Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шукае Лукашэнка шляхоў прымірэньня з Масквою?


З губернатарам Курскай вобласці Расеі Міхайлавым учора сустрэлася прадстаўнічая беларуская дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам. Ці можна гэта разглядаць як сыгнал прымірэньня Маскве? Як можна ацаніць заявы Лукашэнкі падчас перамоваў? Ці паверыць Масква сьлязам?


Удзельнікі: намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту – Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы і журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі зь Менску.


Сыгнал прымірэньня?


Валер Карбалевіч: “Шараговага расейскага губэрнатара прымалі як прэзыдэнта. Падчас перамоваў у склад беларускай дэлегацыі, акрамя прэзыдэнта ўваходзілі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, віцэ-прэм'ер, міністар замежных спраў, міністар сельскай гаспадаркі і інш. Потым Міхайлава прыняў яшчэ прэм'ер Сідорскі. Чым можна патлумачыць такі высокі ўзровень прыёму? Гэты сыгнал гатоўнасьці да прымірэньня?"

Андрэй Суздальцаў: "Ёсьць узгодненыя праграмы супрацоўніцтва расейскіх рэгіёнаў з Беларусьсю. У рамках гэтых праграмаў губэрнатары і прыязджаюць у Менск. Яны доўгатэрміновыя, тэрміны візыту ўзгадняліся даўно, яшчэ да пачатку інфармацыйнай вайны. А высокі ўзровень беларускай дэлегацыі тлумачыцца тым, што Менск выкарыстоўвае любы даступны канал выхаду на Маскву, нават праз рэгіёны".

Карбалевіч: У палітычным стылі Лукашэнкі – адказваць ударам на ўдар. Калі яго крытыкуюць, ён звычайна адказвае вельмі рэзка і агрэсіўна. Гэтым разам усё інакш. На жорсткія, абразьлівыя матэрыялы расейскіх мэдыяў ён адказвае стрымана. І гэтым разам падчас перамоваў з Міхайлавым у чацьвер рыторыка Лукашэнкі была прымірэнчая. І згода прыняць старшынства ў АДКБ – гэта таксама жэст прымірэньня?"

Паўлюк Быкоўскі:
"Сапраўды, Лукашэнка прапанаваў вынесьці ўсе гэтыя канфліктныя праблемы за дужкі ўзаемадачыненьняў. Ён казаў, што гэта канфлікт паміж кіраўнікамі, а не паміж дзяржавамі. Тэзіс "давайце сябраваць" прагучаў некалькі разоў. Гэта быў асноўны мэсыдж для Крамля".

Што тычыцца АДКБ. Год таму ў Сочы Лукашэнка абяцаў, што старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі. Але вось аб'яўлены новы тэрмін – сьнежань".

Карбалевіч: "А вам не падалося, што гэты прымірэнчы мэсэдж Лукашэнкі быў скіраваны не расейскаму кіроўнаму тандэму, а праз іх голаву расейскай кіроўнай эліце, у прыватнасьці губэрнатарам?"


Ці прыме Масква сыгнал?


Быкоўскі: "Гэта магло даць эфэкт у часы Ельцына. Цяпер сытуацыя зьмянілася, кіраўнікі рэгіёнаў не выбіраюцца, як раней, а прызначаюцца прэзыдэнтам. Але Лукашэнка спрабуе працягваць гуляць у гэтую гульню. Але усё ж, думаю, галоўны адрасат мэсэджа – гэта кіраўніцтва РФ.

Суздальцаў: "Лукашэнка вядзе размову з Масквою, нібы нічога не адбылося. Прымірэнчыя заявы кіараўніка Беларусі кажуць аб тым, што ягоныя пазыцыі слабыя. Ён не прапануе новых ініцыятываў і ўхіляецца ад дыскусій, не адказвае на закіды Расеі".

У АДКБ галоўную ролю адыгрывае генэральны сакратар гэтай арганізацыі. Цяпер гэтую пасаду займае расейскі генэрал Бардзюжа. А роля старшыні зводзіцца да каардынацыі высілак усіх краін-сябраў арганізацыі, правядзеньня самітаў, вызначэньне парадку дня. Лукашэнка рэзка крытыкаваў АДКБ падчас кіргізкага крызысу. Вось цяпер няхай прапане рэфармаваньне АДКБ".

Карбалевіч: "Якой будзе рэакцыя Расеі? Ці паверыць Масква сьлязам? Ці дастакова заяваў? Ці Маскве патрэбныя канкрэтныя дзеяньні, а не рыторыка?"

Быкоўскі:
"Думаю, Масква будзе чакаць канкрэтных крокаў, а не абяцаньняў. Але кіраўніцтва абодвух дзяржаваў не спальваюць масты. Будзе працягвацца супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі, абароннага заказу і інш. Бо ёсьць шмат супадаючых інтарэсаў".

Суздальцаў:
"Цяпер Расея індыфэрэнтна ставіцца нават да тэмы прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Пры тым, што Лукашэнка працягвае вылучаць патрабаваньні Маскве. Таму кіраўніцтва Расеі праігнаруе гэтыя жэсты Менска".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG