Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не цалаваўся!


Сярод публікацыяў сайту Свабоды, якія выклікалі найбольшую колькасьць камэнтароў нашых наведнікаў – лідэрства трымаюць онлайн-канфэрэнцыя з Аляксандрам Мілінкевічам і развагі Зянона Пазьняка пра наступствы перапісу насельніцтва, ролю СМІ і лёс беларускага школьніцтва. Але найбольшую экспрэсію ацэнак выклікала заява лідэра кампаніі “Гавары праўду” Уладзімера Някляева пра намер балятавацца ў прэзыдэнты. На іх і спынімся.

Bathilavich:

“Адзіным стратэгіча правільным рашэньнем зьяўляецца падтрымка на гэтых выбарах Уладзімера Някляева. За ім людзі і жаданьне перамагчы”.

Алег:

"Гавары праўду" пачалася з хлусьні. Так, з хлусьні, бо на самым пачатку кіраўнікі гэтай кампаніі заяўлялі, што не ставяць палітычных мэтаў, і што Някляеў ня пойдзе ў прэзыдэнты”.

Мікола зь Менску:

“Яшчэ ніхто нічога не сказаў, а ўжо пайшла лаянка. Я быў на адной сустрэчы (агрэсіўнай) Някляева з так званым электаратам. На яго накінуліся, як толькі ён увайшоў. Някляеў стаяў і моўчкі глядзеў у залю. Трымаў паўзу, гэта ён умее рабіць. Нехта не вытрымаў: "Вы чаго маўчыце?" І ён адказаў: "Чакаю, пакуль пералаецеся".

Ліс зь Віцебску:

“Каб падтрымліваць Някляева трэ ведаць яго мэты і мэтады дасягненьня гэтых мэтаў. Пакуль нічога зразумелага паэт не сказаў. Чытаньне верша "Я прыйшоў, каб вы перамаглі" пакідае больш пытаньняў, чым дае адказ”.

Lertabolin:

“Шчыра жадаю Някляеву посьпехаў у гэтай схватцы з прагнiўшым рэжымам. Ведаю, што усё будзе зроблена уладай каб Някляева апляваць, сцерцi з палiтычнай арэны барацьбы, а можа нават i у турму пасадзiць, як гэта было ужо амаль з усiмi былымi кандыдатамi у прэзыдэнты. Трымайся Някляеў, будзь барацьбiтом. Ведай, што народ Беларусi з табой. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”


Раман:

“..."дэмакратычным" чынам Масква забярэ Беларусь а Някляеў (які ёсьць прафанам ў палітыцы й грамадзкім кіраваньні) будзе пры гэтым выконваць ролю ангельскае каралевы, магчыма нават казаць праўду й магчыма па-беларуску - але гэта ўжо нічога ня зьменіць. Вось адзін з рэальных "дэмакратычных" сцэнараў падрыхтаваных маскоўскімі стратэгамі для Беларусі".

“Здароўя табе, Пракопавіч. Адзін мой знаёмы любіць паўтараць: заўсёды наперад, ніколі назад! "Прафан ў палітыцы, роля ангельскае каралевы..." Не слухай нікога. Стань нашым беларускім Гаўлам,” – піша Вольга з Прагі, формай звароту (на “ты”) намякаючы на адносіны з патэнцыйным прэзыдэнтам ня больш далёкія, чым адлегласьць выцягнутай рукі пры брудэршафту.

Вось жа любяць жанчыны заклікаць палітыкаў (мужоў, сяброў, калег па працы) пераўтварыцца ў некага канкрэтнага. У супэргероя. “Будзь Гаўлам”. “Будзь Валэнсам” (Брэдам Пітам, Білам Гейтсам). Альбо – “Стань зубром!”. На скрайні выпадак, як сьпявае расейская поп-зорка:

“Будь со мной мальчиком,
пушистым зайчиком...”


Павал зь Менску адказвае Вользе, якая з Прагі заклікае паэта Някляева ў Менску стаць Гаўлам:

“Ня стане. Гавел быў дысыдэнт, паэт -- ганаровы камсамолец і ўдзельнік КПССных з'ездаў”.


Паправім Паўла: Някляеў быў (не як дэлегат) толькі на адным – XXV – з’езьдзе КПСС, дзе сапраўды чытаў свой верш пад час прывітаньня дэлегатаў ад імя савецкай моладзі (“Плыви, страна, эпохи ледокол! Звени в цехах! Шуми в полях без края!..”) .

Той выступ аздобіўся легендамі – некаторыя спрачаюцца, тры разы пацалаваўся Някляеў з дарагім Леанідам Ільічом, альбо толькі адзін. Але нават і адзін падаецца як зьнішчальны для рэпутацыі кампрамат.

Скажам праўду: не цалаваўся. Паміж паэтам і генсэкам быў досыць шырокі стол прэзыдыюму.

Беларускім Гаўлам, як гэтага зычыць яму Вольга, Някляеў ня стане.

Таму, што чужы лёс паўтарыць увогуле немагчыма.

Але сярод беларускіх літаратараў мала людзей з вопытам, падобным на някляеўскі – верш генсэку, гутаркі з Лукашэнкам, старшынёўства ў СП, эміграцыя, эстрадныя шлягеры, высокамастацкая проза... Цяпер яшчэ і кандыдацтва ў прэзыдэнты.

Невядома, ці атрымаецца ў яго гэтае прэзыдэнцтва.

Але можа атрымацца добры раман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG