Па дарозе на Нарачанскі мыс, я ня змог не спыніцца каля турыстычнай стаянкі “Антанізьберг”. Дзесяткі машын каля берага. Дзесяткі маладых людзей у вадзе. Вельмі шмат нецьвярозых. А побач аднайменная вёска. Часам маленечкія беларускія вёскі носяць гордыя імёны, якія б пасавалі для вялікага гораду. Няйначай, гаспадар вёскі быў вялікі германафіл. Уявіце, каб такую назву мела б сталіца Беларусі. Як вам фраза “Афіцыйны Антанізьберг накіраваў Маскве ноту пратэсту?” З такой назвай ніякая малочная вайна ня страшная. У самым прыгожым антанізьберскім доме, што стаіць на пагорку і на фундамэнце былой панскай сядзібы, жыве старая Данута. Кабета з добрым адкрытым тварам.
Карэспандэнт: “Ці не надакучаюць турысты?”
Данута: “Чаму не надакучаюць? Надакучаюць. І ў гароды лезуць, і ў сады лезуць. Нават у дровы. Хоць ім і завозяць, але кажуць, што адны загрузяць сабе многа дроў, а другія... Бывала такое, што і ноччу...
Карэспандэнт: “Яны ідуць красьці?”
Данута: “Красьці”.
Карэспандэнт: “Вы жывеце тут, з аднаго боку, прыгожа...”
Данута: “А зь іншага боку, свой калодзеж трэба на замку трымаць. Летась два вядры памяняла. Сярод начы толькі — ба-бах. Асабліва моладзь. Канечне, не сямейныя”.
Карэспандэнт: “Я толькі хацеў Вам пазайздросьціць”.
Данута: “І многія нам зайздросьцяць”.
Карэспандэнт: “Што Вы жывеце на курорце”.
Данута: “На курорце. І гаспадарку ж яшчэ трымаем. Канечне ж, добра. Працаваць жа трэба”.
Якраз у гэты момант як жывая ілюстрацыя курортнага жыцьця да нас наблізілася кампанія моладзі. Дзяўчына гадоў 20-ці папрасіла мыла.
Дзяўчына: “У Вас ня будзе кавалачка?”
Данута: “А ў краме?”
Дзяўчына: “А ў краме няма”.
Карэспандэнт: “І часта да Вас зьвяртаюцца з такімі просьбамі?”
Данута: “Часта з усякімі. І прадукты, і мыла трэба. І вада трэба. І зарадзіць тэлефон”.
Карэспандэнт: “Дык Вы можаце зрабіць маленькі бізнэс”.
Данута: “Я не прывыкша так. Можа, хто і мог бы. Такая душа. Пусьціш людзей падзарадзіцца. Парой прыйдуць — можа, у Вас якая крышка ад каструлі ёсьць? І такое бывае”.
Дарэчы, больш выгоднага месца для нарачанскага гандлю, чым хата Дануты цяжка адшукаць. І можна толькі гадаць, што б на яе месцы зрабіў які ўвішны чалавек. А Данута трымае карову і сілкуе сваёй электрычнасьцю чужыя мабільнікі.
Дарога да Наносаў ідзе ўздоўж жывапіснейшага берага. Спыняйся, дзе хочаш і насалоджвайся жыцьцём. Ні курортнікаў, ні п’яных падлеткаў. Сама ж вёска выглядае значна цікавейшай, чым я яе ўяўляў. Гэта ня хаты на пляжы. Гэта дзьве крывыя вулачкі. Хаткі, гароды, сады. А на заднім пляне — беларускае мора.
На адным з прыморскіх гародаў худая высокая старая са сваёй дачкой зьбірала гуркі.
Кабета: “Тут ужо ўсе павыміраўшы. Хаты стаяць, лічы, свабодныя. Па адным жывуць. То мужык, то баба.”
Карэспандэнт: “І свабодныя хаты можна купіць?”
Кабета: “Прадаюць. Тут каля возера і сорак даюць. І 60 тысяч даляраў. За нашу таксама. “Мы вам і кватэру купім. Толькі прадайце”. Баба ж жыве, як мы будзем прадаваць. Не пагаджаемся. Ды й мы самі будзем тут.
Старая: “Зямля. Будзеце рабіць.”
Карэспандэнт: “А з чаго вёска жыла? Рыба?”
Старая: “Ой, рыбы было! Закапвалі. Не было куды дзяваць. А цяпер якая то рыба?”
Карэспандэнт: “Раней, пры Польшчы мужыкі з гэтай рыбы жылі?”
Старая: “Так. Сеткі былі. Гэта ж было ўсё сваё. Лес быў. Бяры дроў, колькі хочаш. Не было ніякіх лесьнікоў, нічога.”
Карэспандэнт: “Такое жыцьцё ў раі.”
Кабета: “Чаму ў раі? Тут ёсьць таксама і сельсаветы, і райвыканкамы.”
Карэспандэнт: “А немцы сюды прыходзілі ў вайну ці не?”
Старая: “І партызаны баяліся. І немцы баяліся. У нас быў праход на возера. Толькі тапіцца лезьці. Гэта рэдка, калі партызаны па возеры зімой. І немцы разы са два...”
Я шмат разоў чуў ад беларускіх вяскоўцаў фразу, што баяліся і немцаў, і партызан. Але ўпершыню пачуў адваротнае. Што баяліся і немцы, і партызаны. Я нават сьпярша падумаў, што нешта не дачуў. Але мае сумневы разьвеяў 75-пяцігадовы наносец Мар’ян, які адпачываў у хаце з жонкаю. Вакно вясковай хаты, адкуль адкрывалася панарама возера, нагадвала раму карціны Айвазоўскага.
Карэспандэнт: “Немцы ў другую вайну, яны сюды заходзілі ў Наносы, ці вы іх ня бачылі?”
Кабета: “Раз былі зайшоўшы, я ўжо помню. А так не заходзілі ні немцы, ні партызаны.”
Мар’ян: “Чаму? Партызаны былі.”
Кабета: “Праездам! Праездам ехалі праз возера. Ніхто ў нас не стаяў тут. Ні немцы, ні партызаны.”
Мар’ян: “Таму, што з гэтага боку возера, і з гэтага.”
Кабета: “А немцы, я помню, адзін раз заехалі.”
Мар’ян: “Яны ў Германію кагосьці хацелі адправіць.”
Кабета: “Нікога не адправілі”.
Карэспандэнт: “Ну, вы жывеце, як на курорце.”
Кабета: “У іх было адзначана чырвоным, дзе партызаны стаялі. Яны палілі вёскі. Нашу не палілі.”
Мар’ян: “Можа, баяліся, што вакол возера. Каса такая заходзіць.”
Карэспандэнт: “Дык у вайну нікога не забілі?”
Мар’ян: “Не.”
Карэспандэнт: “Ніводнай хаты не спалілі?”
Мар’ян: “Не.”
Карэспандэнт: “Нікога ў Германію ня ўгналі?”
Мар’ян: “Не.”
Прагульваючыся па Наносах, я залюбаваўся адной карцінай: на лавачцы сядзеў і курыў худы зморшчаны стары. Глыбокія вочы, цыгарэта ў загарэлай старэчай руцэ. А за невысокай загарадкай — нарачанская сінь. Проста жывая ілюстрацыя да Хэмінгуэеўскага “Старога і мора”. Я папрасіў прыкурыць. Завязалася няхітрая размова. Стары Ўладзімер налета будзе адзначаць свае 80-я ўгодкі
Карэспандэнт: “Вы тут і нарадзіліся?”
Уладзімер: “Тут і нарадзіўся.”
Карэспандэнт: “Проста на гэтым беразе?”
Уладзімер: “Так. Век пражыў на гэтым беразе. І бацькі памерлі, і жонка памерла. Адзін застаўся. Прыходзілі купцы. І дом пабудуюць. Кажу: “Не.” Трое дачок ёсьць.”
Карэспандэнт: “Калі лепш за ўсё жылося? У якія гады?”
Уладзімер: “Пры паляках вельмі добра жылося. А цяпер...”
Карэспандэнт: “А з чаго вёска жыла за палякамі?”
Уладзімер: “Рыба. Рыбу лавілі, ніхто не папракаў. Лаві хоць тонамі. Лодкамі вазі. Вазілі аж у Вільню.”
Карэспандэнт: “З Наносаў у Вільню?”
Уладзімер: “Так. На кані. Ніхто не забараняў. Лаві, колькі хочаш. Цікава было.”
Карэспандэнт: “А калі пачалі забараняць.”
Уладзімер: “Як наступіла савецкая ўлада.”
Помніць стары Ўладзімір і вайну. Як час спакою.
Уладзімер: “Партызаны баяліся. І немцы баяліся. Як прыціснуць на касе”.
Карэспандэнт: “Таму і не саваліся.”
Уладзімер: “Не.”
Карэспандэнт: “Дык атрымліваецца, што падчас акупацыі вёска Наносы жыла свае лепшыя гады? Жыла і жыла.”
Уладзімер: “Жыла і жыла.”
Карэспандэнт: “Уладзімер, Вы шчасьлівы чалавек. Вы жывеце ў самым прыгожым месцы Беларусі.”
Уладзімер: “Я раней па вярбоўках усюды езьдзіў. У Архангельск езьдзіў, у Іркуцк.”
Карэспандэнт: “І Байкал бачылі?”
Уладзімер: “Бачыў.”
Карэспандэнт: “А ці бачылі прыгажэйшыя месцы за месца, дзе Вы нарадзіліся?”
Уладзімер: “Не. Няма. Я ўжо аджываю свой век. Я хутка да жонкі пайду. Трэба ісьці”.
Самаю страшную бяду, якая абрынулася на Беларусь у ХХ стагодзьдзі, у Наносах, па сутнасьці, і не заўважылі. Сотні вёсак палалі разам з жыхарамі. Тысячы вёсак галадалі. А ў Наносах нават ня могуць узгадаць, як выглядалі тыя немцы. Хоць тут непадалёк захаваліся нямецкія доты. Але тое зь першай вайны. І вось унікальнае геаграфічнае становішча, якое ратавала ў вайну, у наш час сыграла з Наносамі нядобры жарт. Наносы пачалі абжываць новыя жыхары. Нуварышы нулявых гадоў. Два вялікіх форты з высачэзнымі платамі паўсталі ў розных канцах вёскі. Нібы ўзялі паселішча пад свой кантроль.
Насельнікі фортаў не сьпяшаюцца знаёміцца з суседзямі. Але знаёмства адбылося. На адным з падворкаў мне апавялі гісторыю, што цягне на які фільм жахаў. Як гаспадар аднаго з маёнткаў выпусьціў пагуляць ваўка са свайго зьвярынца.
Кабета: “Прывез ваўка. Яго выпусьцілі пагуляць. Ён галодны і падушыў курэй тут.”
Карэспандэнт: “Воўк бегаў па вуліцы?”
Кабета: “Па вуліцы. Так.”
Старая: “І курэй душыў.”
Карэспандэнт: “Слухайце, а ён тыгра са львом не прывёз?”
Кабета: “Ня ведаем. Коні хутка будуць.”
Карэспандэнт: “А ваўка злавілі?”
Кабета: “Казалі, што пасадзіў у вальер. А аказалася няпраўда. У іншых людзей зноў ён падушыў. Усё роўна вые.”
Карэспандэнт: “Пакуль некаторыя вёскі прачынаюцца пад крык пеўня, вы кладзецеся спаць пад ваўчыны вой. Весела.”
Кабета: “Жывем. Вада, лес, ягады.”
Карэспандэнт: “А што Будзе з Наносамі гадоў праз дваццаць?”
Спадар: “Рэшткі вымруць. Гэта ўсё выкупяць. Хібары пазносяць. Маёнткі паставяць. І ўсё”.
Карэспандэнт: “І зьявіцца перад Наносамі шлягбаўм.”
Спадар: “Натуральна”.
Але пакуль жывыя старыя наносаўцы. Пакуль вёска не аддзялілася ад астатняй краіны шлягбаўмам. Раю ўсім наведацца сюды. Лепшага пляжа на Нарачы знайсьці цяжка.