Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І альтэрнатыву знайсьці, і нэрвы Расеі паказытаць


Чым мацней маразы, тым больш газу спажываюць кацельні, электрастанцыі і прадпрыемствы. Пры цяперашніх халадах ашчаджаць паліва надзвычай складана. У гэтых умовах беларускія чыноўнікі загадзя намагаюцца вытаргаваць лепшыя ўмовы паставак газу з Расеі. У Маскве перамовы з кіраўніцтвам "Газпраму" вядзе ўрадавая дэлегацыя на чале зь першым віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Сямашкам.

Адрозна ад мінулых гадоў, беларускія перамоўнікі ня сталі чакаць навагодняга звону курантаў. Але пазыцыя "Газпраму" пакуль непахісная: беларускія аргумэнты наконт таго, што ў наступным годзе неабходна захаваць кошты на газ для Беларусі на ўзроўні 2010-га, не прымаюцца. На газпрамаўскім сайце паведамляецца, што падчас перамоваў кіраўніка канцэрну Аляксея Мілера і першага намесьніка старшыні беларускага ўраду Ўладзімера Сямашкі адназначна заяўлена: кошт будзе вызначацца паводле формулы ў адпаведнасьці зь дзейным кантрактам. Захоўваць яго на ўзроўні 2010-га, як настойваў беларускі бок, няма ніякіх падстаў.

У 2010-м сярэднегадавы кошт расейскага газу для Беларусі складзе 187 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ад пачатку 2011 году ён вырасьце як мінімум да 210 даляраў, хоць раней у "Газпраме" агучвалася лічба і ў 250 даляраў. Выпраўляючы свайго намесьніка ў Маскву, прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі гаварыў пра неабходнасьць пошуку альтэрнатыўных сыравінных крыніцаў. Да таго ж, на яго думку, пагроза страты беларускага рынку павінна прымусіць кіраўніцтва "Газпраму" захаваць прынамсі старыя кошты:

Сяргей Сідорскі
"Многія краіны Эўрапейскага зьвязу застрахавалі пастаўкі ад магчымага нэгатыўнага ўплыву і выйшлі на спотавыя пастаўкі газу, у тым ліку газу звадкаванага. Такога кшталту газавыя пастаўкі з Катару, Альжыру на сёньня значна таньнейшыя за той кошт газу, які склаўся да ўсясьветнага фінансавага крызісу. Таму наша пазыцыя якраз у тым, каб і для Беларусі былі перагледжаныя кошты на газ. І мы разьлічваем, што цэны могуць быць захаваныя на ўзроўні 2010 году".

Пра газавыя адносіны Беларусі з Расеяй днямі ў пашыранай вэрсіі інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам напісала француская газэта "Фігаро". Па словах Лукашэнкі, цяпер Расея выкарыстоўвае газ як зброю, як сродак шантажу. Але калі Масква прапануе газ па 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, то тая ж Францыя набывае паліва ў Нарвэгіі і Катары па 150 даляраў. Іншымі словамі, пастаўшчыкоў у сьвеце дастаткова, і беларускі кіраўнік ня бачыць падставаў, каб не скарыстаць схемы, ужо правераныя іншымі.

Кантракт паміж "Газпрамам" і "Белтрансгазам" да 2011 году прадугледжвае, што цягам 2008—2010 гадоў для Беларусі дзейнічае паніжальны каэфіцыент да кошту на газ, але ад наступнага году Менск павінен выйсьці на ўзровень цэнаў, якія забясьпечваюць роўную даходнасьць з пастаўкамі ў Эўропу. Страты ранейшых прэфэрэнцыяў будуць каштаваць беларускаму бюджэту мільярды даляраў. І калі да 2010 году ўключна выдаткі часткова пакрываліся ад продажу расейцам 50% акцый "Белтрансгазу" за 2,5 мільярда даляраў, то цяпер давядзецца зноў улазіць у крэдыты.

Крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак лічыць, што беларускаму кіраўніцтву ў такіх умовах трэба зрабіць грунтоўныя высновы. Па-першае, вучыцца дамаўляцца з партнэрамі, бо атрымаць сыравінную незалежнасьць ад Расеі пасьля многіх гадоў паразытаваньня амаль немагчыма. Па-другое, нарэшце распачаць мадэрнізацыю прамысловага комплексу, паколькі маральна і фізычна састарэлыя гіганты неапраўдана спажываюць такую колькасьць газу:
усе заводы старыя, зьядаюць процьму газу...

"Кажучы проста, у нас усе заводы старыя, зьядаюць процьму газу. Патрэбная мадэрнізацыя, хоць у прынцыпе іх даўно трэба было зраўняць зь зямлёй ці збудаваць наноў. То бок трэба было паставіць задачу: што зь імі рабіць? Але ж гэта не такая простая задача, таму Лукашэнка нічога і не рабіў. Можа, памятаеце ягонае інтэрвію, у якім ён сказаў: вы, маўляў, ня хочаце перабудовы, таму я яе і не раблю. Дык цябе ж абралі з умовай: калі такі разумны, то прынамсі за 15 гадоў мог бы ўсё прывесьці да ладу. Але выглядае, што мы ж самі і будзем расплачвацца за такую палітыку. Цяпер усё робіцца на ўзроўні нейкай вясковай эканомікі. Зь іншага боку, і Масква настроеная вельмі рашуча, ідзе палітычнае высьвятленьне адносінаў. Лукашэнка адчувае, што яму пагражае, і пачынае цалкам неадэкватна сябе паводзіць. Няўжо нармальныя людзі могуць сябе так паводзіць у тэлевізары і потым вырашаць пытаньні? Кожны цьвярозы чалавек бачыць: Лукашэнка папросту ня здольны вырашаць такія важныя задачы".

У такіх умовах Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей зазірае на аддаленыя тэрыторыі. У сярэдзіне году пачаліся размовы пра неабходнасьць будаўніцтва ў Літве тэрміналу звадкаванага прыроднага газу для Беларусі. А днямі, прымаючы дэлегацыю нафтавай кампаніі Азэрбайджану, ён выказаў гатоўнасьць набываць там звадкаваны прыродны газ, пабудаваўшы ў Беларусі завод па ягоным развадкаваньні: "Гэта значна выгадней, чым набываць у "Газпраму", нягледзячы на даўжэйшы шлях пастаўкі", — зрабіў выснову Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG