Эўрапейскі суд правоў чалавека прыняў рашэньне, што Расея павінна заплаціць адшкадаваньне 33 тысячы эўра за тое, што дэпартавала лідара таджыцкай апазыцыі на яго радзіму, дзе ён быў зьняволены і зьбіты. Мухамадрузі Іскандараў, старшыня Дэмакратычнай партыі Таджыкістану , які выступаў з крытыкай кіраўніцтва краіны, эміграваў у 2004 у Расею. Суд у Таджыкістане потым завочна асудзіў яго за тэрарызм і крадзёж і паслаў запыт аб выданьні Расеі. Генпракурор Расеі просьбу пра выдачу не задаволіў, аднак неўзабаве Іскандараў быў зьбіты, выкрадзены і з завязанымі вачыма перавезены ў Душанбэ, дзе яго асудзілі на 23 гады турмы. Іскандараў сьцьвярджае, што яго пастаянна зьбівалі і пад пагрозай сьмерці прымусілі падпісаць агавор на самога сябе. Суд у Страсбуры вырашыў, што Расея павінна заплаціць Іскандараву 30 тысяч эўра ў якасьці кампэнсацыі і 3 тысячы за судовыя і іншыя выдаткі.