Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынак у Драздах і ў Аўстрыі


У Беларусі першыя асобы дзяржавы, міністры, парлямэнтары — асобы не публічныя: даведацца, дзе яны адпачываюць, даволі цяжка. Палітыкі, лідэры партыяў больш адкрытыя, але шмат хто зь іх кажа: зараз не да адпачынку, наперадзе адказная палітычная кампанія.

Аляксандар Лукашэнка ў сьпякоту працягвае рабочыя паездкі па краіне, кантралюе, як ідзе жніво. У панядзелак прымаў міністра культуры і дырэктара адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій, у сераду ў ягоным пляне — таксама рабочыя сустрэчы. Нават у паездцы з малодшым сынам Колем на Нарач ён праводзіў нарады... Кіраўнік Беларусі звычайна езьдзіць у адпачынак зімою ў горы: то ў Красную Паляну, што каля Сочы, то ў Аўстрыю, Славенію, Швайцарыю...
Анатоль Лябедзька

Захапляецца горнымі лыжамі і лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Сёлета ён таксама яшчэ не адпачываў:

"На жаль, не атрымалася. Спадзяюся, што ўзімку адскочу на тыдзень у горы. Для мяне горы галоўнае. Не краіна, а горы. Асноўнае — гэта сам "skі-pass" з гары катацца. Тыдзень — гэта будзе дастаткова, каб і з адрэналінам сустрэцца, і каб зьмяніць дзейнасьць. Мне, шчыра кажучы, такі адпачынак больш пасуе".

Дзе адпачывае беларускі прэм'ер-міністар — таямніца. Аляксандар Цімашэнка, прэсавы сакратар Сяргея Сідорскага, кажа:
Сяргей Сідорскі

"Адпачынак прэм'ер-міністра — гэта асабістая справа прэм'ер-міністра".

Карэспандэнтка: "Чаму беларускія кіраўнікі такія непублічныя? Усё ж такі першыя асобы дзяржавы, народ цікавіцца..."

"Нешта я ня бачыў наплыву лістоў народу на адрас прэм'ер-міністра з пытаньнямі, дзе ён адпачываў..."

"Кажуць, што ў траўні ён адпачываў у Чэхіі, у Карлавых Варах. Вы можаце пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю?"

"Я яшчэ раз кажу: адпачынак Сяргея Сяргеевіча — гэта яго асабістая справа".
Лідзія Ярмошына

А вось старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ніколі ня робіць таямніцы са свайго адпачынку. Раней яна езьдзіла ў Турцыю, Эгіпет, бо ў эўрапейскія краіны – неўязная. Сёлета адпачывала значна бліжэй. Лідзія Міхайлаўна толькі што вярнулася з адпачынку:

"Я выкарыстала адпачынак цалкам, таму што калі прэзыдэнцкія выбары 6 лютага, то які адпачынак зімой? Канечне ж, не. Тыдзень была ў Калінінградзе, як звычайна, а ўвесь астатні час — у Менску".

Карэспандэнтка: "Задаволеныя адпачынкам?"
Сяргей Гайдукевіч

"Абсалютна! Сёлета так горача, што адпачынак у Драздах, калі ня трэба ісьці на працу, а проста можна паставіць раскладанку і легчы пад дрэва — гэта самае вялікае шчасьце".

А вось лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч, які ўжо адпачыў і з новымі сіламі ўжо ў суботу на Кангрэсе абвесьціць пра пачатак сваёй прэзыдэнцкай кампаніі, распавёў:

"Ну які можа быць сакрэт? Чаму мы павінны хаваць, дзе мы адпачываем? Я толькі што вярнуўся з Аўстрыі. Адпачываў у Італіі і Аўстрыі, быў у шмат якіх мясьцінах, а потым яшчэ і ў Нямеччыне. Там праходзілі таксама і дзелавыя сустрэчы. І гэта нармальна, калі чалавек едзе адпачыць і вырашае яшчэ і дзелавыя пытаньні. Мы ж усе ў Эўропу імкнемся, вось я і паказваю прыклад, дзе трэба адпачываць і як трэба рабіць".
Яраслаў Раманчук

Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта — Яраслаў Раманчук:

"Я не плянаваў адпачываць. У мяне ўжо была экспэртная школа. У нядзелю еду праводзіць "Language Liberty Camp" — гэта "лягер мовы свабоды", які праводзіцца разам з нашымі ўкраінскімі партнэрамі. Гэта будзе своеасаблівы адпачынак. Гэта будзе ва Ўкраіне, у Адэсе. У мяне даўно ўжо не бывае проста водпуску, таму асалоду атрымліваю ў сумяшчэньні — у добрай кампаніі, на прыродзе, над вадой. Зьмена дзейнасьці — таксама форма адпачынку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG