Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ліквідаваў установу "Рух наперад"


Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні дзяржаўнай рэгістрацыі дасьледча-асьветніцкай установы "Рух наперад", дырэктарам якога зьяўляецца прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Уладзімер Някляеў.

Рашэньне аб ліквідацыі "Руху наперад", які праводзіць грамадзянскую кампанію "Гавары праўду!", прыняў 12 кастрычніка судзьдзя Андрэй Рыбалкін.

У судзе прадстаўнік Менгарвыканкаму Дзьмітрый Антаневіч сьцьвярджаў, што для рэгістрацыі "Руху наперад" яго кіраўнікі падалі заведама ілжывыя зьвесткі. У прыватнасьці, паводле слоў Антаневіча, установа заключыла дамову арэнды памяшканьня з ТАА "Тина Влати" на праспэкце Машэрава, 54-5, ведаючы, што гэтыя памяшканьні — гандлёвыя плошчы. Разьмяшчэньне офісу ў памяшканьнях, функцыянальнае прызначэньне якіх гандлёвае, не дапускаецца, сьцьвярджаюць у гарвыканкаме.

Антаневіч таксама нагадаў, што 29 ліпеня гаспадарчы суд задаволіў пазоў Менгарвыканкаму аб прызнаньні дамовы арэнды офісу нікчэмнай, а спробы "Руху наперад" абскардзіць гэтае рашэньне ў апэляцыйным парадку засталіся беспасьпяховымі.

У сваю чаргу, прадстаўнік "Руху наперад" Віктар Сазонаў заявіў у судзе, што ніякіх заведама ілжывых зьвестак падчас рэгістрацыі ў Менгарвыканкам не падавалася. Паводле ягоных слоў, у заканадаўстве няма ніякай нормы, якая б вызначала, якія памяшканьні могуць выкарыстоўвацца для адміністрацыйных мэтаў. У кампаніі "Тина Влати" яны арандавалі не гандлёвыя, а менавіта адміністрацыйныя плошчы, падкрэсьліў Сазонаў.

Што тычыцца прызнаньня дамовы арэнды офісу нікчэмнай, то, паводле яго слоў, ужо заключана новая дамова на арэнду гэтага ж памяшканьня. "Калі памяшканьне, якое арандуецца, не падыходзіць пад офіснае паводле функцыянальнага прызначэньня, то Менгарвыканкам можа проста забараніць выкарыстаньне гэтага памяшканьня, а не пазбаўляць арганізацыю рэгістрацыі. Гэты аргумэнт наагул не адпавядае сутнасьці пазову — аб паданьні заведама ілжывых зьвестак", — заявіў прадстаўнік адказчыка.

Судзьдзя прыняў бок гарадзкіх уладаў, дадаўшы, што прадстаўнікі "Руху наперад" могуць абскардзіць гэтае рашэньне ў апэляцыйным парадку ў калегіі суду і ў касацыйным — у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Як заявіла БелаПАН па заканчэньні працэсу намесьніца дырэктара "Руху наперад" Ніна Пахлопка, яна абавязкова скарыстае права абскарджваньня. "Іншага рашэньня ад Гаспадарчага суду Менску мы і не чакалі, усё было прадказальна. Гэтае рашэньне паказвае, што "самы справядлівы суд у сьвеце" знаходзіцца ня ў нашай краіне. Тым ня менш я спадзяюся, што і ў нашых судах ёсьць сумленныя судзьдзі, якія прымуць справядлівае рашэньне", — сказала Пахлопка.

Раней дырэктар "Руху наперад" Уладзімір Някляеў заяўляў, што грамадзянская кампанія "Гавары праўду!" будзе працягнутая ў любым выпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG