Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застаюцца шанцы на справядлівыя выбары?


Гілары Клінтан
Гілары Клінтан

ЗША "спадзяюцца ўбачыць істотны прагрэс" у сфэры дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі. Сумесную заяву Гілары Клінтан і Сяргея Мартынава пра выбары ў Беларусі камэнтуюць Яраслаў Раманчук, Аляксандар Класкоўскі, Сяргей Мусіенка.

Злучаныя Штаты Амэрыкі "спадзяюцца ўбачыць істотны прагрэс" у сфэры дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Сустрэча прайшла 1 сьнежня ў Астане ў рамках саміту АБСЭ.

"Для паляпшэньня двухбаковых стасункаў ЗША і Беларусі першачарговую важнасьць па-ранейшаму мае выказваньне большай павагі да дэмакратыі і правоў чалавека, якое неабходна для прагрэсу краіны і яе грамадзянаў", — цытуе тэкст заявы прэс-служба МЗС Беларусі.

ЗША, у прыватнасьці, спадзяюцца на адпаведнасьць выбараў прэзыдэнта Беларусі міжнародным стандартам.

Пракамэнтаваць гэтую заяву мы папрасілі беларускіх палітыкаў і палітолягаў.
Яраслаў Раманчук

Кандыдат на прэзыдэнта ад АГП Яраслаў Раманчук нядаўна меў сустрэчы ў амбасадзе ЗША ў Менску і з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША.

"Амэрыканцы сьцьвярджаюць, што яны не дапусьцяць да таго, каб афіцыйны Менск атрымаў нейкую легітымізацыю без асаблівых пераменаў. Таму калі беларускае кіраўніцтва гатовае да канструктыўнага супрацоўніцтва, да рэалізацыі дэкляраванай шматвэктарнасьці, тады яно павінна адпусьціць палітычных вязьняў, зусім зьмяніць характар правядзеньня выбараў, дапусьціць да назіраньня, падліку галасоў, зрабіць роўныя правы для ўсіх кандыдатаў у дачыненьні доступу да СМІ".

У цяперашніх умовах ужо можна казаць, што дэмакратычных выбараў у Беларусі ня будзе, паколькі апазыцыя ня ўключаная ў камісіі, дыскрымінуецца ў СМІ, невядома, ці дазволяць улады сацапытаньне "экзыт-пол",— заявіў спадар Раманчук. На ягоную думку, у ЗША пасьля 19 сьнежня ня будзе падставаў для іншага рашэньня, чым у 2006 годзе, калі беларускія выбары не былі прызнаныя. Саму ж заяву Хілары Клінтан і Сяргея Мартынава Яраслаў Раманчук лічыць у пэўным сэнсе "рытуальнай".
Аляксандар Класкоўскі

Падобнай думкі прытрымліваецца і менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

"Гэтая заява як дакумэнт ніякага ўплыву ня зробіць на выбарчую кампанію. Іншая рэч, што вонкавыя ўмовы для кіраўніцтва Беларусі неспрыяльныя. Найперш ціск Расеі змушае Менск гуляць у пэўныя гульні, паказваць Захаду дэкаратыўную лібэралізацыю. І ўжо гэта адбіваецца на стылі правядзеньня кампаніі, ён выглядае з боку ўладаў больш гнуткім".

Але Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што на саступкі ў самых адчувальных момантах, такіх, як падлік галасоў і датэрміновае галасаваньне, Менск ня пойдзе:

"Я думаю, што зараз наверсе ва ўладных структурах ламаюць галаву, як праскочыць паміж Сцылай і Харыбдай, паказаць трохі большую празрыстасьць, нейкі прагрэс у гэтым кірунку і разам з тым не разбурыць падмурак для так званых элегантных перамог".
Сяргей Мусіенка

Але Вашынгтон можа і пачакаць з пацяпленьнем у адносінах зь Менскам, калі беларускія ўлады рэальнага прагрэсу не прадэманструюць, — перакананы Аляксандар Класкоўскі.

Блізкі да ўладаў палітоляг Сяргей Мусіенка мяркуе, што асаблівых зьмен у палітыцы Менску, у прыватнасьці ў часе выбараў, і не патрэбна, бо, маўляў, выбары і так максымальна празрыстыя. Спадар Мусіенка спадзяецца, што кантакты кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і ЗША паспрыяюць пацяпленьню двухбаковых адносін:

"Безумоўна, і гэта ўжо назіралася цягам году. Таму гэта вельмі заканамерна. І я думаю, што гэта дабро для Беларусі. Бо жыць у такой сытуацыі, як мы жылі, цяжкавата. Трэба будаваць адносіны з усім сьветам, і тое, што зараз адбываецца, — гэта яркае пацьверджаньне шматвэктарнасьці ня толькі эканамічнага, але і палітычнага жыцьця Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG