Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякам дазволілі наведваць у шпіталі пацярпелых ад выбуху ў Пінску


У апёкавым цэнтры шпіталя хуткай дапамогі ў Менску надалей застаюцца трое ахвяраў выбуху на прадпрыемстве "Пінскдрэў". Стан пінчукоў па-ранейшаму называюць цяжкім, але сваякам дазволілі наведваць сваіх родных.

У апёкавым цэнтры шпіталя хуткай дапамогі цяпер знаходзяцца Натальля Гладун, Віталь Пілевіч і Міхаіл Касьян. У свой час траўмаваных пінчукоў лекары не адважыліся пакінуць у Берасьці і перанакіравалі ў Менск. Як пацярпелыя пачуваюць сябе сёньня, загадчык апёкавага цэнтру Ўладзімер Цімафеевіч паведаміць адмаўляецца:

"На сёньня я ня маю права даваць інфармацыю пра ніводнага хворага, акрамя як непасрэдна падчас сустрэчы з роднымі і сваякамі хворых".

У сям'і адной з пацярпелых, Натальлі Гладун — дзьве дачкі-студэнткі, якія вучацца ў менскіх ВНУ і гэтымі днямі наведваюць маці, каб дапамагчы ёй у шпіталі. Пра гэта паведаміў муж Натальлі Сяргей Гладун, які адмовіўся гаварыць пра стан здароўя жонкі:

"У яе даволі нармальны стан, але выпішацца са шпіталя — і тады няхай сама вырашае, распавядаць пра гэта ці не. Я кожную суботу-нядзелю там бываю — пытаньняў няма — і там дзеці штодня заходзяць і дапамагаюць. Дапамога ад заводу таксама ёсьць: першапачатковая выплата была, і зараз абяцаюць з дня на дзень пералічыць грошы. Будзем лічыць, што ўсё добра".

Побач з сынам Міхаілам зараз знаходзіцца і Сьвятлана Станіславаўна Касьян. Яе муж, бацька пацярпелага Міхаіл Іванавіч Касьян паведаміў, што яшчэ ў чацьвер сына перавялі з рэанімацыі ў агульную палату. На зьмену жонцы неўзабаве ў Менск паедзе нявестка, бо стан сына мэдыкі па-ранейшаму вызначаюць як цяжкі, кажа Міхаіл Іванавіч:

"Ягоны стан стабільна цяжкі, але сына перавялі ў агульную палату. Калі гэта здарылася, ён знаходзіўся на працэсе шліфаваньня, быў у кабіне за пультам. Калі пачалі плавіцца вокны, то пасьпеў выскачыць з кабіны".

Карэспандэнтка: "Ці дапамагла сям'і сына адміністрацыя прадпрыемства або, магчыма, гарадзкая?"

"Як паказваюць па тэлевізары, дык так, дапамагаюць".

Карэспандэнтка: "А што вы пра гэта ведаеце?"

"Я ведаю, што першыя тры мільёны пералічылі. А тое, што абяцалі яшчэ 50, то пра іх нічога ня ведаю. А яшчэ ж пакуль дамагліся, каб прадпрыемства аплачвала гатэль. Зараз аплачвае, а раней плацілі самі. Дзе, хто і як у тыя першыя дні знаходзіўся — невядома".

Як паведаміў сваёй сям'і — жонцы і 8-гадовай дачцэ — Міхаіл Іванавіч Касьян, са шпіталя ён выйдзе не раней за новы год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG