Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі беларусы атрымаюць танныя шэнгенскія візы?


У якім стане перамовы па візавым пытаньні паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем? Хто і чаму ў Эўразьвязе выступае супраць зьніжэньня цэнаў шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся ў Брусэль да кіраўніцы офісу “За дэмакратычную Беларусь” Вольгі Стужынскай.

Стужынская: У сапраўднасьці афіцыйнага дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем па візавай праблеме пакуль што няма. Але я радая была ўчора ўбачыць у рашэньні Рады Зьвязу радкі пра візавае пытаньне і пра важнасьць кантактаў паміж людзьмі і словы пра тое, што Рада чакае прапановы Эўракамісіі, якія рыхтуе дырэктарат па ўнутраных справах ЭК.

Гэтыя прапановы будуць накіраваныя Радзе для атрыманьня мандату на пачатак візавых перамоваў, каб у будучыні паміж Беларусьсю і ЭЗ магла быць падпісаная дамова аб палягчэньні візавага рэжыму і аб выдачы нелегальных мігрантаў (visa facilitation and readmission agreements). Кошт візаў зьнізіцца да 35 эўра, таксама будзе выдавацца больш шматразовых візаў.

З маіх размоваў з прадстаўнікамі Эўракамісіі вынікае, што вялікіх тэхнічных праблемаў узьнікнуць не павінна, але будуць такія пытаньні, як тэрмін дзеяньня беларускіх пашпартоў. У Эўразьвязе пашпарты маюць тэрмін дзеяньня максымум 10 гадоў, у нас яны могуць быць дзейныя на больш працяглы тэрмін.

Таксама будзе пытаньне аб стварэньні цэнтру для нелегальных мігрантаў, якія былі высланыя назад у краіну.
Візавае пытаньне застаецца вельмі шчыльна завязанае на палітычныя адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю...


На жаль, візавае пытаньне застаецца вельмі шчыльна завязанае на палітычныя адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Нягледзячы на тое, што тэхнічна краіна добра падрыхтаваная да палягчэньня візавага рэжыму і да выдачы нелегальных мігрантаў, але калі палітычныя двухбаковыя стасункі не разьвіваюцца, то і візавае пытаньне завісае.

Дракахруст: Патлумачце, калі ласка, сытуацыю з палітычнымі чыньнікамі. На думку некаторых, Эўразьвяз, захоўваючы высокі візавы “мур”, ніяк не закранае беларускай улады, а карае простых беларусаў. І сам сябе. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць шчыльную сувязь паміж паездкамі ў Заходнюю Эўропу і праэўрапейскімі настроямі.

Тут атрымліваецца дзіўны рух насустрач. З аднаго боку, можна прыгадаць заявы А.Лукашэнкі, што ня трэба вывозіць дзяцей на аздараўленьне на Захад, бо там яны набяруцца “ня нашага” духу. А з другога боку, “ня наша” Эўропа дзейнічае ў дадзеным выпадку поруч з Лукашэнкам. Ён ня хоча, каб беларусы езьдзілі ў Эўразьвяз, і Эўразьвяз ня хоча, каб яны да яе езьдзілі.

Стужынская: Усе інстытуцыі Эўразьвязу падтрымліваюць палягчэньне візавага рэжыму зь Беларусьсю. Але трэба памятаць, што, каб гэтае разьвіцьцё пайшло, павінны быць нейкія мінімальныя дамовы, па якіх можна працаваць. А паміж Беларусьсю і ЭЗ гэтыя асноўныя дакумэнты не падпісаныя. Таму няма юрыдычнай базы, каб рухацца далей.

Дарэчы, беларускае кіраўніцтва таксама заяўляе пра тое, што вельмі зацікаўленае, каб перамовы па візавым пытаньні пайшлі наперад і каб дамова аб палягчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі была падпісаная. Так што жаданьне ёсьць і з боку афіцыйнага Менску, і з боку Эўразьвязу. Хаця некаторыя краіны дагэтуль вельмі жорстка выказваюцца. Не апошнюю ролю адыгрывае тое, што на Беларусі вельмі выразна стаіць кляймо “апошняй дыктатуры Эўропы”.

Дракахруст: А што гэта за палітыкі, што за краіны, якія выступаюць супраць зьніжэньня кошту візаў для беларускіх грамадзянаў? Якая аргумэнтацыя на карысьць захаваньня цэнаў?

Стужынская: У асноўным супраць гэтага выступаюць міністэрствы ўнутраных справаў, яны кіруюцца боязьзю нелегальнай міграцыі, ёсьць і боязь за працоўныя месцы. МУСы заўсёды былі і ёсьць супраць.
Ёсьць шанцы падпісаць дамову аб палягчэньні візавага рэжыму праз год-паўтара...


Што да краінаў, то добры прыклад – Галяндыя, якая традыцыйна выступае супраць танных візаў. Прадстаўнік галяндзкай амбасады ў Брусэлі на паседжаньні працоўнай групы першага Форуму грамадзянскай супольнасьці заявіў, што ніякага рэгіянальнага падыходу да краінаў “Усходняга партнэрства” не павінна быць, што трэба глядзець толькі на двухбаковыя адносіны.

Але мне здаецца, што пры разьвіцьці палітычных адносінаў ёсьць шанцы падпісаць дамову аб палягчэньні візавага рэжыму і аб выдачы нелегальных мігрантаў праз год-паўтара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG