Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таннай нафты больш ня будзе. Газу – таксама


Расея не зьбіраецца касаваць мыта на нафтапрадукты для Беларусі і абяцае датэрміновы пераход на ўсясьветныя цэны ў пастаўках газу. Ніякія аргумэнты беларускага боку ў разьлік не бяруцца. Якая пэрспэктыва чакае Беларусь у энэргетычнай галіне?

У адказ на рашэньне Эканамічнага суду СНД, які параіў урадам Беларусі і Расеі разгледзець пытаньне пра часовую адмену мыта на нафтапрадукты да вырашэньня канфлікту, Міністэрства юстыцыі Расеі заявіла: вырак мае рэкамэндацыйны характар і прымусіць спыніць спагнаньне мыта ня можа. Расейскія прадстаўнікі заявілі, што падчас чарговага пасяджэньня судовай калегіі 19 студзеня 2011 году зноў будуць даводзіць сваё права на мыта. Менск жа настойвае, што ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб свабодным гандлі ніводзін з бакоў не павінен ужываць мыта. Паводле падлікаў, пры новай формуле страты беларускага бюджэту перавысяць 2 мільярды даляраў.

Між тым ужо ад 1 лістапада мыта вырасьце на 25 даляраў і дасягне 292 даляраў за тону замест цяперашніх 266,5. Нагадаем, сёлета Беларусь атрымае з Расеі бязмытна 6,3 мільёна тон нафты, астатнія 15 мільёнаў тон абкладаюцца 100-працэнтнай экспартнай пошлінай. Летась мыта разьлічвалася з ужываньнем каэфіцыенту 0,3 ад расейскага памеру і было беларускаму бюджэту цалкам па кішэні. Акрамя таго, спаганяецца мыта і на прадукты нафтаперапрацоўкі — раней такой практыкі не было.

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Аляксандар Мех лічыць, што Расеі надакучыла назіраць, як Беларусь перапрацоўвае танную расейскую нафту і потым гандлюе нафтапрадуктамі па ўсясьветных коштах. То бок фактычна абагачаецца коштам донарскіх паставак:

Алесь Мех
"Тут ня так палітычны падтэкст, бо сытуацыя, на маю думку, больш простая. Праз прадпрыемствы нафтаперапрацоўкі ў Беларусі адмываліся грошы. Сродкі як расейскія, так і ў межах Беларусі. Безумоўна, тут прасочваецца асабістая зацікаўленасьць, бо трэба разумець: гаворка пра грошы, якія не траплялі ў расейскі бюджэт. Калі атрымліваецца нейкі пралаз, празь які можна гэтую нафту збываць, прапускаць яе празь іншую мяжу і выходзіць на тыя ж самыя эўрапейскія рынкі, то грошы працякаюць міма расейскага бюджэту. А гэта моманты карупцыі. Фактычна гэта і ёсьць карупцыя. Іншая справа, чаму гэтае пытаньне раней не ўздымала тая ж Дзярждума Расеі? Бо менавіта яна павінна кантраляваць прыбыткі, якія нейкім чынам не пайшлі ў бюджэт Расейскай Фэдэрацыі. Бо нішто ніадкуль не бярэцца, нішто нікуды не дзяваецца".

Аналітыкі прадказваюць: калі бакі будуць трымацца старых пазыцый — Беларусь будзе патрабаваць саступак, а Расея — настойваць на рынкавых адносінах, — то зноў пачнецца паласа непаразуменьняў. Прынамсі, на гэты момант ніякіх нафтавых перамоваў з Масквой не вядзецца. Праўда, беларускі бок намагаецца дывэрсыфікаваць пастаўкі, што прапісана і ў Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Акцэнт перадусім на Вэнэсуэлу, адкуль арганізаваныя танкерныя рэйсы праз порты Ўкраіны і дзяржаў Балтыі. Гадавы аб'ём павінен дасягнуць 4 мільёнаў тон, аднак кошт нафты не называецца — а гэта не дазваляе казаць пра эфэктыўнасьць такой схемы. У якасьці яшчэ адной нафтавай альтэрнатывы называюць Іран, дзе "Беларуснафта" разьлічвае здабываць да 1,5 мільёна тон сыравіны штогод, а таксама Азэрбайджан — сёлета Лукашэнка дамаўляўся з Ільхамам Аліевым аб пастаўках касьпійскай нафты праз тэрыторыю Грузіі і Ўкраіны.

І калі расейскую нафту "разбавіць", відавочна, удасца, то з прыродным газам пэрспэктывы больш цьмяныя. 95% электраэнэргіі ў Беларусі выпрацоўваецца за кошт спальваньня газу, іншых пастаўшчыкоў няма. Аднак віцэ-прэм'ер расейскага ўраду Ігар Сечын даў зразумець: да мыта на нафту можа дадацца і пошліна на газ — гэта апроч таго, што ад наступнага году сярэднегадавы кошт газу для Беларусі і так вырасьце ад 185 даляраў за тысячу кубамэтраў да 220 даляраў. Зрэшты, дагэтуль называлася цана большая — 250 даляраў.

Аналітык Сяргей Чалы кажа, што ў такіх умовах Беларусі варта больш пільна засяродзіцца на тэндэнцыях, якія маюць месца ў сьвеце. Перадусім трэба зьвярнуць увагу на разьведаныя запасы так званага сланцавага газу ў Польшчы, якая ў пэрспэктыве можа стаць найбуйнейшым экспартэрам газу на кантынэнце, і на пастаўкі звадкаванага газу праз балтыйскія тэрміналы:

Сяргей Чалы
"Зараз паўстае пэрспэктыва таго, што чакаецца вельмі сур'ёзная рэвалюцыя на рынку газу. Дзеля гэтага, праўда, таксама патрабуюцца немалыя грошы, але такая эканоміка пралічваецца — прынамсі, Эўропа ўжо пачынае грунтоўна лічыць. Таму што канцэрн "Exxon" шукае сланцавы газ у Польшчы, хоць яшчэ ня факт, што там ён будзе гэткі ж рэнтабэльны, як у Амэрыцы. Але ў любым выпадку зараз паўстае магчымасьць пераарыентацыі газавых трубаправодаў з Эўропы ва Ўкраіну, а не наадварот, як было заўсёды. То бок ажно да таго, што існуюць эўрапейскія дасьледаваньні, дзе яны спрабуюць падлічыць, колькі гэта можа рэальна каштаваць. Іншымі словамі, ужо на такім узроўні ідзе размова. Таму тут вельмі шмат цікавых зрухаў чакаецца".

Аднак экспэрты мяркуюць, што наўрад ці Беларусь бліжэйшым часам пазбавіцца ад расейскай залежнасьці. Да прамысловай распрацоўкі польскіх нетраў яшчэ далёка, а будаўніцтва тэрміналу для звадкаванага газу ў літоўскай Клайпедзе зойме ў лепшым выпадку 2—3 гады. Важкі аргумэнт на карысьць тэрміналу — невысокі кошт сыравіны, меней за 200 даляраў з улікам транспартных выдаткаў. Мінус — у тым, што сыстэма дазволіць транспартаваць невялікія аб'ёмы, якіх ня хопіць, каб застрахавацца ад бестэрміновага канфлікту з Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG