Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Разанскім фронце (2)



ЦІМУР І ЯГОНАЯ КАМАНДА ВА ЎМОВАХ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ГРАМАДЗТВА


Калі нас, самотных вандроўных валанцёраў, назьбіралася чалавек дзесяць, мы сталі нарэшце заўважнымі для штабнога начальства. Мабыць, людзей яны мысьляць толькі пачынаючы зь дзясятка. Нам выдзелілі аб'ект і далі заданьне. Заданьне самае празаічнае - абкапаць траншэяй адзіную ацалелую ў вёсцы Перадзельцы хату і рознае там па дробязі. Пра гэта не было б чаго распавядаць – ну капалі, ну завалы разьбіралі, ну праваліўся я ў прагарэлы торф па калена – калі б перад намі на тым самым аб'екце і з тым самым заданьнем не пабывала група «Нашых».

«Вось чаму вас, хлопцы, тэлебачаньне не здымае?»
- завёў за абедам гутарку стары, гаспадар хаты.

Потым мы ўжо неяк папрывыклі, заганарыліся, прымалі такія камплімэнты як належнае, а першым разам засаромеліся - у рэшце рэшт, ня надта шмат мы і зрабілі, каб нас гэтак расхвальваць. Аказалася, справа была ня столькі ў тым, што зрабілі мы, а ў тым, што зрабілі «Нашы».

«Прыехалі на машынах, маечкі ў іх там, банцікі. Зара, кажуць, дапаможам табе. Цімураўцы ці як іх там? А, так, «Нашы». Фатаграфаваліся, здымаліся і так і гэтак. Траншэю выкапалі... мэтры тры даўжынёй, на рыдлёўку шырынёй. Кансэрвы нейкія паадкрывалі і павыкідалі - відаць, не спадабалася ім. Пакінулі мне паўбулкі хлеба: бяры, кажуць, дзед – еш...».

На тле шматлікіх ужо скандалаў, зьвязаных з выкрыцьцём інтэрнэт-карыстальнікамі нядобрасумленных (па сутнасьці, ашуканскіх) піяр-акцыяў розных пракрамлёўскіх актывістаў падчас пажараў, гэткія паводзіны могуць падасца абсурднымі і нават самагубчымі. Але насамрэч яны кіраваліся простым разьлікам, зыходзячы з рэаліяў інфармацыйнага грамадзтва - быць неабавязкова, дастаткова здавацца: патрэбную карцінку па тэлевізіі ўбачаць сотні тысячаў, нават мільёны, прапагандысцкая задача будзе выкананая. Дык навошта дарма напружвацца.

Пагатоў, хіба ня гэтак жа сама робіць расейскі прэм'ер-міністар, тушачы зь верталёта пажары на тэлекамеру? Каэфіцыент карыснага дзеяньня ад ягонага тушэньня блізкі да нулявога, тады як на сваім непасрэдным пасту ён, як выглядае, заваліў усю працу, аднак піяр-эфэкт на тэлеаўдыторыю ўражальны - што яшчэ трэба?

ЭКАНОМІКА ДАРУНКА


Адно з прыемных наступстваў пажараў - ва ўмовах адміністрацыйнага вакуўму расейскае грамадзтва паказала сябе здольным да самаарганізацыі. Тысячы людзей, вельмі далёкія раней ад такога кшталту дзейнасьці, добраахвотна ўзялі ўдзел у тушэньні агню, дапамозе пагарэльцам і да т.п.

Самаарганізацыя руліць. Правільныя намеры хутка абрастаюць матэрыяй. Вакол ідэі добраахвотнай пажарнай аховы рэштак лесу ў навакольлях рэштак вёскі Крывушы ўраз матэрыялізаваліся сякеры дзьве штукі, бэнзапіла адна штука. За імі мотапомпы, пажарныя ранцы, пажарныя рукавы. Мясцовы добраахвотнік з Разані Дзяніс у парыве вогнетушыльнага запалу прыгнаў пажарную і палівальную машыны. Ня кажучы ўжо пра хлеб надзённы, які з дастаткам валіўся зь нябёсаў у выглядзе і сухой пайкі, і гарачага харчаваньня.

Так мы і існавалі, ва ўмовах самай сапраўднай эканомікі дарунка: мы дорым дапамогу, нам у адказ - сродкі падтрыманьня жыцьцядзейнасьці. Без пасярэдніцтва мёртвай матэрыі грошай і бюракратычнага кручкатворства.

Затрымайся мы там на месяц, глядзіш, паступова арганізаваўся б філіял МНС, а то і наогул аўтаномная пажарная акруга. Да гэтага, на жаль, не дайшло.

Назіраньне за зьнікненьнем мэркантылізму і бюракратызму ў сьвеце - гледзішча эстэтычна больш прывабнае, чым самыя распрыўкрасныя віды самых распрыўкрасных Альпаў, Гімалаяў, Галапагоскіх выспаў, бяздоннага сіняга мора і бязьмежнага зорнага неба.

Таму, як ні парадаксальна гэта прагучыць, я ніколі настолькі добра не адпачываў як там, на Разаншчыне. Такога напружанага і асэнсаванага існаваньня, не асобнага, а шчыльна зьнітаванага зь існаваньнем іншых, не набудзеш ні за якія грошы.

ЗГАРЫЦЬ КРЫВУША! ЗГАРЫЦЬ СІНІМ ПОЛЫМЕМ! ДЫ ЯНА ЎЖО ЗГАРЭЛА..!


Гэтае пачуцьцё зь лішкам пераважвала ўсе недарэчнасьці і бязглуздасьці, якія мне таксама даводзілася назіраць. Хаця іх было нямала. Ад дробязяў кшталту кансэрваў «Каша пярловая. Губэрнатарская. Зь ялавічынай» з сухпая, у якой ад ялавічыны быў толькі ялавічны тлушч, дый таго зусім крыху, таму мы назвалі яе «трэцятэрміновай» («Выбачыце, уся ялавічына пайшла на губэрнатарскі стол на імпрэзу з нагоды чарговай інаўгурацыі»). Да тэхнікі, якая прыбывала на дапамогу з рэгіёнаў і адразу ж уставала на рамонт, дзіравых пажарных рукавоў, заткнутых галінкамі, палівальнай машыны з прабітай цыстэрнай...

«Палез адзін мужык са зваркай яе чыніць. Паправіць не паправіў, толькі яшчэ адну дзірку прапаліў. Злазіць - я, кажа, увогуле ня зваршчык...», - распавядае кіроўца злашчаснай палівальнай машыны.

У згарэлых Крывушах крадуць цэглу, грузавікамі - новую, прывезеную для будоўлі, той самай, якая праходзіць пад пільным вэб-кантролем спадара прэм'ер-міністра. Гэта нам паскардзіўся адзін мясцовы сьвядомы дзядзечка.

А калі б ад пачатку да канца зазьняць тую фэерыю, якая разгортвалася перад нашымі вачыма ў дзень ад'езду, і выкласьці яе на YouTube, ролік сабраў бы мільён праглядаў, ня менш. І ня менш за палову камэнтатараў зь пенай на вуснах даказвалі б, што гэта гнюсны паклёп і паганая чарнуха. Ну так, я цалкам згодны. Сам дзіўлюся, хто гэты рэжысэр, які паставіў для нас такі забойны фінал. Апісаньне нязьнятага роліка:

Раніца ў лесе. Субота. На паляну перад нашым валанцёрскім штабам заяжджае палівальная машына. Зь яе, хістаючыся, выбіраюцца двое. Кладуцца на траву і засынаюць.

Сьледам за імі зьяўляецца ўазік, зь яго таксама выбіраюцца двое, таксама хістаючыся, але ўжо ня так моцна. Спрабуюць абудзіць першых двух. Выглядае гэта як у клясычных камэдыях: аднаго прыўзьнімуць, пачынаюць паднімаць другога, пакуль паднімаюць яго, першы пасьпявае зваліцца і г.д. Урэшце, яны кідаюць гэты беспэрспэктыўны занятак, проста забіраюць палівальную машыну і зьяжджаюць.

Празь некаторы час першыя двое прачынаюцца і носяцца па паляне зь дзікімі крыкамі «Б.., хдзе палівалка?!»...

Зь лямантам «Мальцы, памажыце выцягнуць машыну! Ну памажыце! Аааа!..» да нашага штаба бяжыць пэрсанаж Ераніма Босха. Няйначай, па вельмі важнай справе едзе, думаем мы. Ідзём дапамагаць. У жыгулёнку, грунтоўна загразлым у пяску, сядзяць чацьвёра. Моцна хістаючыся вылазяць.

Мы разам спрабуем вызваліць машыну, але вызваліць ня можам.

На сцэне зьяўляецца deux ex machina - кіроўца хуткай дапамогі, які хістаецца мацней за ўсіх. Жыгулёнак выцягнулі за лічаныя хвіліны, каля паўгадзіны ня могуць адчапіць трос, увесь час валячыся, крычачы, невядома для чаго запаўзаючы пад машыну і ледзь выпаўзаючы з-пад яе.

І куды б вы думалі яны ехалі? Ну так, працягваць гулянку на беразе пажарнай сажалкі. З закускай у адпачывальнікаў туга, час ад часу яны выпраўляюць да нас ганца - па тушонку, малако, хлеб і г.д. Калі гулянка падыходзіць да сваёй кульмінацыі - гэта значыць, усе ўжо практычна ляжаць покатам - у лесе загараецца.

«Гарым!!!», - патэтычна крычыць жанчына ў ружовым і белым. «Ідзіце тушыць!!!», - гэта ўжо нам. Ідзём тушыць, для гэтага мы сюды і прыехалі. «Не жадаеце нам дапамагчы?», - пытае індзеец Вова ў адпачывальнікаў. «Ідзі на х..», - ляканічна адказваюць тыя. Жанчына ў белым і ружовым выконвае danse macabre - заломліваючы рукі і падвываючы на ўсе лады, яна носіцца вакол сваіх таварышаў і крычыць: «Згарыць Крывуша! Згарыць сінім полымем! Ды яна ўжо згарэла, ха-ха-ха! Гэта бог яе пакараў! За несправядлівасьць! (Нрзбр. пра несправядлівасьць, якую чыніць Крывушынскі сельсавет). Згарыць Крывуша! Згарыць сінім полымем..!» і г.д., і да т.п.



КАЛІ ЗЬ БЕЛАРУСІ - ЗНАЧЫЦЬ, АД БАЦЬКІ. КАЛІ НЕ АД БАЦЬКІ - ЗНАЧЫЦЬ, НЕ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Заўважу, што на побытавым узроўні, нягледзячы на ўсю рыторыку славянскага трыадзінства, беларусы ў Расеі ўспрымаюцца як замежнікі. Капітан МНС, які запісваў нас з жонкай у штабе ў якасьці добраахвотнікаў, нешта недачуў, і ў графе «адкуль» запісаў «Бійск». Той Бійск знаходзіцца недзе проці ліха на ўзгорачку, за чатыры тысячы кілямэтраў ад Масквы, у Алтайскім краі, прыехаць адтуль на Разаншчыну тушыць пажары - не абы што. Але капітана Менск чамусьці зьдзівіў значна болей за Бійск, у яго нават вочы выразна акругліліся.

Мы былі адзінымі добраахвотнікамі зь Беларусі, прынамсі афіцыйна зарэгістраванымі ў штабе Галоўнага ўпраўленьня МНС па Разанскай вобласьці. І здымачная група тэлеканалу СТВ, паглядзеўшы на нас, расчаравана працягнула: «А нам казалі, нібыта тут натоўп добраахвотнікаў зь Беларусі...» Здымаць ня сталі.

Сустрэча з журналістамі СТВ, натуральна, ня выклікала ў мяне асаблівай радасьці. Да таго ж, іхнае «зямля-а-ак!» прагучала фальшыва і найграна (побач стаяла шмат расейцаў, момант патрабаваў «адпаведных» паводзінаў). Гэтая фальш у выказваньні адсутных эмоцыяў болей чым што іншае пацьвердзіла маё даўняе назіраньне - што беларусам хутчэй уласьціва цурацца адзін аднаго за мяжой. Беларускія пажарныя, зь якімі мяне зьвёў разанскі міліцыянт, імкнучыся дапамагчы мне некуды прыладкавацца, таксама пасьпяшаліся пазбавіцца ад цяжару суайчыньніка.

Што да разанскага міліцыянта, таго самага, ачалавечанага нечалавечымі ўмовамі (гл. першую частку), ён беларусам быў «заўжды рады». Але беларусам пэўнага кшталту.

- Зь Беларусі? Ад "бацькі"? - пытаецца.
- Не, - кажам - самі па сябе.
- Хм... тады вы не зь Беларусі. Калі зь Беларусі - гэта значыць ад "бацькі". Калі не ад "бацькі" - гэта не зь Беларусі, нейкія іншыя людзі, людзі Захаду.

Сьмяемся ў адказ. Жонка працягвае яго міжвольна правакаваць. Над штабам вісяць тры сьцягі - дзяржаўны, абласны і нейкі згорнуты сіні, ня бачна, што за ён.

- Гэта што за сьцяг, Эўразьвязу?
- Ды вы што?! Як можа варожы сьцяг вісець побач са сьцягамі Расеі і Разанскай вобласьці, са СЬВЯТЫМ ВЕРНЫМ КНЯЗЕМ РАМАНАМ АЛЕГАВІЧАМ РАЗАНСКІМ! Пад гэтым сьцягам нашых салдат забівалі!

Канец.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG