Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства ня ўносяцца пасьля старту выбарчай кампаніі


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
У зьвязку з прызначэньнем прэзыдэнцкіх выбараў на 19 сьнежня сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў у размове з карэспандэнтам "Свабоды", што ЦВК быў гатовы да любых тэрмінаў. Былі распрацаваныя некалькі каляндарных плянаў на розныя даты.

"Практычна мы былі гатовыя і на 12 сьнежня, і на 19 сьнежня, і на 6 лютага. ЦВК гатовая да любой даты. І тое, што неабходна для старту выбарчай кампаніі, мы прымем на пасяджэньні ЦВК, якое адбудзецца 15 верасьня".

У зьвязку з прызначэньнем тэрміну выбараў М.Лазавік назваў некаторыя даты з раскладу выбарчай кампаніі.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі павінны быць утвораныя не пазьней за 29 верасьня. Вылучэньне прадстаўнікоў павінна скончыцца за тры дні да ўтварэньня камісіяў. Фармаваньне ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты павінна завяршыцца да 24 верасьня. Потым даецца месяц на збор подпісаў, і гэтая кампанія будзе ісьці прыкладна да 29 кастрычніка. Паводле закону рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты пачынаецца за 35 дзён і завяршаецца за 25 дзён да выбараў — з 14 лістапада па 23 лістапада.

"Тры месяцы, якія прадугледжаныя законам для падрыхтоўкі да выбараў, даюцца арганізатарам і суб'ектам, якія вылучаюцца ці вылучаюць. Усё адбываецца ў рамках дзейнага заканадаўства".

Што да магчымых зьменаў у выбарчае заканадаўства, то, паводле Мікалая Лазавіка, "ніхто і не плянаваў іх уносіць".

"Парлямэнт, які прымае рашэньне пра ўнясеньне тых ці іншых паправак, павінен зыходзіць з мэтазгоднасьці іх унясеньня. Наколькі гэта абгрунтавана, наколькі гэта мэтазгодна рабіць тады, калі ўжо пачалася выбарчая кампанія. У нас усталявалася правільная тэндэнцыя, што істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства ня ўносяцца ўжо пасьля старту самой выбарчай кампаніі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG