Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны прэтэндэнтаў стануць вядомыя 24 верасьня


За першы тыдзень выбарчай кампаніі толькі адзін кандыдат у прэзыдэнты Беларусі — Віктар Цярэшчанка — падаў у Цэнтральную выбарчую камісію дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Астатнія прэтэндэнты пакуль не сьпяшаюцца. Згодна з законам аб выбарах яны маюць час да 24 верасьня ўключна. А самі выбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца 19 сьнежня.

Варыянтаў тэрміну правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў было тры — 12 і 19 сьнежня 2010 году і 6 лютага 2011 году. Пра гэта журналістам паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Чаму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а менавіта яны прызначаюць выбары кіраўніка дзяржавы, спыніліся на 19 сьнежні? Старшыня парлямэнцкай камісіі Васіль Байкоў лічыць гэту дату аптымальнай:

«Пры вызначэньні даты выбараў камісія зыходзіла з таго, каб забясьпечыць максымальны ўдзел грамадзянаў у выбарчай кампаніі і правесьці яе ў зручны для выбарцаў час. Правядзеньне выбараў да канца году дазволіць бяз страты часу на выбарчы працэс, літаральна з пачатку 2011 году прыступіць да ажыцьцяўленьня задач сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на чарговы год і пяцігодку».

Дэмакратычныя кандыдаты адзначаюць, што для іх не было нечаканасьцю прызначэньне выбараў на сьнежань. Такія прагнозы ўжо выказваліся раней.

Уладзімер Някляеў: «Тое, што выбары прызначылі на сьнежань, а не на люты, азначае, што ўжо ад Новага году пачнуцца напружаньні практычнага характару. Найперш — у стасунках Беларусі з Расеяй, зьвязаныя з усімі трубамі — нафтавымі і газавымі, з падпісаньнем пагадненьняў. Таксама ня самая добрая сытуацыя можа скласьціся ў зьвязку з дэвальвацыяй рубля. Вось у такіх ня самых спрыяльных эканамічных умовах праводзіць выбары, рабіць асноўную палітычную кампанію было б самагубствам з боку ўлады, з боку Лукашэнкі. Таму выбары прызначаныя ўсё ж да Новага году, калі
Таму выбары прызначаныя ўсё ж да Новага году, калі яшчэ ёсьць чым плаціць рабочым на заводах, пэнсіянэрам, усім, хто атрымлівае грошы зь бюджэту.
яшчэ ёсьць чым плаціць рабочым на заводах, пэнсіянэрам, усім, хто атрымлівае грошы зь бюджэту».

Кандыдаты ў прэзыдэнты на гэтых выбарах упершыню змогуць дадаткова купляць эфір на тэлебачаньні і радыё і выпускаць друкаваную прадукцыю. Такая магчымасьць зьявіцца ў іх пасьля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіць палажэньне аб індывідуальным выбарчым фондзе кандыдата ў прэзыдэнты. Старшыня ЦВК сказала, што парадак напаўненьня індывідуальнага выбарчага фонду яшчэ будзе вызначацца. Але асноўныя парамэтры ўжо вядомыя. Так, максымальны памер фонду ня можа перавышаць 3000 базавых велічынь. На сёньняшні дзень гэта 105 мільёнаў рублёў, альбо каля 35 тысяч даляраў.

Ёсьць і іншыя абмежаваньні, кажа Лідзія Ярмошына:

«Галоўная ўмова — што гэта спонсарскія грошы грамадзян і арганізацый Рэспублікі Беларусь. Замежныя сродкі (ад грамадзян, арганізацый альбо замежных дзяржаў), сродкі ад бюджэтных арганізацый альбо ад такіх, якія часткова фінансуюцца зь бюджэту, ад рэлігійных арганізацый у дадзеныя фонды паступаць не павінны і ня могуць».

Беларусь запрасіла на прэзыдэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ і СНД. Як і раней, сёлета іх таксама клічуць паасобку. Гэтым разам апазыцыя змагаецца за тое, каб былі ня дзьве, а толькі адна сыстэма міжнароднага назіраньня — пад эгідай Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька называе гэту задачу стратэгічнай:

«І на гэтую стратэгічную мэту мы ўжо пачалі працу. Так, на мінулым тыдні наша партыйная дэлегацыя ў Бэрліне праводзіла перамовы з улікам гэтага фактару. Здолелі знайсьці паразуменьне і ў Бундэстагу, і ў ведамстве канцлера.

З гэткім самым мэсыджам Яраслаў Раманчук паехаў у Вашынгтон, дзе праводзіў шматлікія сустрэчы. Вельмі важна, каб зараз была адна сыстэма міжнароднага назіраньня, а ня некалькі паралельных, якія канкуруюць паміж сабою загадзя. І не на прававым полі, а на палітычным».

Хто яшчэ, акрамя Віктара Цярэшчанкі, мае намер уключыцца ў барацьбу за пасаду кіраўніка дзяржавы? Імёны прэтэндэнтаў стануць вядомыя не пазьней за 24 верасьня. Але ўжо сёньня можна канстатаваць — сярод іх ня будзе Аляксандра Мілінкевіча. Лідэр руху «За свабоду» заявіў, што разам зь лідэрамі Партыі БНФ, Беларускай партыі «Зялёныя» і саюзу «За мадэрнізацыю» ён падпісаў пагадненьне аб стварэньні грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар». Палітык патлумачыў, чаму ён ня будзе балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты.

«Рух „За свабоду“ накіраваў у АБСЭ, Раду Эўропы, Эўрапарлямэнт, Эўракамісію, амбасадарам краінаў Эўразьвязу і СНД, а таксама ў Палату прадстаўнікоў лісты з патрабаваньнем зьменаў у выбарчым заканадаўстве.

Зьмены вельмі простыя, каб мы лічылі галасы разам. Улада сёньня слабейшая, магла б пайсьці на гэтыя саступкі. Але я думаю, яна не разумее сваёй гістарычнай ролі і важнасьці, каб на Беларусі зьявілася легітымная ўлада. І пасьля таго, як выбары былі анансаваныя, Лідзія Ярмошына сказала, што зьменаў у заканадаўстве у час выбарчай кампаніі ня будзе. Для мяне гэта асноўная прычына, па якой я ня буду выстаўляць сваю кандыдатуру на гэтых выбарах. Бо не хачу браць удзел у спэктаклі, дзе адзін рэжысэр, адзін сцэнарыст, адзін актор. Не хачу ў ёй быць статыстам. І хачу, каб людзі на Беларусі і нашы партнэры ў замежжы ведалі, што насамрэч выбараў у Беларусі няма».




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG