Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё як у людзей: на «Лістапад» — па чырвонай дарожцы


Шлях да ўваходу ў Палац Рэспублікі арганізатары засьцеляць чырвонай дывановай дарожкай
Шлях да ўваходу ў Палац Рэспублікі арганізатары засьцеляць чырвонай дывановай дарожкай
5 лістапада ў Менску стартуе XVII міжнародны кінафэстываль «Лiстапад-2010». Нягледзячы на працяглую гісторыю імпрэзы, толькі сёлета ўпершыню ўдзельнікі імпрэзы, рэжысэры, акторы, сябры журы, змогуць адчуць сваю прафэсійную абранасьць: шлях да ўваходу ў Палац Рэспублікі арганізатары засьцеляць чырвонай дывановай дарожкай. Ці будзе навацыя кульмінацыяй усяго фэстывалю?

Цырымонія адкрыцьця «Лістападу» ў Палацы Рэспублікі пачнецца зь перадачы ўлады: нязьменны кіраўнік фэстывалю, народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі дэлегуе свае паўнамоцтвы заслужанаму артысту Беларусі і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Генадзю Давыдзьку. Гэта спадар Янкоўскі пацьвердзіў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Буду яшчэ сёньня старшыня, заўтра буду, але паўнамоцтвы сапраўды здаю. То бок, перадаю свае пазыцыі іншаму вядоўцу. Шкада ці не? Цяжка сказаць. Усё ж 16 гадоў я і Сьцяпанава, выдатнейшы дырэктар, гэтым займаліся. Але смутак мой сьветлы, як кажуць. Перадаю справу добраму хлапцу, ён 15 гадоў быў вядучым гэтага фэстывалю і добра яго ведае. Ён сам рэжысэр, заслужаны артыст, дэпутат Нацыянальнага сходу. Але справа ня ў гэтым, ён вельмі актыўны, цікавы чалавек у гэтых адносінах. Паглядзім, як усё задасца. Бо цяпер важна, якая ў яго будзе дырэкцыя, а гэта цяжка прадбачыць. Ён набраў новую дырэкцыю, ад якой вельмі шмат што залежыць. Грошы, дапусьцім, ёсьць, але іх разьмеркаваньне — справа сур’ёзная. Зноў жа, рэжысура, іншыя рэчы. Таму я рыхтуюся, што прадстаўлю людзям, гледачам новага старшыню і пажадаю ўсяго добрага. Але я ўсё адно застаюся ганаровым старшынём. Не вясельным генэралам, бо ганаровы старшыня таксама ўплывае на фэстываль і парадай, і поглядам, і ўсім астатнім».

Дзяржаўная апека «Лістапада» адчуваецца ва ўсім, пра што сьведчыць і пералік адказных за яго правядзеньне: Савет міністраў, МЗС, Міністэрства культуры, Менгарвыканкам, кінастудыя «Беларусьфільм», Нацыянальная тэлерадыёкампанія, Парлямэнцкі сход саюзу Расеі і Беларусі і г.д. Два спэцыяльныя прызы, заснаваныя ад імя Аляксандра Лукашэнкі: «За захаваньне і разьвіцьцё традыцый духоўнасьці ў кінамастацтве» і «За гуманізм і духоўнасьць у кіно».

Удзельнікам і гасьцям у першы ж дзень пакажуць чарговы ваенны блёкбастэр, беларуска-расейскую «патрыятычную драму» «Брэсцкая крэпасьць». Як лічыць вядомы кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, такая вузкая спэцыялізацыя сьведчыць толькі на адно: пасьля распаду СССР Беларусь так і ня здолела пераарыентавацца ў кінэматаграфічнай прасторы, дагэтуль не акрыяўшы ад падараванай лёсам самастойнасьці:

Усё як у людзей: на «Лістапад» — па чырвонай дарожцы.
«І вось гэта тэндэнцыя, гэты развал як пачаўся, так ён і працягваецца дагэтуль. Хоць таксама ўва ўсім гэтым ёсьць вельмі шмат звышаб’ектыўнага. То бок, аб’ектыўнасьць, увесь гэты распад і Савецкага Саюзу, і сувэрэнізацыя — усё прывяло да таго, што на доўгія гады стала як бы не да культуры. У кіно — буду звужаць да вядомай мне сфэры — гэта таксама адбілася самым катастрафічным чынам. Зрэшты, гэта тычыцца практычна ўсіх краінаў былога Саюзу, якія апынуліся на раздарожжы, пацярпеўшы калясальную маральную паразу. Мала хто падняўся ўвогуле. Нават вялікая Ўкраіна, і тое там амаль што на ладан усё дыхае (хоць паступова справа неяк усё ж адраджаецца). А куды меншыя ўтварэньні, краіны Прыбалтыкі, Беларусь, — дык па-ранейшаму цемра праблемаў. Але што тычыцца Беларусі, то я перакананы: усё роўна можна было б вельмі многае захаваць».

Нават на такіх другарадных фэстывалях як «Лістапад», дзе звышмайстэрства ні ад каго не патрабуецца, беларускія кінэматаграфісты за 16 гадоў так ані разу і не адзначыліся. «Срэбра» ў 2001 годзе атрымала стужка «Павадыр» Аляксандра Яфрэмава, а ў 2003-м і 2006-м былі дзьве «бронзы» — за «Анастасію Слуцкую» Юрыя Ялхова і «Я памятаю» Сяргея Сычова. На юбілейным XV фэстывалі спэцыяльным дыплёмам глядацкага журы была адзначаная праца рэжысэра Івана Паўлава «На сьпіне ў чорнага ката». Але, як кажуць крытыкі, перадусім за тое, што там зьнялася ўнучка Лукашэнкі.

Кінарэжысэр Валер Рыбараў канстатуе, што стан сучаснага беларускага кінэматографа — крытычны. Лепшыя кадры сышлі з нацыянальнай кінастудыі, не знайшоўшы паразуменьня і запатрабаванасьці, а працягнуць магутныя традыцыі беларускай кінашколы адміністрацыя «Беларусьфіліму» з розных прычынаў ня можа:

Усё вызначае майстэрства… Адкуль яно народзіцца тут?
«Ведаеце, я б так сказаў: у нас цяпер студыя студэнцкага фільму. Вось і ўсё. Разьехаліся, сышлі многія. А галоўнае, няма мастацкага кіраўніцтва. Бо дырэктар кінастудыі, які б ён ня быў добры ў розных сваіх якасьцях (можа ён цудоўны мэнэджэр, гэта трэба яшчэ ацаніць), але калі мы чуем, што хутка зь нябёсаў „Оскары“ пасыплюцца, ці тое, што крызіс прайшоў, і ў нас зьявілася цудоўнае кіно, то гэта, на маю думку, проста форма піяру. Несур’ёзныя выказваньні. Прынамсі, я ня бачу працэсу, які быў бы відавочны, і каб нешта паляпшалася. Усё вызначае майстэрства. І тут процьма пытаньняў: па-першае, адкуль яно народзіцца тут? Па-другое, зноў жа, няма школы. Па-трэцяе, няма мастацкага кіраўніцтва. І пра гэта ня толькі мы гаворым, пра гэта больш-менш выказваюцца людзі, якія тут зьяўляюцца. Яны ў жаху».

Аднак сёлета арганізатары фэстывалю спадзяюцца на якасны прарыў. Ці ня ўпершыню з канвэеру «Беларусьфільму» сышоў містычны трылер. Стужка Андрэя Кудзіненкі «Масакра» анансуецца ў арыгінальным жанры — «бульба-хорар». У аснову сюжэту пакладзеная «грымучая сумесь» з навэлы Праспэра Мэрымэ «Локіс» пра мядзьведзя-пярэваратня і паганскія старажытнабеларускія легенды. Стваральнікі фільма, каб не сурочыць, шанцы на посьпех загадзя не ацэньваюць.

Між тым, па інэрцыі «Лістапад» так і застаецца яшчэ адной пляцоўкай для расейскай кінаіндустрыі. Сярод анансаваных зорак — Людміла Гурчанка, Аляксандар Міхайлаў, Барыс Няўзораў, Уладзімер Сіманаў ды іншыя. Гэтым разам збольшага аднастайны склад удалося разбавіць грузінскім дэсантам: на тле пацяпленьня адносінаў Менску і Тбілісі прыляцелі ганаровыя госьці — Вахтанг Кікабідзэ і Нані Брэгвадзэ. Зрэшты, абяцаюць арганізатары і неспадзяванкі — сёньня паведамлена, што адкрыюць фэстываль вядомая італьянская актрыса Арнэла Муці і сэрбскі кінарэжысёр Эмір Кустурыца.

Пакуль яшчэ далучаны да «лістападаўскай» кухні Расьціслаў Янкоўскі спадзяецца, што гэтым разам атмасфэра сьвята будзе цалкам рэальнай:

«Паглядзім, як ён пройдзе. Але ўпершыню ў нас будзе чырвоная дарожка, дагэтуль яе на дварэ не было. Чаму не практыкавалі? Таму што ніколі з упэўненасьцю ня скажаш, якое будзе надвор’е. Калі бруд, мокра, то навошта лішні раз рызыкаваць? Зараз нібыта нармальна, але дай Божа, каб і заўтра было гэтак жа добра. Гэта ўсё будзе асьвятляцца пражэктарамі, там будзе аркестар, відавочна. Пройдзе вялікая колькасьць актораў — і запрошаных, і з далёкага замежжа, і нашых. Ну, і само адкрыцьцё — таксама вельмі ўрачысты момант. Мне хочацца, каб гэта было сьвятам, дакладней, заўсёды гэтага хацелася. Я лічыў, што фэстываль — гэта ня толькі праца. Карціны, прагляды, ацэнкі — так, гэта цудоўна. Але яшчэ важна адкрыцьцё і закрыцьцё імпрэзы, бо гэта сапраўднае сьвята. Ну, і таксама сустрэчы, гала-канцэрты ды мноства іншых мерапрыемстваў, якія пройдуць у рамках фэстывалю».

Адметнасьцю «Лістапада» будзе і тое, што пераможцаў у намінацыях вызначыць прафэсійнае журы, а не гледачы, як гэта было ў папярэднія гады. Навацыі аргумэнтаваныя тым, што гледачы фізычна ня ў стане паглядзець усе конкурсныя фільмы. У лепшым выпадку патрапляюць праглядзець траціну ад усяго рэпэртуару, што не дае падставаў казаць пра аб’ектыўнасьць галасаваньня. А вось прафэсійнае журы па доўгу службы мусіць пабачыць усе конкурсныя стужкі. Дарэчы, старшынём Міжнароднага журы асноўнага конкурсу будзе літоўскі рэжысэр Шарунас Бартас.

Выбіраць лепшага давядзецца з наступнага сьпісу:


  • «Масакра» Андрэя Кудзіненкі (Беларусь)
  • «Шчасьце маё» Сяргея Лазьніцы (Украіна)
  • «Сьвяты Георгій забівае дракона» Срджана Драгоевіча (Сэрбія)
  • «Усходнія п’есы» Камена Калева (Баўгарыя)
  • «Прагульшчыкі» Левана Кагуашвілі (Грузія)
  • «Адрыена Пал» Агнеш Кочыш (Вугоршчына)
  • «Сьвет-аке» Актан Кубат (Кыргызтан)
  • «Рэвэрс» Борыса Ланкаша (Польшча)
  • «Аўрора» Крысьці Пую (Румынія)
  • «Зваротны рух» Андрэя Стампкоўскага (Расея)
  • «Другое неба» Дзьмітрыя Мамулі (Расея)
  • «Перамір’е» Сьвятланы Праскурынай (Расея).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG