Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галякост ці “проста забойства” габрэяў?


Старэйшы сябра мой, чые інтэрвію на сайце Свабоды ці “Нашай Нівы” рэдка зьбіраюць менш за сотню камэнтароў, заўсёды раіць не рэагаваць на камэнтары; паколькі гэтак лічыць і жонка, звычайна прытрымліваюся парады.

Аднак гэтым разам мушу зрабіць выключэньне.


Пад маім тэкстам “Яшчэ раз пра Савіцкага”, сярод іншых, выказаліся два аўтары.

У адным Бялькевіч з Зэльвы піша:

“Со всем можно согласиться с господином Наумчиком, кроме того что в школах в прежние годы не упоминалось о том что евреев немцы убивали только потому что они евреи. Об этом говорили и это проходили. И в 60х-, и в 70-х, и в 80-х. И про Освенцим и про Дахау и про Бухенвальд. И про евреев. Может только не называли это Холокостом. Но какое это имеет значение как называть массовое убиство людей из-за их национальной принадлежности. Главное суть , а не название. Скорее всего, господин Наумчик учился в специальной школе (спецшкола) для детей выдающихся партийных деятелей, и в этих школах дабы не беспокоить весьма чувствительных деток гениальных начальников рассказами о газовых печах, было принято решение о страданиях евреев не упоминать”.

У другім камэнтатар Імя -(ім)- Легіён з Вялікай Вільні раіць:

“Вам бы задумацца пра пакуты и генацыд да ўласнага народу з боку Масковіі пачынаючы ад 17ст. Пад якой ідэалагічнай дактрынай ажыцьцяўлялася масавае вынішчэньне вялікалітоўскай нацыі ? А габрэі самі пра сябе парупяцца, сп.Навумчык. А то надта вы ўжо заляцаецеся, заборавазнавец вы наш і плакальшчык.”..

Не магу нічога сказаць пра спэцшколы “для детей выдающихся партийных деятелей” – ад першай да апошняй клясы вучыўся ў самай звычайнай, “пралетарскай” віцебскай школе (гэта можа пацьвердзіць Аляксандар Фядута, які апытаў маіх аднаклясьнікаў на прадмет – ці насамрэч, як гэта сьцьвярджаў А. Лукашэнка, я езьдзіў у школу на чорнай “Волзе”; вынік дасьледваньня – ня езьдзіў, хадзіў пешшу ці на аўтобусе дабіраўся (чуў, што і ўсіх трох сыноў Лукашэнкі сьціпла ня возяць на “Волгах”).

Але, зразумела, ня гэта галоўнае.

У першым камэнтары ключавой думкай, як падаецца, з’яўляецца – “какое это имеет значение как называть массовое убиство людей”; у другім – “яўрэі самі пра сябе парупяцца”.

Пачнем з тэрміналёгіі.

Падаецца, гэта якраз той самы выпадак, калі назоў вызначае сутнасьць. Ня “может”, спадар Бялькевіч, “не называли это Холокостом” – а менавіта што не называлі, ніколі не называлі, і не называлі адмыслова. Канешне, у даведніках пазначалася, што сярод забітых, спаленых, закатаваных павешаных былі і габрэі. Але выглядала гэта ня больш як статыстычная канстатацыя – зьнішчалі і беларусаў, і расейцаў, і украінцаў, і габрэяў, і палякаў...

Сутнасьць генацыду -- вынішчэньне паводле нацыянальнай прыкметы
Між тым, сутнасьць генацыду ( што ў прымяненьні да Другой усясьветнай вайны ва ўсім сьвеце вядома як Галякост) – вынішчэньне паводле нацыянальнай прыкметы. Калі прымітыўна: беларус ці ўкраінец мелі шанцы уратавацца пры сустрэчы з патрулём СС, габрэй – ніякіх.

І вось пра гэта ў савецкай школьнай праграме не было ні слова.

Больш за тое – савецкая гісторыяграфія імкнулася абыйсьці “непажаданую” тэму нават у хрэстаматыйных выпадках. Прыклад – фотаздымак пакараньня сьмерцю ў жніўні 1941 г. трох менскіх падпольшчыкаў, які фігураваў на Нюрэнбэргскім працэсе, зьмяшчаўся ў шмат якіх выданьнях і – заўважце! -- падручніках. Два прозьвішчы называліся –Трус і Шчарбацэвіч. Трэцяя, дзяўчына, пазначалася як “невядомая”, хаця імя яе не было таямніцай: Маша Брускіна (прозьвішча на мэмарыяльнай шыльдзе на месцы павешаньня з’явілася толькі ў 2008 годзе).

Гэта тое, што завецца сьвядомым замоўчваньнем. Гэтак сама ў даведніках і энцыкляпэдыях насупраць імёнаў нават не пажылых, 30 - 40 гадовых пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячоў, пазначалася – “пам.1937.”, “пам.1938”, “пам.1939”... Так вось здарылася – “памёр”.

Па лёгіцы аўтара камэнтару, можна сказаць, што і пра бальшавіцкія рэпрэсіі савецкім школьнікам казалася дастаткова: сапраўды, у падручніках было нешта кшталту пра “скрыўленьне ленінскай лініі” ды “парушэньне нормаў партыйнай дэмакратыі” ў пэрыяд кіраваньня “І.В. Сталіна”. Што, пагадзіцеся, можна зразумець, напрыклад, як карэкцыю ленінскага пляну ГОЭЛРО ці як вызваленьне кіраўнікоў ад неабходнасьці выконваць статут нароўні з шэраговымі членамі партыі.

Але ў той самы час заходнія дасьледчыкі высьвятлялі іншыя вынікі “скрыўленьняў” і “парушэньняў” – колькі было расстраляна ў Савецкім Саюзе пры Сталіне -- паўтары мільёны, 60-70 мільёнаў ці, як сьцьвярджаў Салжаніцын, 110 (сто дзесяць) мільёнаў.

Падаецца, што без усьведамленьня трагедыі Галякосту ня будзе магчымай і аб'ектыўная ацэнка таго, што адбылося і адбываецца з беларускім народам. І ў рэтраспэктыве стагодзьдзяў, і сёньня.

Ня проста парушэньне правоў чалавека, а - этнацыд
Закрыцьцё беларускіх школаў, адсутнасьць беларускамоўных дзіцячых садкоў, перавод тэлебачаньня і радыё на расейскую мову (у выніку шмат хто з сёньняшніх школьнікаў па-просту не разумеюць значэньня беларускіх слоў), выпадкі затрыманьняў ці зьбіцьця міліцыяй апазыцыйных актывістаў толькі за тое, што яны размаўлялі на вуліцы па-беларуску – даюць шмат каму падставы ўжо цяпер назваць ўсё гэта ня проста парушэньнем правоў чалавека, а этнацыдам (па Вікіпэдыі, этнацыд – зьнішчэньне этнічнай альбо нацыянальнай ідэнтычнасьці народа).

Пазыцыя ж “хай беларусы рупяцца пра беларусаў, а габрэі пра габрэяў” не падаецца слушнай, мякка кажучы. У 1990 годзе група дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі БНФ (арганізацыі, якая ставіла на мэце адраджэньне беларускай нацыі, захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці) падпісала ліст з асуджэньнем вандалізму на габрэйскіх могілках. На прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе ў каманду кандыдата ад БНФ Пазьняка (як і ўвогуле ў Народны Фронт) ўваходзілі габрэі. Беларусы рупіліся пра памяць габрэяў, габрэі клапаціліся пра будучыню беларусаў.

Ці, лепш сказаць – і адны, і другія рупіліся пра агульную памяць і агульную будучыню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG