Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімоўскі: "Бліжэйшыя месяцы тэлеканалы будуць па вушы ў палітыцы"


Аляксандар Зімоўскі
Аляксандар Зімоўскі
Кіраўніцтва БТ абяцае, што падчас выбарчай кампаніі апанэнты Аляксандра Лукашэнкі зь ліку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты даведаюцца пра сябе шмат новага. Па словах старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, бліжэйшыя месяцы ўсе галоўныя тэлеканалы будуць "па вушы ў палітыцы". Дзеля гэтага на задні плян адыдуць сэрыялы ды забаўляльныя праграмы.

У часе прэзэнтацыі новага сэзону на Беларускім тэлебачаньні я пацікавіўся ў кіраўнікоў кампаніі: ці будуць карэктывы з улікам папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі, якая каштавала нямала нэрваў тэлевізійнікам — згадаць хоць праграмны выступ тагачаснага кандыдата Аляксандра Казуліна? У якім увогуле фармаце плянуецца доступ кандыдатаў у прэзыдэнты да тэлеэфіру? І ці заплянаваная магчымасьць тэледэбатаў для тых, хто гэтага пажадае? Адказвае старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі:

"Адбылася нарада ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, узгодненыя ўсе пазыцыі, якія датычацца выступаў кандыдатаў у СМІ. Сёньня я павінен зацьвердзіць сумесны пратакол аб выступах і, спадзяюся, вы атрымаеце яго ў ЦВК, калі ён будзе канчаткова там прыняты. Калі ЦВК прапановы зацьвердзіць, тады гэта будзе закон, абавязковы да выкананьня. Таксама як і для кандыдатаў".

Карэспандэнт: "Адносна тэледэбатаў павінны выявіць інтарэс самі кандыдаты?"

"Так. Мы, дарэчы, адпачатку плянавалі, што яны будуць спрачацца тэт-а-тэт. Але нам рэкамэндавана, каб быў мадэратар ад тэлекампаніі. То бок той журналіст, які будзе весьці гэтыя дэбаты — як кажуць, весьці рэй, стрымліваць эмоцыі. Альбо, наадварот, "напампоўваць" у выпадку іх адсутнасьці".

Дамоўленасьці з Цэнтральнай выбарчай камісіяй наконт тэлеэфіру для кандыдатаў ускладзеныя на першага намесьніка старшыні тэлерадыёкампаніі Аляксандра Саламаху. Вось папярэднія вынікі:

Аляксандар Саламаха
"Пакуль што мэханізм яшчэ ўзгадняецца, а прапановы такія: на тэлебачаньні кандыдаты ў прэзыдэнты будуць выступаць ад 19-й да 20-й гадзіны, а на радыё — з 6:10 да 6:40 раніцы. Ёсьць пэўныя зрухі па часе з улікам вопыту мінулых кампаній. Што тычыцца дэбатаў, то дэбаты адбудуцца так, як гэта адпавядае заканадаўству. Мы зараз распрацоўваем наш унутраны парадак, каб забясьпечыць гэтыя дэбаты на годным узроўні. Будуць у іх браць удзел два кандыдаты ці болей — гэта таксама трэба ўлічваць падчас арганізацыйных мерапрыемстваў. Але дэбаты — справа добраахвотная, на ўласны погляд кандыдатаў у прэзыдэнты. Калі нехта заявіць аб такім жаданьні і паведаміць нам — тады мы будзем іх арганізоўваць".

Спадар Зімоўскі сказаў, што падначаленая яму мэдыя-структура ня будзе распыляцца на супраціў расейскім СМІ, якія намагаюцца дыскрэдытаваць беларускую ўладу, а цалкам засяродзіцца на ўнутраных праблемах:

"Тая інфармацыйная барацьба, якая зараз мае месца і ў тэлевізійным эфіры, і ў інтэрнэце, яна прыносіць толькі шкоду кожнаму з бакоў у сваёй краіне. Вы ведаеце, што мы вельмі сьціпла рэагуем на выпады расейскага боку. Калі там зьяўляецца кіраўнік дзяржавы ў блогу, то ён, з майго пункту гледжаньня, зьвяртаецца да аўдыторыі, якая мае дачыненьне цалкам да інтэрнэту. Тое, што потым робяць традыцыйныя СМІ — гэта, як кажуць, кругі па вадзе. Ня думаю, што барацьба яшчэ больш абвострыцца, хоць нам даволі цяжка абараняцца, таму што атрымліваецца, што яны ўвесь час атакуюць".

Карэспандэнт: "На БТ будуць фільмы пра "тандэм" Мядзьведзева-Пуціна?"

"А навошта яны? Для беларускага гледача? Каб ён даведаўся, хто такія Пуцін зь Медзьвядзёвым? Дык яны гэта і так ведаюць. Я ня ведаю, ці запросяць Каравулава пасьля звальненьня на БТ працаваць. Я, прынамсі, гэтага не пляную…"

Зімоўскі пра палітыку на БТ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00


Аглядальнік інтэрнэт-газэты "Салідарнасьць" Руслан Гарбачоў лічыць, што, мяркуючы па выказваньнях Аляксандра Зімоўскага, БТ рыхтуе няпростае выпрабаваньне для альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты:

"У адказе на адно з пытаньняў Зімоўскі вельмі дакладна агучыў сваю пазыцыю і пазыцыю Беларускага тэлебачаньня, сказаўшы: наша мэта — данесьці думку ўладаў да насельніцтва, прычым без адваротнай сувязі. Думаю, гэтыя словы вельмі добра ахарактарызавалі цяперашнюю пазыцыю галоўнага прапагандысцкага каналу, якая наўрад ці зьменіцца да 19 сьнежня. Зрэшты, сам Аляксандар Зімоўскі ўдакладніў, што ўсе тры вялікія каналы да выбараў будуць "па вушы" ў палітыцы, і цалкам зразумела — па вушы ў якой менавіта палітыцы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG