Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Разанскім фронце (1)


Мясцовыя на Разаншчыне называюць пажары няйначай як “другой вайной”. Выходзіць, я з вайны вярнуўся. І ў мяне “разанскі сындром”, пакуль яшчэ не вядомы псыхолягам і сацыёлягам. Чацьвертую ноч, праведзеную ва ўмовах мірнага жыцьця, бачу ў сьне палыханьне агню навокал. Ускокваю: алярм, у рынду бі, трэба бегчы, тушыць, што ж мы тут сьпім! Калі канчаткова прачнесься і сьцяміш, што гэта ўсяго толькі прымсьцілася, раптам робіцца... сумна.

Я стаў трошкі пажарным, а кожны пажарны ў душы трошкі калі не піраман, дык пірафіл дакладна. Таму мне цяпер будзе не хапаць пажараў.



І ЎЗЬЛЯЖА ВОЎК ПОБАЧ ЗЬ ЯГНЯТКАМ


Будзе не хапаць не самой разьюшанай вогненнай стыхіі - уразьліва эфэктнай, але, сцука, ненажэрнай і злоснай, хай яе чорт забярэ. І нават ня сьвежага дыму з тарфянікаў, які, як выявілася, устаўляе яшчэ й лепш, чым задзёрыстая трава, у сувязі з чым мы на месцы замуцілі новую рэлігію - расТОРФарыянства.

Ці падаваў вам калі мент, у форме і пры выкананьні, талерку грэчкі з тушонкай - не праз акенца ў дзьвярах камэры, а проста так, таму што пабачыў, што вы галодныя? А пасьля сядзеў насупраць, глядзеў на вас сяброўскімі вачамі і вёў сардэчную размову пра лёс расейскай вёскі, шлюб, сям’ю і ўсё такое. Не пытаючыся дакумэнтаў, не абмацваючы сквапна позіркам на прадмет таўшчыні вашага кашалька. Наадварот, пакідаў вам свой тэлефон і прапаноўваў дапамогу на будучыню, калі раптам што.

“І ня стане мент ні правяраць дакумэнты, ні спаганяць хабар, а прывітае вандроўніка, накорміць галоднага...” Што такое побач з гэтым “і ўзьляжа воўк побач зь ягняткам”? Напышлівая сымбаляціна, больш нічога.

І ўладальнік коннага клюбу, да якога вы папрасіліся на пастой, на пытаньне, колькі гэта будзе каштаваць, адкажа неўразумелым позіркам: вы ж нам дапамагаць прыехалі.

І воцатна-бледныя юнакі, офісныя архідэі, узгадаваныя ва ўмовах няспыннага кандыцыянаваньня і іянізацыі паветра, абліваючыся потам і пакрываючыся бурым пылам з пажарышчаў, будуць цягаць на склад уласнаручна прывезеныя мяхі з бульбай, морквай, капустай і - каб паласаваліся салдацікі - кавуноў.

І прыедзе сьледам за імі дзева на чорным “Лексусе”, у вечаровай сукенцы, на тонкіх шпільках, створаная з ломкіх лініяў, і будзе яна выгружаць зь неабсяжнага багажніка кансэрвы з гарбушай, зь няўклюднай элегантнасьцю і страбаскапічнай плястыкай Рэнаты Літвінавай, раняючы іх з усіх сваіх рук.

І студэнты Маскоўскай школы фатаграфіі і мультымэдыяў імя А.Родчанкі, майстры інсталяцыяў і сымуляцыяў, загрузлыя ў “актуальным мастацтве”, будуць цягнуць адзін пажарны рукаў і дзяліць уначы адну гуманітарную кучу паліто для спаньня з разанскім індзейцам Вовам.



(Зьлева направа: студэнты Маскоўскай школы фатаграфіі і мультымэдыяў імя А.Родчанкі ЖЖ-юзэр vosem_bit и ЖЖ-юзэр grifgont, разанскі індзеец Вова)

І стануць кулакі-міраеды з уласнага пачыну варыць і развозіць абеды для пажарных і валанцёраў.

І дацэнт гісторыі тульскага ўнівэрсытэту, інтэль Юра, які раз-пораз папраўляе акуляры ўказальным пальцам, які ператварыўся ў бескампраміснага тушыльніка, якога не спыняюць ні выгаралыя тарфяныя ямы, ні мачтавыя сосны, што падаюць кожныя пяць хвілінаў, які гатовы ахвяраваць, калі трэба, жыцьцём, дзеля ўратаваньня хамячка з жывога кутка, дык вось, гэты інтэль Юра - перакананы цьвярозьнік, будзе траціць сваю выкладчыцкую палучку на алькаголь для патрэбаў сваіх таварышаў, якія яшчэ не ўсьвядомілі перавагаў цьвярозага жыцьця, і сам пры гэтым ня піць.



(Дацэнт гісторыі Юра)

І спыняцца, не пабаяўшыся, каб падвезьці трох няголеных і нямытых мужыкоў, што галасуюць сярод лесу, мама зь непаўналетняй дачкой, якія вяртаюцца з аўтапаломніцтва “па сьвятых мясьцінах”.

І цяглавы народ, раней абпраменены тэлевізарам, цяпер абпалены пажарамі, сустрэне навіну аб прыезьдзе цара-бацюхны ня звыклым вернаподданіцкім захапленьнем, а: “Пуцін прыедзе? Мяне не будзеце” або “Да прыезду Воўкі марафэт наводзіце? А не пайшоў бы ён на х...”. А даведаўшыся пра тое, што цар-бацюхна меў ласку сам асабіста тушыць пажары (на месцы якіх пасьля, як вядома, зацьвітуць кветкі) зь верталёта, і наагул скажа экстрэмісцкае: “Проста нейкі дзіцячы садок...”

І пачухае рэпу, і задумаецца, а з чаго ж пачаўся пажар, і адкіне бязглузьдзіцы пра кліматычную зброю, лазэры зь неба і іншы чачэнскі сьлед, дый прыгадае пра ўнесеныя зьмены ў Лясны кодэкс, пра паўсюдны дзярбан, расьпіл і раздрай пад чуйным кіраўніцтвам нана-лідэраў.

Адным словам, у гэтыя дні мне давялося назіраць маштабны разрыў шаблёну, у якім мільгануў пробліск лепшага сьвету. Каб толькі не зарос ён бязь сьледу, разрыў гэты. Цьху-цьху-цьху.

ШЛЯХ У ХОНГІЛЬДОНЫ ПАЧЫНАЕЦЦА З КУХНІ


Валанцёраў у лягер хоць і заваблівалі, але там не чакалі. Дакладней, можа, і чакалі, але не былі гатовыя да сустрэчы. То бок, да сустрэчы былі гатовыя, у іх нават таблічка адмысловая на ножцы стаяла - «Месца рэгістрацыі добраахвотнікаў», сшытак адмысловы меўся, каб з усёй сур'ёзнасьцю ўпісаць нашыя імёны, але што рабіць з намі далей - ня ведалі.



«Хаджу туды-сюды, чакаю, калі мяне нарэшце куды-небудзь пашлюць», - распавядае дацэнт Юра. - «Хоць бы ўжо на х.. паслалі, якая-ніякая вызначанасьць. Дык жа і на х.. не пасылаюць!»


Нам з жонкай, зрэшты, пашанцавала болей - нас адразу ж паслалі: разьмяшчаць вас няма дзе, прыходзьце заўтра а сёмай раніцы. Мы сьпярша спрабавалі былі «качаць правы»: маўляў, чыталі ў сеціве, што добраахвотнікаў без праблемаў разьмяшчаюць, выдаюць ім абмундзіраваньне, пажарны рыштунак і адпраўляюць на перадавую, што за дзялы, але, пачуўшы гутарку штабных начальнікаў, абсекліся - ім відавочна было не да валанцёраў.

Першы: Там вёска загарэлася, што рабіць будзем?
Другі: Трэба самалёт высылаць.
Першы: Дык няма самалёта.
Другі: Тады верталёт.
Першы: І верталёта таксама няма...
Другі: Ну, што рабіць, пашлём салдатаў з рыдлёўкамі.




(Салдаты з рыдлёўкамі - незаменны і правераны сродак тушэньня пажараў)


Самалёта зь верталётам ня тое каб зусім не было, іх проста не знайшлося ў патрэбны час у патрэбным месцы. Пасьля прыезду Пуціна і Шойгу яны раптам зьявіліся.

Прыезд высокага начальства чакаўся з дня на дзень, таму назаўтра, калі мы, пераначаваўшы «на стайні» (гэтак мясцовыя жыхары назвалі конны клюб), з армейскай пунктуальнасьцю зьявіліся без пятнаццаці сем, нам далі заданьне дзяржаўнай важнасьці - ачысьціць тэрыторыю лягеру.



(Я выконваю заданьне дзяржаўнай важнасьці)

Вымеўшы даручаны нам участак прыкладна да мэзазойскага слою (Пуцін належным чынам не ацаніў, паколькі ў штаб чамусьці не завітаў) і застаўшыся не пры справах, мы сталі выконваць сфармуляваную пазьней першую запаведзь валанцёра - забясьпеч сябе працай сам.

Балазе пад рукой знайшоўся безгаспадарны стратэгічны запас - груда рыдлёвак-паўфабрыкатаў:



Вось за іх мы і ўзяліся:



Нягледзячы на безумоўную важнасьць такой гаспадарчай дзейнасьці, жонка вырашыла, што дзеля яе ня варта было абцяжарваць бацькоў доглядам за нашым гіпэрактыўным дзіцем і вярнулася назад у Менск, абараняць тыл. А мяне чакала страшнае - сутачны нарад па кухні.

«Прыяжджаюць такія: давайце, фатаграфуйце нас - мы валанцёры! Папросіш іх на кухні дапамагчы, яны носам круцяць, не, ня хочам. А хто такія валанцёры? тыя, хто гатовы дапамагаць ва ўсім, у чым трэба. Да мяне ўладальнікі фірмаў прыходзяць: Палыч, чым мы можам дапамагчы? Гаўно трэба разграбаць – будзем гаўно разграбаць!.. Таму, хлопцы, гэта вы сапраўдныя героі».


Гэтак казаў заўгас Ігар Палыч, ведучы нас зь Дзянісам, былым супрацоўнікам МНС, які сыйшоў адтуль з-за нізкага заробку, але затужыў па выратавальніцкай дзейнасьці, на кухню.



(Гэтая штука страшнейшая за любыя пажары!)

Многія валанцёры наракалі ў інтэрнэце на тое, што яны прыехалі подзьвігі зьдзяйсьняць, а іх выпраўляюць на кухню. Я супакоіў сваю незадаволенасьць, успомніўшы фільмы дзяцінства - пра Шаоліньскія манастыры. Шлях амаль кожнага будучага бруслі і хонгільдона пачынаўся з вучобы ў вялікага майстра, вучоба ж, у сваю чаргу, пачыналася з працы па гаспадарцы. Хонгільдоны і бруслі таксама крыўдзіліся, а ўсё-ткі трывалі. Тое ж самае ў дзэн-будысцкіх настаўнікаў - іх вучні часьцяком дасягалі саторы проста на кухні.

Давядзіся ім адкрыць за дзень некалькі сотняў слоікаў тушонкі тупой адкрывалкай, ды аддраіць пасьля сьняданку, абеду і вячэры чатыры палявыя катлы літраў на пяцьдзясят (гл. на фатаграфіі вышэй), пабегаць зь імі ад машыны з вадой да памыйнай ямы і назад (150 мэтраў), сьвятло ісьціны заліло б іх да рэзі ў вачах.



(Кароткая прадышка на прадуктовым складзе)

Дзеля справядлівасьці варта заўважыць, што праца на кухні мела свае несумнеўныя бонусы. Так, пасьля прыезду офісных архідэй нам зь Дзянісам дастаўся гуманітарны кавун, а пасьля ад'езду міністра Шойгу - па лустачцы паляндвіцы, балыка і sushi з панскага стала. Дэлікатэсы прынёс заўгас Ігар Палыч, добрая душа, і кожнаму працаўніку кухні на шпажцы пэрсанальна ўкладваў у рот, прыгаворваючы пісклявым галаском:

«Рабяты, давайце, частуйцеся, вось, дзякуйце міністру».


АГНЯВЫ ХРОСТ


Яшчэ да нараду па кухні, прамучыўшыся бяз толку некалькі гадзінаў, я, прыхапіўшы рыдлёўку, падсеў у першую-лепшую пажарку, што выяжджала зь лягеру, і паехаў атрымліваць агнявы хрост. Ехаць разам зь імі пажарнікі ня раілі - яны выпраўляліся ўглыб лесу, у эпіцэнтар агню, куды мне без рыштунку і падрыхтоўкі не было чаго лезьці. Ад іх твараў можна было прыпальваць, яны жменямі глыталі таблеткі («ды розныя - ад галавы, ад ціску... толькі на іх і жывём») і выглядалі настолькі ачмурэлымі, што напрошвацца я асьцярогся, успомніўшы, што яшчэ патрэбны сям'і.

Высадзіўся кілямэтраў за дваццаць ад штабу пасярод напаўзгарэлага лесу і пайшоў зьдзяйсьняць подзьвіг тушэньня агню, то бок задавальняць інстынкт валанцёра-пажарніка.



(Першы затушаны ачаг узгараньня)

Ачаг узгараньня, што на фатаграфіі - аптымальны для самотнага вандроўнага валанцёра, чалавекасувымерны. Буйнейшы і той, які хутчэй пашыраецца, засыпаць самому пяском маларэальна, асабліва калі пяску няма і засыпаць даводзіцца сухім, як порах, торфам. Улічваючы тое, што такіх ачагоў вакол - сотні, занятак гэта ня толькі працаёмісты, але і цалкам бессэнсоўны. Усьвядоміўшы недарэчнасьць індывідуальнага супраціву, я рушыў на пошук людзей. І зайшоў у вёску Крывушы, рэшткі якой мы і будзем потым абараняць ужо групай у меру сваіх сіл.

Вялікая частка вёскі выглядала так:



На пажарышчы трапляліся дзіўныя прадметы, спароджаныя агнём з падручных матэрыялаў (на жаль, буйныя шкляныя кампазыцыі разбурыліся пры перавозцы):



(ПРАЦЯГ БУДЗЕ)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG