Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падстаўляюць. Ці сама падстаўляецца?


У Менску абверглі паведамленьне іранскага агенцтва Fars адносна пастаўкі зь Беларусі ў Іран двух ракетных комплексаў S-300.

Іранскае інфармацыйнае агенцтва Фарс паведаміла, што Іран атрымаў 4 расейскія ўстаноўкі S-300, дзьве зь якіх паступілі зь Беларусі, яшчэ дзьве — зь дзьвюх іншых краінаў. Агенцтва Фарс кантралюецца ўплывовай уладнай структурай Ірану — Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі. "Расабаронэкспарт" не пацьвердзіў інфармацыю адносна паставак гэтых комплексаў Расеяй. Афіцыйны Менск таксама абверг інфармацыю іранскіх мэдыяў. Прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Ўладзімер Лаўранюк сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь абвяргае паведамленьні, распаўсюджаныя 4 жніўня пра пастаўкі Беларусьсю зэнітна-ракетных комплексаў S-300 у Іран. Тэгеран не зьвяртаўся і ня вёў перамовы пра закуп комплексаў у нас. І, адпаведна, мы не пастаўлялі ні зэнітна-ракетныя комплексы, ні элемэнты гэтых комплексаў у Іран. Наша краіна строга выконвае міжнародныя дамоўленасьці па экспартным кантролі".

Уладзімер Лаўранюк не пацьвердзіў магчымасьць ранейшых паставак комплексаў S-300 Ірану.

"Наогул ніколі. Я ж кажу, што ніколі не зьвярталіся. Беларусь сама купляла зэнітна-ракетныя комплексы S-300 у 2007 годзе. З Расеі яны былі пастаўлены сюды. Што мы будзем прадаваць сваю зброю? Гэтыя комплексы стаяць у нас на ўзбраеньні".
Рэжым у Беларусі гуляе на пэўным балянсе паміж Расеяй і Захадам, і таму гэта быў бы перабор


Расейскі вайсковы экспэрт Руслан Пухаў мяркуе, што інфармацыя пра пастаўкі S-300 зь Беларусі ў Іран — гэта "чыста іранскі блеф".

"Рэжым у Беларусі гуляе на пэўным балянсе паміж Расеяй і Захадам, і таму гэта быў бы перабор. І такая пастаўка адштурхнула б ад Беларусі яе прыхільнікаў унутры Расеі, дый чаша цярпеньня ЗША можа быць урэшце перапоўнена, бо Іран — гэта занадта сур'ёзна. Я ня думаю, што рэжым Лукашэнкі на гэта наважыцца. Таксама Лукашэнка асьцерагаецца варыянту разьвіцьця падзеяў, калі авіяцыя НАТО нанесла ўдары па Югаславіі, што прывяло да краху рэжыму Мілошавіча. Таму ён ня будзе разбазарваць каштоўны рэсурс, які патрэбны для сябе. Да таго ж Расея, якая пад ціскам ЗША адмовілася пастаўляць S-300, не была б рада бачыць, што іх месца занялі беларусы, а яна толькі вымае для беларусаў каштаны з агню".

Расейскія мэдыі даволі актыўна абмяркоўвалі інфармацыю, распаўсюджаную іранскім агенцтвам. Партал gazeta.ru зьмясьціў артыкул пад загалоўкам "Іран нацэліў S-300 на Расею". У ім адзначаецца, што стасункі паміж Іранам і Расеяй перажываюць пэрыяд ахаладжэньня пасьля таго, як Расея падтрымала пазыцыю ЗША адносна Ірану ў зьвязку зь яго ядзернай праграмай.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначыў: "Магчыма, гэты інфармацыйны выкід быў накіраваны на тое, каб выклікаць рэўнасьць Расеі. Расея, якая будуе новыя стасункі з ЗША, стараецца па такіх балючых пытаньнях з ЗША не канфліктаваць. Але гэта была няўдалая спроба. Бо тым самым Беларусь падстаўляецца як парушальнік санкцыяў супраць Ірану. Ідзе інфармацыйная вайна. Галоўнае — нанесьці максымальную шкоду праціўніку ў інфармацыйнай вайне, і тут усе сродкі добрыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG