Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ты ідзеш на выбары? Выбары, турыбары, парабары, мурыбары...


Апошні агляд быў прысьвечаны справам нетутэйшым, фантастычным, на ўзроўні марсіянскіх хронікаў, адначасова залішне сур'ёзным і цяжка засваяльным - ажно да нястраўнасьці мозгу. Таму, дзеля раўнавагі ў прыродзе, цяперашні агляд варта прысьвяціць тэмам выключна мясцовым, рэалістычным і лёгкім. Балазе, апошнім часам беларуская блогасфэра жыве пад знакам камічнага. Калі б у мяне было трохі болей веры ў сьветлую будучыню, я б сказаў, што беларусы, сьмеючыся, разьвітваюцца з сваім мінулым. Праблема ў тым, што мінулае разьвітвацца з намі пакуль што не зьбіраецца. Як сьцьвярджае адзін аналітык у падзамочным запісе, натхніўшыся навіной пра абяцаныя ЭЗ дармовыя 3 мільярды эўра для Лукашэнкі за яго ж перавыбраньне: «Заўжды казаў: мы яшчэ ўбачым яго ў смокінгу і матыльку на прыёме ў брытанскай каралевы». Ня ведаю, як там наконт прыёму ў брытанскай каралевы, але шанец убачыць нашае вечнае мінулае ў сямнаццаты раз на экране тэлевізараў з навагоднім зваротам у ноч з 31-га сьнежня на 1-ае студзеня вельмі высокі. Тым ня менш, будзем аптымістычнымі. Што яшчэ застаецца.



(Зьмешчана ў суполцы by_demotivators)

ВЫБАРЫ-ДУРЫБАРЫ: БРСМ АГІТУЕ ЗА БАЙКОТ?


У вядомай расейскай камэдыйнай кінастужцы «Дзень выбараў» быў такі дыялёг:

«(гучыць песьня ў выкананьні групы "Ленінград"): "Выбары, выбары, кандыдаты - пі***ы!"
- А што, іншай рыфмы да гэтага слова няма?
- Не».


Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі даказаў, што такая рыфма ўсё-ткі ёсьць, і не адна! У сеціве зьявіўся ролік пад назвай «Я іду на выбары! (Флэш-моб ад БРСМ)» і праз суполку by_trash, куды яго прынёс k_atamanchik, разьляцеўся па блогах, даляцеўшы нават да расейскай суполкі potstreotizm, дзе яго таксама ацанілі належным чынам. Ацаніце цяпер і вы:



Дыялёг з гэтага роліку ўжо ўвайшоў у аналы:

«- Ты ідзеш на вабыры?
- Што такое выбары?
- Выбары - турыбары, парабары, мурыбары!
- Парабары-мурыбары? Я іду на выбары!»


«- А ты ідзеш на ...? - Іду, іду. І ўсе мае сябры, і сваякі, і ўсе-ўсе 19 сьнежня пойдуць на ...!», - разьвівае тэму mary_shellys.

«Датэрміновыя дурыбары, элегантныя мурыбары...»
, - асвойвае новыя рыфмы на практыцы valesszander.

«Мне здаецца, БРСМ штосьці не дагаворвае :))»
, - падазрае micolik.

Вось і мне таксама падалося, што БРСМ наважыўся на ідэалягічную дывэрсію і эзопавай мовай агітуе за байкот. Не падазраваць жа гэтых дарослых ужо дзядзяў і цёцяў (сваю былую аднагрупніцу, цяпер шаноўную маці сямейства заўважыла ў роліку lenk0yan) у тым, што яны зьдзяцінелі, ці зьехалі з глузду.

«АПОШНЯЯ ВОСЕНЬ» ДЛЯ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Увогуле, дзіўныя рэчы адбываюцца ў нашай дзяржаве. Усё зьмяшалася ў доме і перавярнулася дагары нагамі. Пакуль БРСМ агітуе за байкот, неабыякавы маладзён з Салігорску Павал Батуеў, вядомы ў блогасфэры пад мянушкай insurhent, імкнецца праз афіцыйныя СМІ павіншаваць Аляксандра Лукашэнку добрай песьняй і выказаць сваю ўдзячнасьць, а яму перашкаджаюць гэта зрабіць! У Паўла ўсе хады запісаныя, усё задакумэнтавана, таму можна спадзявацца, што вінаватыя ў сабатажы будуць пакараныя.

Сьпярша неабыякавы маладзён патэлефанаваў на Салігорскі Тэлевізійны Канал і папрасіў павіншаваць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку са сьвятам Вялікай Кастрычніцкай Рэвалюцыі песьняй расейскай групы ДДТ «У апошнюю восень». Аднак прыёмшчыца віншаваньняў адмовіла яму на той падставе, што ён тэлефануе ня з хатняга, а з мабільнага тэлефона. І наогул у іх, маўляў, няма песьні «Апошняя восень», ёсьць толькі проста «Восень», не апошняя. Паколькі маладзён настойваў менавіта на апошняй восені, яму прапанавалі прыехаць непасрэдна ў офіс і пагутарыць. З галоўным рэдактарам.



Павал не спалохаўся цяжкасьцяў, вырашыў не адступацца ад задуманага і наведаў офіс СТК. Галоўны рэдактар знаходзіўся ў камандзіроўцы, таму з Паўлам размаўляла ягоная намесьніца. Як адзначае блогер, «прыемная, сымпатычная і надзвычай ветлівая жанчына». Нягледзячы на прыемнасьць, яна таксама адмовілася прыняць віншаваньне ў Паўла. Аргумэнтуючы адмову тым, што ў яго... няма аўтарскіх правоў на выкарастаньне песьні «Апошняя восень». Але ён не разгубіўся і, абраўшы іншую песьню з штодзённага рэпертуару СТК, узяў блянк і напісаў віншаваньне:

«Дорогих Александра и Коленьку Лукашенко поздравляю с государственным праздником Республики Беларусь Днём Великой Социалистической Революции! Желаю вам здоровья и долгих лет мудрого управления нашей стабильно процветающей страной!»

Гэтым разам абранай для віншаваньня песьняй стала песьня «My Immortal» («Мой бесьсьмяротны») гурта Evanescence. І што вы думаеце? У яго адмовіліся прымаць блянк! У сувязі з чым ён пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапановаў з патрабаваньнем пісьмова патлумачыць матывы адмовы. А ў размове пацікавіўся «ці ня выклікана яна асабістай антыпатыяй да Прэзыдэнта». Намесьніца рэдактара не адказала.

Страціўшы надзею дамагчыся жаданага ў адзіночку, Павал пры дапамозе блогера ljoksa запісаў відэзварот да беларускіх грамадзянаў, заклікаючы іх «праявіць грамадзкую сьвядомасьць» - павіншаваць сёмага лістапада прэзыдэнта і выказаць яму падзяку «за моцную і квітнеючую Беларусь, за высачайшы уравень і прыгожае мастацтва, за харчпрам, спорт і праграму адраджэньня вёскі, за Дажынкі і флікеры»:



Няпраўда, быццам у сеціве атабарыліся адныя «адмарозкі». Ініцыятыва спадара Батуева была радасна сустрэтая і падхопленая беларускімі блогерамі. Хаця калі dolka777 у суполцы by_politics прапанавала «згадаць усё добрае і знамянальнае, што было зроблена Аляксандрам Рыгоравічам» у сувязі з тым, што «сканчаецца тэрмін кіраваньня ўнікальнай асобы ў сусьветнай палітыцы», адзін толькі veter_r_r знайшоўся, што сказаць па справе:

«Ніводнае беларускае судна за гады кіраваньня Аляксандра Рыгоравіча не было захопленае самалійскімі піратамі! Хіба гэта ня прыклад мудрай і дальнабачнай палітыкі Прэзыдэнта?»


Не забудзьцеся згадаць і гэта таксама, калі будзеце яго віншаваць 7 лістапада.

ПРЭЗЫДЭНТ СЫХОДЗІЦЬ І ВЯРТАЕЦЦА


Але 7-ае лістапада - такі дзень, калі ўсё можа здарыцца. Хоць ваенны пераварот у Расеі, хоць... Блогер mojo_fm прапанаваў альтэрнатыўны сцэнар разьвіцьця палітычных падзеяў у Беларусі:

«Дапусьцім, 7 лістапада прэзыдэнт зьбірае прэсуху і ў прамым эфіры заяўляе нешта кшталту "я стаміўся. я жадаю сысьці. надакучыла мне гэта ўсё, пайду забяру дакументы з ЦВК і займуся выхаваньнем сына. а вы тут самі без мяне". Устае, сыходзіць, трымаючы за руку Колю.

Ну, увечары ўсе бары перапоўненыя, Менск радуецца. а ў правінцыі, вядома, паніка, таму што ніхто ж ня ведае, як бульбачку перабіраць цяпер. Апазыцыя, натуральна, тут жа пачынае мачыць адзін аднаго. З усіх сілаў.

8 лістапада тэлебачаньне паведамляе пра 100 выпадкаў самагубстваў у адным толькі Валожынскім раёне.
9 лістапада - рэзка валяцца ўдоі кароваў у Гомельскай вобласьці.
10 лістапада - арганізаваны хросны ход з Магілёва ў Менск з чалабітнай гаспадару.
11 лістапада - Брэсцкая крэпасьць міраточыць у прамым эфіры крывёй праваслаўных немаўлятаў.
12 лістапада - тэхнагенная катастрофа: цягнік Масква-Прага ўразаецца ў электрычку Менск-Асіповічы. 121 загінулы. Прычым усе супрацоўнікі ФСБ з Масквы.
13 лістапада - перасыхае Менскае мора.
14 лістапада - людзі ўжо ля экранаў з раніцы застылі ў чаканьні якая ж яшчэ дрэнь адбудзецца гэтым разам. І тут зьяўляецца Папаколі з сумным тварам і кажа: не, ну вы самі бачыце, што адбываецца. І як жа вы тут безь мяне? Не, не магу вас кінуць. Пайду на выбары.
Катарсіс! Ну і
15 лістапада - пад Пінскам знаходзяць нафтавае радовішча сумарнай ёмістасьцю з палову ўсіх вэнэсуэльскіх запасаў. Каровы ў Віцебскай вобласьці даюць за дзень 210 літраў малака кожная. Прычым адразу пастэрызаванага. Пад Мазыром знаходзяць кімбэрлітавую трубку ў залатой жыле. Нацыя радуецца».


"Тут вам не чачэнія, тут фашызм ня пройдзе"


Ды што мы ўсё пра Лукашэнку, нібыта на ім сьвет клінам сышоўся. Трэба згадаць іншых кандыдатаў таксама, у нас жа якія-ніякія, а выбары. Ньюзмэйкерам тыдня ў беларускай блогасфэры, заняўшы месца прыгаслага Ўладзімера Някляева, стаў Андрэй Саньнікаў пасьля нападу на яго «ультранацыяналістаў» падчас шэсьця ў Курапаты. Шакавальныя кадры нападу зафіксаваныя на відэа:



Распавядае відавочца на сайце «Хартыі»:

«Быў сьведкам гэтай нахабнай правакацыі!! Саньнікаў ішоў наперадзе. І тут падляцелі гэтыя правакатары. Перагарам за метр нясе, усе па-беларуску гавораць. Пачалі абражаць усіх, у каго былі эўрапейскія сьцягі. На шчасьце, нармальныя, дужыя хлопцы з аховы паставілі іх на месца. Крый божа, каб гэтыя фашысты дарваліся калі-небудзь да ўлады!!! У параўнаньні зь імі ўлада Лукі падасца проста казкай у раі!»

Яшчэ адзін звышэмацыйны камэнтар да кучы адтуль жа:

«Тут вам не Чачэнія, тут фашызм ня пройдзе! Напэўна, на паўлітру ім далі, каб яны на САПРАЎДНАГА ПАТРЫЁТА АЙЧЫНЫ кідаліся як сабакі! Пазьняк гэты зусім прадаўся. Амэрыка грошы перастала даваць, дык ён, падобна, цяпер грошы атрымлівае ад Вусатага, каб ягоныя шаўкі сапраўдных лідэраў зьбівалі на плошчы! Ганьбішча, адным словам».

Не засталіся ўбаку ад бяды, у якую трапіў сапраўдны патрыёт айчыны, і калегі па палітычнай дзейнасьці. Гэтак, teamzapraudu зрабіла заяву:

«Мы ўпэўненыя, што спадар Саньнікаў праявіць сваю натуру нязломнага і бясстрашнага байца, і ня збочыць з абранага шляху. У выпадку ўзьнікненьня паўторнай небясьпекі для фізічнага ці псыхічнага здароўя кандыдата мы гатовыя вылучыць групу падтрымкі, якая дапаможа абараніць яго ад падобных бясчынстваў ягоных супернікаў».


«У гэтых ультранацыяналістаў нічога сьвятога няма», - абурыўся zhelezko.

«Я б адразу ў ААН скаргу падаваў», - параіў hurnievic.

«Трэба ствараць ахоўныя атрады», - радыкальна падыйшоў да праблемы b0rmann.

Не разабраўшыся што да чаго і падумаўшы, як быццам супраць яго насамрэч паднялася хваля народнага абурэньня, герой «нападу», які вядзе блог пад мянушкай decabrista, пачаў апраўдвацца, распавядаць, як яно ўсё было на самой справе і ўпарта не разумеў іроніі. Аказаўшыся ня менш сур'ёзным хлопцам, чым працытаваныя вышэй камэнтатары «Хартыі».

«У вас камэнты супярэчлівыя - то я ультранацыяналіст, які нос зламаў сане... то я малайчына...», - напісаў ён блогеру zhelezko.

А той, як нічога ніякага, працягваў пакепліваць:

«Справа ў тым, што сытуацыя даволі супярэчлівая. З аднаго боку, ты відавочна няправы, што ў такі складаны для краіны час стварыў непасрэдную пагрозу жыцьцю і здароўю Лідара апазыцыі. З другога боку, я цябе выдатна разумею — маладосьць, жаданьне дзейнічаць, боль і адчай, калі ты глядзіш на тое, што адбываецца. І таму я прапаноўваю табе сваю дапамагу, хачу дапамагчы табе разабрацца ў сабе і не рабіць надалей неабдуманых учынкаў».


Уладзіслаў Ахроменка у сувязі з усімі гэтымі падзеямі згадаў цікавую гісторыю з канца мінулага стагодзьдзя - пра тое, як сябры РНЕ аднойчы зьбілі ў падземным пераходзе на ст. мэтро «Плошча Перамогі» Андрэя Саньнікава і праз колькі дзён спрабавалі зрабіць тое самае з Анатолем Сысам. Але якое там! Сыс нападнікаў разагнаў, аднаму зламаўшы сківіцу, а яшчэ аднаго ўзяўшы ў палон. Прывёз яго да сябе і ўчыніў над ім страшэнны зьдзек, тую самую «гвалтоўную беларусізацыю», якой пужаюць дзяцей:

«Калі вы думаеце, што Толя Сыс таго фашысцёнка лупіў па дупе пяцітомнікам Караткевіча, тапіў ва ўнітазе, прымушаў сьпяваць “Магутны Божа” – вы моцна памыляецеся. Толік загадаў фашысьцёнку піць нароўні з сабой. Тры дні запар. Ад рана і да рана. Тыя, хто ведалі пры жыцьці Сыса, зразумеюць, пра што я. Праз тры дні рускі нацыст ЗАГАВАРЫЎ ПА-БЕЛАРУСКУ!»

НЯ ЛЕЗЬ ПАПЯРОД БАЦЬКІ!


Надамо ўвагу яшчэ аднаму кандыдату, улюбёнцу блогера Ліпковіча, які ў гэты цяжкі для краіны час песьціцца ў Ізраілі. Не кандыдат песьціцца, а Ліпковіч. А кандыдата, калі верыць блогеру ruh_u_hrodna, чакае бясслаўны канец - ён будзе зьняты з дыстанцыі.

«Упэўненасьць нашая грунтуецца на простым назіраньні, як бы выглядаў парадак размяшчэньня прозьвішчаў кандыдатаў у бюлетэні для галасаваньня з Рыгорам Кастусёвым. Традыцыйна ў алфавітным парадку:

1. Кастусёў Рыгор
2. Лукашэнка Аляксандр
3. Міхалевіч Аляксей
4. Някляеў Уладзімер
5. Правальскі Уладзімер
6. Раманчук Яраслаў
7. Рымашэўскі Віталь
8. Саньнікаў Андрэй
9. Статкевіч Мікалай
10. Ус Дзьмітры
11. Цярэшчанка Віктар

Лёгка ўявіць, якім будзе бюлетэнь без Рыгора Кастусёва. Наўрадці Лукашэнка і тыя, хто вядзе яго кампанію, адмовяцца ад месца №1 у выбарчым бюлетэні».


«ГЭТА АДПАВЯДАЕ НАШАМУ ЎЯЎЛЕНЬНЮ...»


Цікавую знаходку прадставіў увазе чытачоў блогер sergechaly:



Гэта бюлетэнь для галасаваньня на рэфэрэндуме наконт аншлюсу Аўстрыі. «Спэцыяльна для Цэнтравыбаркаму. Вучыцеся, як трэба бюлетэні для галасаваньня рабіць», - дадае блогер.

«Сыгралі ня толькі на памеры графаў, але і на іх размяшчэньні. Уяўляю, як цяжка было паставіць птушку за Nein, - выбарнік павінен быў адчуць сябе адасобленым, адсунутым на край, далей ад уяўнай большасьці», - адрэагаваў ihrachyshka.

Зрэшты, гэтыя кругі ўдзёўбваюцца ў сьвядомасьць беларусаў увесь час іншымі сродкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG