Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў выставіў Беларусі невыканальныя ўмовы транзыту нафты


Украіна гатовая ўдзяліць Беларусі магчымасьць пастаўляць венэсуэльскую нафту трубаправодам Адэса-Броды, але толькі ў выпадку гарантыі, што гэтым маршрутам будзе прапампоўвацца прынамсі 9 мільёнаў тон штогод. Пра гэта заявіў міністар транспарту Ўкраіны Канстанцін Яфіменка. Толькі на такіх умовах Кіеў гатовы разьвярнуць накірунак пампаваньня па трубаправодзе ў бок Беларусі. Цяпер гэтым маршрутам у Адэсу запампоўваецца расейская нафта.

Паводле слоў урадоўца, калі Менск такой гарантыі ня дасьць - то нафта зь Венэсуэлы і надалей будзе дастаўляцца на Мазырскі НПЗ чыгункай. Экспэрты ўказваюць на тое, што такія ўмовы невыканальныя. Нават, калі аб'ёмы паставак венэсуэльскай нафты дасягнуць налета максымальных, паводле існоўных пагадненьняў, 10 мільёнаў тон, прынамсі 2 мільёны з гэтага ўжо плянуецца пастаўляць праз парты Балтыі.
XS
SM
MD
LG