяду, як вядомы чалавек, які па пустыні ў свой час вадзіў.

Паводле Лукашэнкі, нават калі будзе цяжка па нафце і газу, гэта пройдзе. А тое, што рабіла Расея — гэта не палітыка, а проста "ўсплёск эмоцый". Ён заявіў, што ня будзе рваць з Расеяй і нармалізуе зь ёй стасункі.

"Таму ня трэба некаму паціраць рукі і думаць, што ўсё, Лукашэнка павёў Беларусь незразумела куды. Нікуды Беларусь я не павяду, як вядомы чалавек, які па пустыні ў свой час вадзіў. Мне гэтага ня трэба. І я ўбачыў на апошнім саміце АБСЭ, назіраючы за прэзыдэнтам Расеі, — там усё бачна, хто да каго як ставіцца. І, напэўна, прэзыдэнт Расеі ўбачыў, што там два былі чалавекі, расеец і беларус, якія ў любы момант гатовыя абараняць адзін аднаго".
Краіну вы не атрымаеце. Мы вам яе не дамо разьдзерці.

Цягам трохгадзіннага выступу Лукашэнка сыпаў абяцаньнямі: павялічыць заробкі да тысячы даляраў, павысіць пэнсіі, падвоіць дапамогу пры нараджэньні дзіцяці, вярнуць ільготны праезд школьнікам, палёгкі бізнэсу, скарачэньне падаткаў і гэтак далей. І таксама заклікаў ня верыць альтэрнатыўным кандыдатам, "бойкім праўдарубам", якія "аплявалі тэлебачаньне".

"Вытрымаў гэтыя месяцы, вытрымаю і астатнія два тыдні, не крытыкуючы сваіх апанэнтаў. Я хачу сказаць толькі адно: сябры мае, на плошчу вы выйдзеце, на вуліцу ці яшчэ куды, краіну вы не атрымаеце. Мы вам яе не дамо разьдзерці. Бо яна нам дорага каштавала. Калі нехта пацірае рукі і разьлічвае на тое, што прэзыдэнт з падачы так званых альтэрнатыўных увядзе люстрацыю, разгоніць КДБ, спэцслужбы, усіх пакарае, перасаджае ў турму – хлопцы, супакойцеся. Глядзіце, каб самі туды не патрапілі".


Больш цытат і камэнтары да іх глядзі тут.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG