Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прынясе разьмяшчэньне дзяржаблігацыяў на расейскім рынку?


Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 527, якім даў ураду Беларусі права ажыцьцяўляць у 2010-2011 гадах выпускі дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь на расійскім рынку. У дакумэнце гаворыцца, што ў мэтах прыцягненьня замежных інвэстыцый у эканоміку краіны Савету Міністраў дадзена права ажыцьцяўляць выпускі дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь на суму да 15 млрд. расейскіх рублёў (гэта каля 500 мільёнаў даляраў). На якіх умовах разьмяшчаюцца беларускія дзяржаўныя аблігацыі на расейскім рынку? Ці ўплываюць на гэта палітычныя дачыненьні паміж Менскам і Масквой? На гэтыя пытаньні адказвае фінансавы экспэрт Зьміцер Крук.


Цыганкоў: Ня якіх умовах адбудзецца разьмяшчэньне аблігацыяў на расейскіх рынках? Калі гэта ўмовы даволі спрыяльныя, чаму Беларусь гэтак доўга ня важылася гэта рабіць?

Крук: Па-першае, вялізныя праблемы зь фінансаваньнем дэфіцыту гандлёвага балянсу ўзьніклі толькі ў апошнія гады. І Беларусь пачала актыўны пошук крэдытных рэсурсаў за межамі краіны. Што тычыцца непасрэдна расейскага рынку, то захады на тое, каб выпусьціць аблігацыі менавіта там, рабіліся і раней. Але дзеля гэтага павінна было быць падпісана адпаведнае пагадненьне паміж урадамі. Летась у Расеі быў прыняты закон, які дазволіў замежным эмітэнтам выходзіць на расейскі рынак.

Наўрад ці расейскае кіраўніцтва будзе псаваць свой імідж, ствараючы нейкія штучныя перашкоды для гэтых беларускіх пазыкаў.
Таму атрымаўся пэўны зьбег абставінаў: па-першае, зьявілася легальная магчымасьць выйсьці на гэты рынак, па-другое, узрасла патрэба Беларусі ў новых крэдытных рэсурсах, і па-трэцяе, адносна пазытыўная дынаміка рынку. Таму гэта адбылося менавіта зараз. Што тычыцца велічыні гэтай пазыкі, то можна гаварыць, што яна хутчэй індыкатыўная. Гэта хутчэй назапашваньне крэдытнай гісторыі, чым значны крок у прыцягненьні фінансаваньня.

Цыганкоў: Цяперашнія міждзяржаўныя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй як-небудзь уплываюць на разьмяшчэньне аблігацыяў? Або гэта чыста эканамічны крок, і ён праходзіць незалежна ад палітычных акалічнасьцяў?

Крук: Наколькі я разумею, гэта так. У адпаведнасьці з новым расейскім заканадаўствам, амаль любы расейскі эмітэнт можа выйсьці на расейскі рынак, калі ён адпавядае патрабаваньням, якія ёсьць у гэтым законе. Мне здаецца, гады два таму міністар фінансаў Кудрын абяцаў падтрымку беларускаму ўраду, калі той вырашыць пайсьці па пазыкі на расейскі рынак. Зараз такой падтрымкі, найхутчэй, ня будзе, але гэта цяпер не становіць вялікай перашкоды.

Калі мы кажам пра такую адносна нязначную суму, то можна сказаць, што палітычныя адносіны тут не павінны паўплываць. Наўрад ці расейскае кіраўніцтва будзе псаваць свой імідж, ствараючы нейкія штучныя перашкоды для гэтых беларускіх пазыкаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG