Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабковіч: “Лукашэнка пераскочыў працэдуру прад’яўленьня пашпарта”


Аляксандар Лукашэнка асабіста не падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнта. Прадстаўнікі апазыцыі лічаць гэта парушэньнем Выбарчага кодэксу. ЦВК сьцьвярджае, што парушэньня не было.

Лідзія Ярмошына
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паведаміла: дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы дзейнага кіраўніка дзяржавы яна асабіста прыняла ў сваім службовым кабінэце. Іх прынёс кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі — міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў:

Спадарыня Ярмошына сказала, што ў Выбарчым кодэксе парадак падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп не рэглямэнтаваны:

«Няма ў выбарчым заканадаўстве нормы, якая дазваляе патэнцыйнаму кандыдату дзейнічаць праз пасярэднікаў. Але няма і забароны на гэта, што зьяўляецца самым галоўным. Там напісана, што асоба, якая прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, падае заяву са сьпісам ініцыятыўнай групы ў ЦВК. Слова „асабіста“ там адсутнічае».

Старшыня ЦВК лічыць: прымушаць падаваць заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы толькі прэтэндэнта было б «занадта жорсткім»:

«Таму што бываюць розныя акалічнасьці: хвароба, камандзіроўка, ад’езд ды іншае. І калі такую норму мы ўпішам для кандыдатаў у прэзыдэнты, то мы абсалютна такую ж норму павінны прадугледзець для ўсіх прэтэндэнтаў на выбарныя пасады. І ці правільна гэта будзе? Таму што на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, мы маем зусім не велічэзную колькасьць прэтэндэнтаў».

Уладзімер Лабковіч
Юрыст, знаўца выбарчага заканадаўства Ўладзімер Лабковіч лічыць, што права перадаваць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы іншай асобе распаўсюджваецца толькі на мясцовыя і парлямэнцкія выбары. А вось на прэзыдэнцкія выбары — не:

«Тут жа неабходна прад’явіць пашпарт, зь якога патрэбна зрабіць копію, каб убачыць, ці адпавядае прэтэндэнт патрабаваньням Выбарчага кодэксу па ўзросьце, па грамадзянстве і г.д. І ў гэтым выпадку заканадаўца спэцыяльна замацаваў гэтую норму. То бок прэтэндэнт павінен прад’явіць пашпарт. І гэту працэдуру пераскочыць немагчыма».

Юрыст Лабковіч зьвяртае ўвагу на яшчэ адну рэч: учора на паседжаньні ЦВК Лідзія Ярмошына публічна сказала, што ксэракопіі пашпарту Аляксандра Лукашэнкі ёй прынёс Аляксандар Радзькоў.

«Гэта таксама парушэньне закону. Таму што копіі пашпарту павінна вырабіць Цэнтральная выбарчая камісія. І зыходзячы з нормаў гэтага закону бачна, што ёсьць пэўны альгарытм дзеяньняў, які Цэнтральная выбарчая камісія без кандыдата зрабіць ня можа».

Ад 30 верасьня пачынаецца новы этап выбарчай кампаніі — збор подпісаў у падтрымку ўсіх 17 патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG