Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька заклікае дэпутата Самасейку здаць мандат


Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў
Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў
Анатоль Лябедзька накіраваў генэральнаму пракурору Беларусі ліст з патрабаваньнем завесьці справу па факце публікацыі ў "Народнай волі" інтэрвію падпалкоўніка міліцыі аб фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на адным з выбарчых участкаў у 105-й акрузе ў Менску. У 2008-годзе па гэтай акрузе у дэпутаты балятаваўся А. Лябедзька, а пераможцам быў абвешчаны судзьдзя Мікалай Самасейка.

На прэсавую канфэрэнцыю разам з Анатолем Лябедзькам прыйшоў падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў. Менавіта ён зафіксаваў, як у 2008 годзе пасьля апошняга дня датэрміновага галасаваньня старшыня ўчастковай камісіі № 463 укінула ў скрыні стос зь бюлетэнямі. Тады ён заявіў пра гэта свайму кіраўніцтву, аднак праверка па гэтым факце праведзеная не была, справу не завялі. У самога прынцыповага падпалкоўніка пачаліся праблемы з начальствам. Цяпер ён сышоў у адстаўку і выступіў з выкрывальніцкім артыкулам у спадзеве, што зараз, перад выбарамі, гэты факт атрымае належную ацэнку.

Сёньня ў прысутнасьці журналістаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які балятаваўся па той акрузе, паціснуў руку Мікалаю Казлову і падпісаў ліст генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу:

"Я зьвяртаюся да факту публікацыі ў газэце "Народная воля" і настойліва патрабую, каб адбылося пракурорскае рэагаваньне і расьсьледаваньне. Урэшце рэшт пасьля 16 гадоў фальсыфікацый хтосьці павінен несьці адказнасьць. Я буду задаволены, калі мы пачнём з аднаго выбарчага ўчастка. Можа, гэта прымусіць іншых адумацца".

Мікалай Казлоў цалкам падтрымаў патрабаваньне Анатоля Лябедзькі:

"Я бачу, што цяпер зноў пачынаюцца выбары, і мала што мяняецца, я нават думаю, што тыя самыя людзі зоймуць пасады ў выбаркамах. Так не павінна быць. Гэта зьвязана ня толькі асабіста са мною, гэта датычыць многіх людзей, і мне хацелася б, каб тут была справядлівасьць. Гэта ўсё, што я магу зрабіць".

Мікалай Казлоў як прафэсіянал у сьледчых справах мяркуе, што правесьці пракурорскую праверку па агучаных ім фактах нескладана:
я б не сказаў, што гэта прафэсійныя злачынцы, гэта -- звычайныя людзі ...

"Я вам скажу: каб высьветліць у гэтай сытуацыі ўсё да апошняга руху, патрэбна зусім мала часу. Бо ў гэтую сытуацыю ўцягнута так ці іначай дастаткова шмат людзей. І гэта не прафэсійныя, я б сказаў, злачынцы, гэта -- звычайныя людзі".

Мікалай Казлоў зазначыў, што адчувае цяпер грамадзкую падтрымку датычна свайго учынку, у тым ліку ад былых калег зь міліцыі. Пра нейкі ціск уладаў пасьля публікацыі размовы пакуль няма.

Тым часам Анатоль Лябедзька заявіў пра наступны свой крок у гэтай справе, зварот да дэпутата Мікалая Самасейкі, які быў абвешчаны пераможцам у 105-й акрузе:

"Паважаны спадар Самасейка, пакладзіце на стол мандат дэпутата, які вамі не атрыманы ад выбаршчыкаў Старавіленскай акругі, а проста ўкрадзены".

А. Лябедзька перакананы, што ў дэмакратычнай краіне пасьля падобнай публікацыі дэпутат склаў бы свае паўнамоцтвы да канца расьсьледаваньня.

Сам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка сказаў "Свабодзе", што артыкул падпалкоўніка Мікалая Казлова не чытаў і складаць свае паўнамоцтвы не зьбіраецца:

"Гэта нейкае трызьненьне… Так можаце і запісаць".

У генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі, што ніякага афіцыйнага рэагаваньня на артыкул падпалкоўніка Мікалая Казлова у іх няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG