Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік Казлоў: Апазыцыянэры прыраўноўваюцца да ворагаў народу


Мікалай Казлоў (зправа) і Анатоль Лябедзька (зьлева)
Мікалай Казлоў (зправа) і Анатоль Лябедзька (зьлева)
Міліцыя Менску завяршыла праверку заявы аб фальсыфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў 2008 году па акрузе, дзе балятаваўся лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Сьведкам па гэтай справе выступіў былы міліцыянт Мікалай Казлоў, які засьведчыў, што ў ноч пасьля датэрміновага галасаваньня сябры ўчастковай камісіі займаліся падменам бюлетэняў. Вынік праверкі: доказаў, якія б пацьвярджалі інфармацыю пра фальсыфікацыі, ня знойдзена.

26 лістапада госьцем "Начной Свабоды" быў падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў.

Соўсь: Чаму Ваша сьведчаньне не было ўлічана падчас праверкі?

Казлоў: Таму, што людзі, якія праводзілі праверку, не былі ў гэтым зацікаўлены. А наадварот, зацікаўлены ў тым, каб нічога не знайсьці, нічога не даказаць. І як вынік, нічога не высьветліць. І як вынік, не ўзбудзіць крымінальную справу. Таму што дзеяньне супрацоўнікаў участковых камісій падпадае пад артыкул 192 аб фальсыфікацыі выбараў. Натуральна, калі б так здарылася, каб іх прыцягнулі, гэта быў бы ўрок для астатніх. І, відавочна, гэта кагосьці ўстрымала б ад падобных рэчаў.

Соўсь: Прайшло шмат выбарчых кампаній. Шмат супрацоўнікаў міліцыі дзяжурылі і будуць дзяжурыць на ўчастках. Напэўна, ня Вы адзін былі сьведкам падобнага выпадку. Чаму з выкрыцьцём фальсыфікацый не выступаюць іншыя супрацоўнікі міліцыі?

Казлоў: Мне цяжка казаць пра тое, ці былі яны сьведкамі, ці не былі, і як яны сябе паводзілі. Так атрымалася, што я быў і маю права казаць за сябе і не абвінавачваць там некага у баязьлівасьці. У мяне няма ніякіх падставаў для гэтага. Але з іншага боку трэба разумець, што ўсе гэтыя грамадзкі важныя мерапрыемствы, асабліва выбары, суправаджаюцца інструктажамі асабістага складу. Міліцыянтам даюцца камэнтары, дзе апазыцыя прыраўноваецца да ворагаў народу. Фармуецца такія адносіны да людзей, што лічацца ў нас у краіне апазыцыянэрамі.

Соўсь: Калі праводзіліся такія інструктажы, наколькі яны дзейнічалі на Вас пэрсанальна? Ці верылі Вы ў тое, што апазыцыянэры – ворагі народу?

Казлоў: Ніхто іх наўпрост так не называў, але фармавалася такое адчуваньне. Што да мяне, то я разумеў, хто і чаму гэта гаварыў.

Соўсь: А як кантрактная сыстэма дзейнічае на міліцыю?

Казлоў: Міліцыянты знаходзяцца на становішчы прыгонных. Гэта людзі, што працуюць практычна без выходных, ненармаваны працоўны дзень. У адносінах да супрацоўнікаў міліцыі не працуе ні працоўны кодэкс, ні ўмовы кантракту, што гарантуюць ім права на адпачынак ў выглядзе выходнага, і аплату ў выпадку перапрацоўкі. Нічога з гэтага не выконваецца. Па самых аптымістычных маіх падліках выконваецца дзесьці адсоткаў на 30.

Соўсь: Калі была "Памаранчавая рэвалюцыя" ва Ўкраіне, склалася такая сытуацыя, што супрацоўнікі міліцыі не выступалі супраць дэманстрантаў. Народ і войска, так бы мовіць, былі адзіныя. Што ў Беларусі для гэтага патрэбна: шмат людзей на вуліцах, ці што яшчэ, каб міліцыянт не падняў дубінку?

Казлоў: Калі міліцыя адчуе, што падняўся народ, будзе тое, што і ва Ўкраіне. Прынамсі, пераважная большасьць. Міліцыі не падабаецца, што часьцяком робяць на гэтых масавых, як іх афіцыйна называюць "несанкцыянаваных", мерапрыемствах.

Слухаць перадачу цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG