Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінсельгасхарч: налягайце не на грэчку, а на макароны


Што адбываецца на харчовым рынку Беларусі? Чаму ўсьлед за Расеяй у асобных рэгіёнах краіны адчуваецца недахоп прадуктаў — найперш, масла, грэчкі, некаторых крупаў? Што спараджае харчовы дэфіцыт?

Пасьля ажыятажу з грэчкай у Расеі беларускія ўлады на 50% падвысілі закупачныя цэны на гэтую культуру. Рэзкі скачок прывёў да таго, што грэчка пачала зьнікаць і зь беларускіх крамаў — каб потым зьявіцца па новых цэнах. Прыблізна тое ж адбываецца са сьметанковым маслам. Міністар гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў лічыць, што да ажыятажнага попыту прыклалі руку журналісты — маўляў, стварылі праблему на роўным месцы. Калі раней сталіца спажывала штодня 10 тон грэчкі, то ў апошнія дні ў гандлёвую сетку адпраўляецца 20-30 тон. Таксама міністар пракамэнтаваў падвышэньне закупачных коштаў на грэчку і сытуацыю з маслам:

«Мы спажывем на ўнутраным рынку толькі 30% ад усяго вырабленага аб’ёму масла. І калі заўтра на ўнутраным рынку запатрабуецца павялічыць аб’ём продажу, то мы гэта зробім вельмі хутка, безь якога-небудзь напружаньня, бо яно ў нас ёсьць у рэзэрве. Апроч таго, мы прааналізавалі цэны, і яны навокал вышэйшыя. У дадзеным выпадку мы прааналізавалі грэчку, і аказалася, што цана ў суседніх краінах вышэйшая. Таму было прынятае рашэньне крыху падвысіць цану. Але магу сказаць адназначна: гэтая цана ніжэйшая, чым за мяжой. Я спадзяюся, што калі гэтая сытуацыя супакоіцца, то без таго ажыятажу (бо невядома, навошта набіраць столькі таго, што немагчыма зьесьці) цана будзе нармальнай і будзе трымацца такой, якая ёсьць сёньня. Калі ж мы ўбачым, што тэндэнцыя працягваецца, мы будзем ва ўрадзе прымаць адпаведныя рашэньні. Але пакуль такой неабходнасьці няма».

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў: Беларусь мусіць зарабіць на неўраджаі ў Расеі. Аднак статыстыка сьведчыць, што вытворчасьць харчаваньня ў жніўні зьнізілася больш чым на 5% у параўнаньні зь ліпенем. І паўстае пытаньне ня столькі экспарту, колькі своечасовага ўнутранага забесьпячэньня. Найбольшы адкат па малочнай прадукцыі — амаль 9-працэнтнае зьніжэньне вытворчасьці.

Дырэктар дэпартамэнту хлебапрадуктаў Мінсельгасхарчу Васіль Седзін адказнасьць за ажыятажны попыт на некаторыя прадукты харчаваньня ўскладае на імпартэраў — маўляў, у той час, як назіраўся дэфіцыт грэчкі, асобныя бізнэсоўцы чакалі, каб прадаць яе па больш выгодных цэнах:

ў нас сёньня зьяўляюцца нядобрасумленныя імпартэры…
«Што да грэчкі, то ў нас сёньня зьяўляюцца нядобрасумленныя імпартэры. Калі было ім добра, яны максымальна сюды імкнуліся. А цяпер ёсьць такія факты, якія дэстабілізуюць сытуацыю ў краіне. Мы выправілі нашу хлебную інспэкцыю і высьветлілі: у той час, як у некаторых крамах адсутнічала грэчка, то па стане на 10 верасьня толькі ў адной арганізацыі мелася на складах 164 тоны гэтай крупяной прадукцыі, якая не пастаўлялася ў розьнічную сетку. Думаю, гэта рабілася наўмысна, бо чакалі падвышэньня цаны. Але такая пазыцыя — няправільная. У любой сытуацыі мы сёньня забясьпечым краіну грэцкімі крупамі — тут пытаньняў няма. Але імпартэры ў гэтай частцы працуюць няправільна».

У сваю чаргу спадар Седзін заклікаў спажыўцоў налягаць на макароны — гэтай прадукцыі на складах поўна.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў перакананы, што пры адпаведным падыходзе Беларусь магла б цалкам пракарміць сябе і атрымліваць прыбыткі ад экспарту прадукцыі. Аднак часта здараецца, што ўраджай у справаздачах ёсьць, а на паліцы выкласьці няма чаго:

«Што тычыцца ківаньня на неўраджай, на неспрыяльныя ўмовы, то ёсьць адносна гэтага анэкдот — яшчэ тых часоў, калі я працаваў, быў малады. Сустрэліся два селяніна: адзін зь перадавога калгасу, а другі — з адсталага. Знаёмыя, калісьці суседзямі былі, абмяркоўваюць. Бедны запытвае ў багацейшага: ну як там у вас становішча? Нічога, кажа, нешта вырасла, старшыня абяцае, што з голаду пухнуць ня будзем. А ў вас што чуваць? — пытаецца багацейшы. І той адказвае: разумееш, якая справа — дзе ня сеялі, там нічога і ня вырасла… Дык вось у нас сытуацыя прыблізна такая ж: ураджай часта бывае толькі на паперы, а як справа даходзіць да паліцаў крамаў, то, аказваецца, няма чым іх напоўніць».

Фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч перакананы: каб праца аграрыяў была рэнтабэльнай, трэба дакладна разьлічваць свае сілы. Але пад гнётам спушчаных зьверху плянаў гаспадаркі вымушаныя брацца за ўсё, ні за чым у выніку не пасьпяваючы:

«Раней я трымаў каровы, таксама былі авечкі, коні. Але калі трымаеш скаціны мала, то ўсё гэта становіцца нерэнтабэльна. Трэба арыентавацца на вузкую спэцыялізацыю. Таму цяпер я залежу толькі ад некаторых гатункаў гародніны. Але многія лічаць, што я і цяпер імкнуся абхапіць неахопнае. Калі тры гады таму да мяне прыяжджаў галяндзец, які займаецца сельскай гаспадаркай, ён жа зараз кансультант у аграрнай галіне, дык вось калі ён даведаўся, што я вырошчваю 24 віды гародніны, то наўпрост сказаў: гэта ня ёсьць добра, ты рызыкуеш збанкрутаваць, разумееш? Трэба дакладна вызначыцца з прыярытэтам, а не распыляцца на 24 кірункі».

Што да пэрспэктываў «азалаціцца» на неўраджаі ў суседняй Расеі, то нават чыноўнікі ня бачаць асаблівых падставаў да аптымізму. Прыкладам, што да той жа грэчкі, то прадстаўнік Мінсельгасхарчу Васіль Седзін сказаў, што ня бачыць неабходнасьці яе экспартаваць, бо сабраных 27 тысяч тон якраз хопіць для ўнутраных патрэбаў. Прыблізна такая ж пазыцыя і па астатнім прадуктовым асартымэнце, выключаючы хіба цукар і малочныя прадукты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG