Украіна і Вэнэсуэла дамовіліся пра актывізацыю двухбаковых палітычных і эканамічных адносінаў і ў прыватнасьці пра тое, што Ўкраіна пачне здабычу нафты і газу ў Вэнэсуэле. Выступаючы ў часе знаходжаньня ў Кіеве, прэзыдэнт Уга Чавэс падкрэсьліў, што гэта ня проста “пратакольны візыт “ і што “мы тут не праездам”. Прэзыдэнт Віктар Януковіч выказаў спадзяваньне, што ў бліжэйшы час у Кіеве будзе адчыненае дыпляматычнае прадстаўніцтва Вэнэсуэлы. Пакуль што абавязкі пасла Вэнэсуэлы на Ўкраіне выконвае кіраўнік дыпмісіі ў Польшчы. Ва Ўкраіны таксама няма пасла ў Каракасе, яго абавязкі выконвае пасол у Бразыліі.