Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя. Самотныя. Забытыя


1 кастрычніка — Міжнародны дзень пажылых людзей. Рашэньне адзначаць гэты дзень у сьнежні 1990 году прыняла Генэральная асамблея ААН. Як дзень пажылых людзей праходзіць у Беларусі.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў Беларусі жывуць 2,5 мільёны людзей сталага веку. Як будзе праводзіцца прысьвечаны ім дзень, цікаўлюся ў спэцыялісткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сьвятланы Ермаковіч:

"У кожнай вобласьці праходзіць шэраг мерапрыемстваў: шанаваньне вэтэранаў, паводле фінансавых магчымасьцяў ім дапамагаюць. Таксама гэта ж адбываецца ў раёнах, акрамя таго, праводзяцца абсьледаваньні. Але дапамагаюць ня ўсім — дзяржава дапамагае тым людзям, у якіх сапраўды надзвычайнае становішча".

Як паведаміла Сьвятлана Ермаковіч, 1,6 мільёна пажылых людзей знаходзяцца на ўліку Цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня. Дапамогу ж ад дзяржавы маюць ня ўсе нават з гэтага пераліку, а тым больш, калі пажылыя людзі жывуць у сельскай мясцовасьці. Вось што ў свой дзень распавядае 70-гадовая жыхарка вёскі Слабада Пухавіцкага раёну Надзея Сарока:

"Хто тут што адзначае? Гэта ж ня ў горадзе, што даюць грошы на агародніну ці яшчэ што. А вёска ёсьць вёска — ніхто нічога і ня згадвае. Вось што па радыё пачуеш — тое і добра. У каго ёсьць, куды да дзяцей ехаць, разьяжджаюцца на зіму. А ў каго няма — набывайце дровы, брыкет і зімуйце. А машына брыкету 400 тысяч каштуе — ня кожнай пэнсіі хопіць, а жыві, як хочаш".

Тое, што вяскоўцы сталага веку знаходзяцца ў розных умовах з пажылымі жыхарамі гарадоў, сьведчыць таксама і кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў
"Пра сталых людзей на вёсцы дзяржава, можна сказаць, што забылася: згортваецца мэдычнае абслугоўваньне, сацыяльная дапамога, у краму трэба ісьці ў суседнюю вёску, а ў некаторых вёсках нават і дарог няма. На жаль, многія пэнсіянэры пры гэтым падтрымліваюць дзейную ўладу. Я такім людзям кажу, што калі зьменіцца ўлада ў Беларусі, то зьменіцца і вашае жыцьцё да лепшага".

Зьмена сацыяльнай палітыкі, датычнай пажылых людзей, — адзін з пунктаў перадвыбарчай праграмы і кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП Яраслава Раманчука:

Яраслаў Раманчук
"Мы будзем ствараць новыя месцы працы, каб пэнсіянэры маглі атрымоўваць добрую пэнсію. Мы будзем зьніжаць цэны, каб пэнсіянэры маглі набываць за гэтыя грошы больш прадуктаў. Выдаткі ў бюджэце на пэнсію будуць асаблівым артыкулам расходаў — гэта тое, што ёсьць у маёй праграме".

Яраслаў Раманчук таксама заявіў, што ў выпадку свайго прэзыдэнцтва гарантуе правядзеньне пэнсійнай рэформы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG