Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі абяцае пераадолець карупцыю


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Пра стварэньне Антыкарупцыйнага камітэту абвясьціў кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі. Узначаліць гэту структуру прадпрымальнік з Бабруйску Вячаслаў Шэлег. З гэтай нагоды кандыдат у прэзыдэнты правёў прэсавую канфэрэнцыю.

На сустрэчу з журналістамі прыйшлі людзі, якія асабіста пацярпелі ад карупцыянэраў. Той жа Вячаслаў Шэлег расказаў, што двое сьледчых, якія вялі яго справу, цяпер самі знаходзяцца за кратамі. Яны асуджаныя за сыстэматычнае вымаганьне і атрыманьне хабару. Суд прызнаў, што маёмасьць бабруйскага прадпрымальніка распрададзеная незаконна. І яму дзяржава павінна кампэнсаваць страты. Аднак гэтае судовае рашэньне не выконваецца.

Кіраўнік зарэгістраванай у Беларусі чарнобыльскай арганізацыі «Дапамога» Валеры Зайцаў прывёў шмат фактаў, калі ў Гомельскай вобласьці сапраўдных ліквідатараў пазбавілі ільгот, а чыноўнікі, якія мелі ўскоснае дачыненьне да Чарнобыльскай катастрофы, такімі ільготамі карыстаюцца. І дамагчыся праўды грамадзкая арганізацыя нідзе ня можа.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Валеры Ціханаў прынёс ксэракопіі ўласнага расьсьледаваньня, якое ён вядзе ўжо 8 гадоў. Ён даказвае, што пры будаўніцтве кватэр у горадзе немалыя грошы абмінаюць дзяржаўную скарбонку і асядаюць у кішэнях чыноўнікаў.

Кандыдат у прэзыдэнты публічна паабяцаў дамагчыся гучнасьці гэтых ды іншых спраў. А таксама заявіў, што ў выпадку перамогі на выбарах зьнішчыць карупцыю. Гэтыя абяцаньні і далі мне падставу спытаць спадара Рымашэўскага, ці не ідзе ён тым жа шляхам, што і Аляксандар Лукашэнка напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў? І ці можна правесьці тут нейкія паралелі?
Лукашэнка казаў, што ён збавіць Беларусь ад карупцыі. Я кажу пра тое, што мы разам пераадолеем карупцыю ў Беларусі. Адзін чалавек ня можа быць збаўцам. Ёсьць толькі адзін збаўца — Ісус Хрыстос.

«Можна сказаць, што гэта лягічны працяг. Лукашэнка казаў, што ён збавіць Беларусь ад карупцыі. Я кажу пра тое, што мы разам пераадолеем карупцыю ў Беларусі. Адзін чалавек ня можа быць збаўцам. Ёсьць толькі адзін збаўца — Ісус Хрыстос.

Зрабіць грамадзтва лепшым, пераадолець карупцыю мы можам толькі супольна. Для гэтага і ўтвараецца гэты камітэт. Для гэтага мы будзем рабіць акцэнт на барацьбу з карупцыяй у кожным канкрэтным рэгіёне. Баранавічы, Лепель, Бабруйск, Калінкавічы — паверце, тут паўсюды комплекс жахлівых праблем. І мы будзем старацца іх вырашыць».

Сярод тых, хто сёньня выступаў на прэсавай канфэрэнцыі, быў і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка. Чаму гэты знакаміты экспэрт працуе менавіта зь Віталём Рымашэўскім?

«Я далучыўся да Віталя чаму? Таму што ў яго аднаго, з усіх кандыдатаў, узьнікла пытаньне па Чарнобыльскай праблеме. І ён па рэгіёнах чарнобыльскіх праехаў. І таму я лічу, што калі ўлічыць яго веру, яго дзелавыя якасьці, Віталь, калі яму дапамагчы, давядзе гэту праблему да канца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG