Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц беларускай пісьменнасьці


Калі мы вырашылі, што ў верасьні будзем на нашым сайце публікаваць камэнтары толькі па-беларуску, былі сярод нас і такія, хто выказваў свае засьцярогі адносна вынікаў гэтай задумы.

У першую чаргу скептыцызм датычыў таго, што мы за верасень згубім кучу інтэрнаўтаў, якія рэгулярна заглядалі на наш сайт і пакідалі нам свае допісы па-расейску. Да нейкай ступені гэты скептыцызм апраўдаў сябе ў статыстыцы, але пра гэта крыху пазьней. Цяпер пра іншае.

Ніхто з нас не сумняваўся, што ў маральным пляне рашэньне публікаваць камэнтары толькі па-беларуску было слушнае. Верасень – месяц, калі пачынаецца новы школьны год. У Беларусі верасень заўсёды нясе з сабою шчымліва-фатальны напамін – беларуская мова няўмольна зьнікае – і з асьветнай сыстэмы, і з публічнага жыцьця. І мова зьнікае ў выніку больш ці менш выразнай палітыкі афіцыйнай дыскрымінацыі. У якой яшчэ эўрапейскай краіне за права навучаць дзіця на афіцыйнай дзяржаўнай мове трэба змагацца пры дапамозе вулічных пікетаў і дэманстрацый?

Да таго ж у верасьні былі агучаныя мала суцяшальныя вынікі перапісу 2009 году адносна жыцьцяздольнасьці беларускай мовы ў Беларусі. Гэтае супадзеньне надало нашай акцыі яшчэ больш яскравы грамадзка-маральны выгук.

Значыць, мы вырашылі супрацьставіцца нашай акцыяй, якую можна назваць "месяцам беларускай пісьменнасьці", афіцыйнай моўнай дыскрымінацыі. Мы зрабілі крок, які ў іншых краінах людзі ўжо даўно пайменавалі як "станоўчая дыскрымінацыя"(positive discrimination) або "дзеяньне ў падтрымку" (affirmative action). Пазытыўная дыскрымінацыя – гэта выраўноўваньне магчымасьцяў у жыцьці для тых грамадзкіх групаў, супраць якіх у мінулым ужывалі "адмоўную дыскрымінацыю", то бок, перасьледавалі ці абмяжоўвалі іхныя правы з увагі на расу, этнічную прыналежнасьць, рэлігію, сацыяльны статус і г.п.

Ці выраўналі мы гэтыя шанцы? На сымбалічным узроўні – безумоўна. На практычным узроўні – высновы зрабіць болей складана. Але і яны даволі аптымістычныя.

У студзені-жніўні 2010, калі мы не накладалі абмежаваньня на мову камэнтароў, наш вэб-рэдактар зацьвярджаў для публікацыі ў сярэднім 100 камэнтароў на дзень. У верасьні 2010 мы публікавалі прыблізна па 75 камэнтароў на дзень. То бок, мы "згубілі" каля 25 адсоткаў камэнтароў, захацеўшы публікаваць толькі беларускамоўныя.

Хтосьці можа сказаць, што наш сайт наведваюць наогул пісьменныя ў беларускай мове. А непісьменныя тусуюцца ў іншых месцах. Так што, маўляў, тут і губляць не было чаго. Але ня менш імавернай падаецца і такая выснова: Шмат хто з тых, якія раней пісалі нам па-расейску, раптам адкрылі, што яны пісьменныя і ў беларускай мове, і ў верасьні сталі пісаць нам па-беларуску. У кожным разе, прыклад "Димыча", які, як бы ні ў чым не бывала, пераключыўся на беларускую мову і ўвесь верасень не пераставаў слаць нам свае камэнтары ў абарону расейскамоўных на прыстойнай беларускай мове, сьведчыць якраз на карысьць гэтай другой высновы. І абнадзейвае. Аказваецца, калі трэба, дык можна. Чаму б гэтак не працягнуць?

Ці былі людзі, якім наша верасьнёўская "станоўчая дыскрымінацыя" прыйшлася не да смаку? Былі, хоць і нешматлікія. Вось адзін голас з гэтай групы:

тутэйшы: Вы, гнусные языковые фашисты, лучше бы ваша "мова" навсегда пропала, чтобы никогда у нас, белорусов, и в мыслях не возникало устраивать какую бы то ни было сегрегацию. К тому же, вы ещё и болваны! Посчитайте, какое количество посещений потеряли за то время, пока комментарии нельзя было писать по-русски.

Пытаньне "посещений" я закрануў. Скажу яшчэ пару словаў пра "сегрегацию".

Калі нехта лічыць беларускую мову гетам, да таго яшчэ фашыстоўскім, дык усё тое, пра што я вышэй напісаў, яму проста пофіг. І "фашыстоўскаму сайту" толку ад ягоных камэнтароў ці то на расейскай, ці то на фінскай, ня будзе. А таму нам і не шкада губляць такіх "камэнтатараў".

Але для нас важныя такія наведнікі і камэнтатары, якія ў беларускай мове бачаць не ганебнае таўро гістарычнай і нацыянальнай прыніжанасьці, а яшчэ адзін шанец рэалізаваць сваю свабоду ў гэтым наогул мала свабодным сьвеце. Сказаць "я свабодны пісаць на расейскай мове" – гучыць горда. Але сказаць "я свабодны пісаць на расейскай мове і на беларускай мове" – гучыць удвая больш горда.

Верасень зь яго фармальным моўным абмежаваньнем быў для нас часам, каб прыгадаць усім нашым прыхільнікам і непрыхільнікам пра гэтую большую свабоду, зьвязаную зь беларускай мовай.

З кастрычніка мы здымаем моўнае абмежаваньне на камэнтары.

Выбар свабоды застаецца за вамі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG