Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў чакае дакладных адказаў з Эўропы


Аўтар фота — Міхаіл Ермалюк
Аўтар фота — Міхаіл Ермалюк
Усе адзінаццаць прэтэндэнтаў падалі неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта сёньня паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме. Цяпер дакумэнты накіраваныя на праверку. Чым быў адметны мінулы тыдзень перадвыбарчай кампаніі?

Усе кандыдаты прадставілі ў ЦВК заявы аб сваёй згодзе балятавацца на найвышэйшую пасаду ў краіне, дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці, а таксама біяграфіі. Зьвесткі аб прыбытках і маёмасьці будуць разьмешчаныя на сайце Цэнтарвыбаркаму.

Як звычайна, перад выбарамі, можна будзе даведацца і аб прыбытках Аляксандра Лукашэнкі. Уладзімер Някляеў сказаў, што ў меў "сярэднестатыстычны прыбытак", які за мінулы год склаў каля 16 мільёнаў рублёў, пераважна ад ганарараў за выкананьне песьняў. У Яраслава Раманчука прыбыткі склалі менш за 7 мільёнаў рублёў. Кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў меў гадавы прыбытак – крыху больш за 200 тысяч расейскіх рублёў.

Рыгор Кастусёў
"Я працую ў расейскай фірме "Асьвейская будаўнічая кампанія" і расейскімі атрымліваю, бо мне працы ў Беларусі не даюць. Жонка атрымлівае заробак па догляду за бабуляй. У яе каля двух мільёнаў беларускіх рублёў за год. Гэта заробкі па месцы працы. Плюс маёмасьць – машына, міні-вэн 1997 года выпуску, гараж, дом, жончына маёмасьць таксама. Плюс чэкі "Маёмасьць" у жонкі і ў мяне. Сын і дачка прапісаныя з намі, але дачка замужам, жыве сваёй сям'ёй, вядзе асобна гаспадарку. А сын вучыцца ў Гданьску. На вёсцы бацькоўскі дом, шклоўская кватэра ў мяне не прыватызаваная. У жонкі ў Магілёве дзьве кватэры, якія падарылі цёшча і яе бабуля".

Цягам пяці наступных дзён праваахоўныя і фінансавыя структуры будуць правяраць дадзеныя ўсіх кандыдатаў.Таму іх афіцыйная рэгістрацыя плянуецца на наступным тыдні. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла:

"Калі памылка будзе меней за 20% ад гадавога прыбытку кандыдата ў прэзыдэнты, то яна ня лічыцца памылкай. І ў такіх выпадках прэтэндэнт будзе абавязкова зарэгістраваны. У іншых выпадках ЦВК будзе рашаць пытаньне па кожным кандыдаце асобна".

Сёньня кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў займаўся падрыхтоўкай візыту ў шэраг эўрапейскіх краінаў. Ён выкліканы
распаўсюджанай Reuters заявай прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, што Лукашэнка павінен перамагчы на выбарах, і што толькі ён «можа гарантаваць палітычную і эканамічную стабільнасьць у краіне ды яе незалежнасьць». Спадар Някляеў кажа, што пакуль ставіцца да гэтага як да чутак:

Уладзімер Някляеў
"У зьвязку з гэтым нам трэба мець усё ж дакладныя адказы на некаторыя пытаньні, якія ўзьніклі ў беларускім грамадзтве якраз у выніку візыту спадарыні Грыбаўскайце, міністраў замежных спраў Польшчы і Нямеччыны. І аптымізм, які выклікалі гэтыя візыты ў асяродку Лукашэнкі. Гэта ня можа ня выклікаць, мякка кажучы, трывожныя непаразуменьні. І нам хацелася б удакладніць, што насамрэч чакае ад гэтых выбараў Эўропа. Калі гэта хоць як зьвязанае з тым, што нібыта сказала на сустрэчы з амбасадарамі спадарыня Грыбаўскайце, то гэта адна сытуацыя, значыць нешта мы ў палітыцы Эўропы ня так зразумелі".

Кандыдат Яраслаў Раманчук на гэтым тыдні выступіў перад студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Ён сказаў, што "так проста не пакіне такую заяву прэзыдэнта Літвы".

Яраслаў Раманчук
"Безумоўна, гэта зьяўляецца недапушчальным, што прэзыдэнт суседняй краіны, краіны Эўразьвязу дапускае такія выказваньні. Гэта сьведчыць пра тое, што можна казаць пра крызіс эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і пра тое, што спадар Лукашэнка зноў выкарыстоўвае давер суседзяў альбо іншых краінаў для легітымізацыі сваіх недэмакратычных, аўтарытарных практык у нашай краіне".

На гэтым тыдні дэмакратычная апазыцыя фактычна прыпыніла размовы пра адзінага кандыдата. Два апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў на сумеснай прэс-канфэрэнцыі заявілі пра дамову аб каардынацыі дзеяньняў у часе выбарчай кампаніі. Для іншых кандыдатаў, маўляў, дзьверы незачыненыя. Аднак, паводле спадара Някляева, пакуль ніхто ў гэтыя дзьверы не ўвайшоў.

Дамовіліся!

Рыгор Кастусёў
назваў гэта асабістым пагадненьнем спадароў Някляева і Саньнікава.

"Я проста на гэта не зьвяртаю ўвагі. Я шкадую, што я згубіў шмат часу на ўсе перамовы пра адзінага. Гэта іх асабістае меркаваньне і асабістае пагадненьне".

Яраслаў Раманчук адзначыў, што ня бачыць тут дзьвярэй:

"Гэта проста такая заява, каб стварыць ілюзію еднасьці, якой насамрэч няма".

Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў і прадстаўнік Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька заклікалі выбарцаў прыйсьці 24 лістапада на Кастрычніцкую плошчу Менску на мітынг - рэпэтыцыю плошчы 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG