Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І потым, самае сьмешнае, такую ж лічбу агучвае Ярмошына”


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Афіцыйныя сацыёлягі распаўсюдзілі вынікі дасьледаваньняў, паводле якіх перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах атрымае Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Аналітычнага цэнтру EcooM, за дзейснага кіраўніка краіны прагаласуюць 78,1% апытаных. Згодна з дасьледаваньнем Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, 90% апытаных возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Абодва дасьледаваньні праводзіліся ў жніўні. Як ставяцца да гэтых лічбаў незалежныя сацыёлягі і аналітыкі?

Лічбы “праўладных” сацыёлягаў істотна адрозьніваюцца ад вынікаў апытаньняў незалежных сацыялягічных службаў. У ліпені апытаньне ў Беларусі праводзіў літоўскі дасьледчы цэнтар Baltic Surveys. Што адказвалі рэспандэнты наконт галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, апавядае кіраўніца цэнтру Раса Алішаўскене:
было вельмі многа тых, хто ня вызначыўся — каля 30 %...

"Было адкрытае і закрытае апытаньне. Пры адкрытым мы прасілі, каб людзі самі называлі прозьвішчы, і там было 33 %. А калі ўжо называліся нейкія прозьвішчы, усяго сем прозьвішчаў, то ў Лукашэнкі было 44 %. Але было вельмі многа тых, хто ня вызначыўся — каля 30 %. Гэта тыя, хто сказаў, што ня пойдзе на выбары альбо ня ведаў, за каго будзе галасаваць. Сёлета пры ўсіх апытаньнях даволі вялікая колькасьць апытаных, каля траціны, хто яшчэ не зрабіў выбар і ня мог адказаць".

Па выніках чэрвеньскага апытаньня літоўскага Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), у адказах на закрытае пытаньне за А.Лукашэнку выказалася 48% апытаных, на адкрытае пытаньне — 46% рэспандэнтаў. Аляксандар Сасноў згадаў гэтыя лічбы, камэнтуючы вынікі афіцыйных дасьледчыкаў.

Аляксандар Сасноў
"EcooM зьяўляецца толькі тады, калі ў краіне ідуць нейкія выбары. Потым ён зноў зьнікае. Палітычнымі дасьледаваньнямі ён не займаецца. Кажуць, што ён займаецца маркетынгавымі дасьледаваньнямі. Але раптам перад выбарамі EcooM робіць нейкае апытаньне і потым кажа, што дзейсны прэзыдэнт атрымоўвае нейкую лічбу. І потым, самае сьмешнае, што менавіта такую ж лічбу агучвае спадарыня Ярмошына. Вось у чым справа. Праверыць іх дадзеныя ніяк немагчыма. Ніхто ня ведае, колькі галасоў будзе аддадзена за Лукашэнку. Невядома. Ніхто ніколі не лічыў, пачынаючы з 1994 года. Праверыць немагчыма, і яны могуць казаць, што хочуць. Могуць нават нічога не праводзіць і казаць тую лічбу, якую ім загадаюць".

Спадар Сасноў адзначае, што нават у самы спрыяльны для А.Лукашэнкі 1994 год лічбы былі меншыя. Таксама і цяпер усе незалежныя сацыялягічныя службы даюць значна меншыя лічбы.

"Ну, няма 78 %. Гэта высмактана з пальца. Гэта тое самае, што, як казаў Лукашэнка, было 90 %, а я загадаў, каб было 85 %".

Паводле палітоляга Юрыя Чавусава, выніковыя дадзеныя выбараў і тыя лічбы, якія агучвае EcooM, бяруцца з адной і той жа крыніцы — з адміністрацыі прэзыдэнта.

Юры Чавусаў
"EcooM вядомы сваім сумнеўным дачыненьнем да сапраўднай сацыялёгіі. І зьяўляецца арганізацыяй, якая не нясе адказнасьці за свае лічбы. Зь іншага боку, вядома, што тое, што агучвае EcooM, яно агучваецца як арыентыр для маніпуляцый на выбарчых участках. Памятаем, што Аляксандар Рыгоравіч казаў, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары былі сфальшаваныя. Дык вось яны былі сфальшаваныя ў накірунку адпавяданьня лічбам, якія прадказваў EcooM".

Незалежныя назіральнікі з кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" мяркуюць падчас выбарчай кампаніі надаць значную ўвагу яўцы і зьбіраюцца лічыць выбарцаў па галовах. Яны падазраюць, што яўка моцна завышаецца, то бок зь яўкай могуць быць маніпуляцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG