Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэманы мінулага Сьвятой Волі


Сьвятая Воля. Івацэвіцкі раён
Сьвятая Воля. Івацэвіцкі раён

Неяк дзіўна прачытаць на дарожным стэндзе такое словазлучэньне, як «СПК Сьвятая Воля». Дзякуй Богу, што ўжо не калгас «Сьвятавольскі». Знаходзіцца гэтая вёска на дарозе, што злучае Івацэвічы зь Пінскам. І перш-наперш уражвае сваёй царквой. Храм са зграбнаю званіцай незвычайна вялікі для адносна невялікага паселішча. Пабудаваны храм у 1992-м годзе на месцы спарахнелай драўлянай цэркаўкі, ад якой не засталося і сьледу.


Каля самай царквы жыве найстарэйшы сьвятавольскі жыхар Міхась Парамонавіч Каланчук. Праз год старому грукне 90 гадоў. Але назваць яго глыбокім старым не паварочваецца язык. Настолькі ён жывы ў міміцы, у рухах, у голасе.


Міхась: «Тут насельніцтва мора было. Яўрэяў было 400 зь лішнім душ. Толькі яўрэяў. Шаўцы, цесьляры, што хочаш зробяць. Тут буйны лесапільны завод быў. Яўрэі хадзілі сюды на работу і беларусы. Усе разам. Тут вялікая гміна была. Целяханы, Сьвятая Воля і Лагішын. Тры кірмашы ў такіх вёсках разьмяшчаліся. У годзе тры кірмашы. Вывозілі скаціну прадаваць. Прыяжджалі гандляры з Польшчы. Як накупляюць. Асабліва з Варшавы прыяжджалі».

Карэспандэнт: «А слодычы прадавалі?»

Міхась: «Прадавалі. Баранкі, цукеркі. Конікі розныя каляровыя».

Карэспандэнт: «А калі прыйшлі саветы?»

Міхась: «Тут вясёла было! Далей няма куды! Адкрыта ідзі ў клюб. Ня трэба плаціць. Бо раней плацілі. А то ідзі ў кіно!»

Карэспандэнт: «Кіно, весела. А людзей забіраць?»

Міхась: «А гэта ўжо ў саракавым. Вывозілі лесьнікоў. Польскіх асаднікаў. Іх многа тут было».

Карэспандэнт: «Ім людзі спачувалі?»

Міхась: «Шкада. Прывезьлі ў саракаградусны мароз. На двары іх выкінулі. Зь дзецьмі. На вагоннай пляцоўцы. Пагрузілі і павезьлі. Я нават суправаджаў. На гэтай калейцы ўжо тады працаваў. Прыйшлося нам… Сьнежная была зіма. Дык мы выскокваем, сьнег расчысьцім і далей. Завезьлі ў Івацэвічы, павыгружалі, і ўсё. Гэта глупасьць была».

Карэспандэнт: «А як яны сябе паводзілі?»

Міхась: «Плакалі і маўчалі».

Карэспандэнт: «А ў вас ёсьць адчуваньне, што гэта грэх?»

Міхась: «Ніякага граху ніхто не прадстаўляў. Не. Можа, якія, хто ў гэту рэлігію ўкаранёны… Можа. А так — не. Ну, вывозяць і вывозяць. А куды вывозяць? Ніхто нічога ня ведаў».

Вось табе і вясёлы дзядуля. Не, я зусім не хачу павесіць на старога грахі савецкіх катаў. Проста лішні раз, гутарачы ня проста са сьведкам тых падзей, а зь непасрэдным удзельнікам, уражваюся, наколькі гэтае пекла было нядаўна. Памятае стары і Другую ўсясьветную.

Карэспандэнт: «А ці шмат людзей тады пайшло ў паліцыю?»

Міхась: «Са Сьвятой Волі, можа, чалавек пяць, восем. А ў асноўным зь іншых вёсак сюды сьцягвалі. Таму, што тут мястэчка было. Тут гарнізон быў. Іх было чалавек дваццаць, паліцаяў».

Карэспандэнт: «А што гэта былі за людзі?»

Міхась: «Каму цікава зброю ўзяць, пастраляць. Вось такая справа. Такія былі. А ў асноўным такія, па-сёньняшняму кажучы, бамжы».

Карэспандэнт: «Калі сёньня прыйдуць фашысты, то ў паліцыю пойдуць бамжы».

Міхась: «Так. Такія былі насамрэч».

Мяне зацікавіла тэма мясцовай чыгункі. Штосьці я не заўважаў тут ніякіх пераездаў. Але, аказваецца, у Сьвятой Волі ёсьць нават свой вакзал. Праўда, бяз рэек і шпал. Вакзальны будынак даўно ператварыўся ў жылы дом. А рэйкі вузкакалейнай чыгункі разабралі.

Міхась: «Так. Чыгуначка была. Да Целяхан і на Бабровічы, да возера. Нават пасажырскі цягнік быў. Вагончыкі такія маленькія».

Карэспандэнт: «Не шкада яе? Гэта ж цэлы атракцыён сёньня быў бы».

Міхась: «Вы ж бачыце. Моладзі няма. Такая сыстэма пайшла жыцьця, што…»

Карэспандэнт: «Зьбегла ўся моладзь?»

Міхась: «Так. Вось у мяне чатыры сыны. І ўсе ў Менску. Так і ў другіх, і ў трэціх…»

Моладзь, якая ня зьехала, я знайшоў, вядома, каля крамы. Некалькі мужычкоў з гарушчымі вачыма прапаноўвалі праежджым купіць грыбочкі.


Мужык: «Толькі зь лесу. Перакіньце што на віно».

Карэспандэнт: «А што вы грыбочкамі займаецеся? Што тут, работы няма, у Сьвятой Волі?»

Мужык: «А вось вынесем. Мо хто і забярэ, перакіне што-небудзь. Мы робім. Ня кожны ж дзень прыходзім. Зараз жа стабільна пачалі плаціць. 500 палучыш. Дайце хоць аднаго рубліка. Бярыце два пакеты».

Як высьветлілася, тая чыгунка была разабраная ня столькі дзяржавай, колькі вось такімі мужычкамі. На павеці.

Мужык: «На балкі, на сараі. Я сам рабіў на ЗІЛе. Рэйкі ляжалі. Дык у мяне ўсе балкі ляжаць. На сараі».

Якаў Іванавіч Балакір, карэнны сьвятаволец, ганарыцца сваім бацькам. Аказваецца, у трыццатыя гады ў Сьвятой Волі дзейнічала даволі моцная ячэйка КПЗБ. Актывістам якой і быў бацька майго суразмоўцы.

Якаў: «Мой бацька быў сувязным. Да немцаў. Пры Польшчы ён сядзеў тры гады. У Варшаве самой. І пры Польшчы флаг вывешвалі ў Сьвятой. І яго пасадзілі на тры гады».

Карэспандэнт: «А флаг быў чырвоны».

Цікава, што летам 1941-га ўсіх актывістаў-камуністаў былі схапілі акупанты з паліцаямі. Але сьвятавольскім пашанцавала з солтысам.

Якаў: «У нас, у Сьвятой, турма была. Трымалі сорак чалавек. То наш солтыс загад даў. Адкрылі. І сказаў: „Уцякайце куды папала. Але не трапляйце немцам. Бо расстраляюць“. Актывістаў зь Вялікай Гаці солтыс усіх выдаў. А наш солтыс ня выдаў».

Карэспандэнт: «А як вашага солтыса звалі?»

Якаў: «Мацей Карповіч».

Дарэчы, пасьля вайны гэтага Мацея Карповіча, які выратаваў людзей ад вернай сьмерці, не пасадзілі і ня выслалі. Ён загінуў у мірны час ад рукі ўласнага сына. Але чаго сапраўды ня мог зрабіць ніякі добры солтыс, дык гэта выратаваць мясцовых габрэяў. Паслухаем сьвятаволку Марыю Апанасаўну Зінкевіч. Якая кажа, што летам 1941-га іх чакала страшная кара. Закопвалі жыўцом.

Карэспандэнт: «У Сьвятой Волі закопвалі жывымі?»

Марыя: «Жывымі. Мой бацька быў з 1897 году. Ён ужо ў войску ня быў. Іх прымушалі вартаваць… Яўрэяў сабралі ў кучу. Але закопваць ён іх не закопваў. Яны толькі ахоўвалі. А закопвалі іншыя. Дык вы ведаеце што? Людзі, якія закопвалі, пахаваліся. Ні з кім не размаўлялі. У такім стане былі».

Існуе такі ўстойлівы міт пра добрасуседзкае і палюбоўнае суіснаваньне беларусаў і габрэяў. Што не было, маўляў, на нашых землях ніякага антысэмітызму. Хадзілі адзін да аднаго ў госьці. Ледзь ня разам сьвяты сьвяткавалі. Куды ж падзелася гэтая ідылія ў 1941-м? Слухаем далей.

Марыя: «Усё помню. Як іх рабавалі, гэтых яўрэяў. Нават яшчэ немцы не прыйшлі, а людзі хадзілі, забіралі рэчы, у каго золата было. Да майго бацькі прыйшоў адзін яўрэй і кажа: „Афанасі, вазьмі золата. Усё роўна забяруць. Можа, я застануся жывы. Дык потым забяру“. Бацька мой ня ўзяў».

Марыя ўпэўненая, што назва Сьвятая Воля паходзіць ад таго, што тут цудоўныя, амаль сьвятыя людзі.

Карэспандэнт: «Адкуль такая назва?»

Марыя: «Людзі асобыя».

Карэспандэнт: «Чым?»

Марыя: «Яны нікога не прадалі. У Бабровічах адзін аднаго прадавалі, у Красьніцы прадавалі. Немцам прадавалі. Той такі, той такі. І ўсе тыя вёскі зьнішчылі. У нас ні адзін чалавек не прапаў. Усе людзі засталіся жывыя».

Як вам такое ненаўмыснае і падсьвядомае? Пры факце закапаных жыўцом аднавяскоўцаў сьцьвярджаць, што ўсе людзі засталіся жывыя?

Карэспандэнт: «А што вы скажаце пра паліцаяў?»

Марыя: «У нас па-суседзку жыў паліцай. Сапіга прозьвішча. Ён такі хадзіў з плёткай. Такі худы. Страшны. Вока перавязанае бруднай анучай. Як ён біў гэтых людзей! Гэта жах».

Карэспандэнт: «А за што ж біў?»

Марыя: «Перад немцамі выслужваўся. Але ў нас такія людзі былі. Зараз ужо панаехалі розныя. Падчас вайны ні адзін чалавек ня здрадзіў».

Карэспандэнт: «А ці было рабаўніцтва габрэйскіх хат? Марадэрства?»

Марыя: «Усё выцягвалі. Усё, усё, усё. У нас нават сваяк быў. 19 гадоў хлопец. Яны дзень і ноч, аж мокрыя хадзілі. Мяхамі цягнулі. Выцягвалі ўсё. І каструлі, і посуд. Мы тады дзеці былі. І я ўсё гэта помню».

Насамрэч, да сьвятасьці Сьвятая Воля дачыненьня ня мае. Як пішуць энцыкляпэдыі, паселішча ўзьнікла пасьля правядзеньня зямельнай рэформы 1557 году, што атрымала назву «Ўстава на валокі». Валока — гэта адзінка падаткаабкладаньня прыгонных сялян. А нераздадзеныя валокі заставаліся вольнымі. Вёскі, што ўзьніклі пазьней на гэтых землях, і пачалі называць Волямі. Што датычыць Сьвятой Волі, то, хутчэй за ўсё, валокі былі аддадзеныя царкоўным уладам. Штопраўда, мясьціны тут фантастычныя. І калі адрадзіць чыгунку ад Івацэвіч у бок Бабровіцкага возера, дык ад турыстаў адбою ня будзе. А можа, і ня варта варушыць тое, што было?



Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG