Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца наконт будаўніцтва АЭС?


Праект першага рэактара беларускай АЭС
Праект першага рэактара беларускай АЭС
Чарговым разам не атрымалася падпісаць пакет пагадненьняў аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Эканамічныя ці палітычныя прычыны замінаюць гэтаму? У чым сэнс расейскіх патрабаваньняў? Ці выгадна Беларусі будаваць АЭС на такіх умовах?

Удзельнікі: намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту — Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы і эканаміст Леанід Злотнікаў зь Менску.
Андрэй Суздальцаў

Эканамічныя ці палітычныя прычыны?

Валер Карбалевіч: "Пакет пагадненьняў аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі павінен быць падпісаны яшчэ ў першым квартале 2009 году. Але ўжо прайшла палова гэтага году, а пакуль нічога не атрымоўваецца. Можа, прычына ў тым, што цяперашні палітычны момант ня вельмі спрыяльны для пачатку рэалізацыі гэтага праекту. Канфлікт паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі дасягнуў свайго піку. Дык усё ж — прычыны палітычныя ці эканамічныя?"

Андрэй Суздальцаў: "Прычыны палітычныя, зьвязаныя з тым, што Лукашэнка — недамоваздольны. Адносіны Беларусі і Расеі знаходзяцца ў стане маштабнага крызісу. Таму ўсе крэдыты Менску знаходзяцца пад жорсткім кантролем. У расейскім палітычным клясе ёсьць думка, што беларускае кіраўніцтва разглядае расейскія крэдыты як дапамогу, то бок — што іх ня трэба вяртаць. Таму з чэрвеня 2009 году Расея спыніла крэдытаваньне Беларусі. І цяпер Масква абумоўлівае выдзяленьне пазыкі Менску на АЭС жорсткімі ўмовамі. Каб застрахавацца наконт вяртаньня крэдыту".

Леанід Злотнікаў: "Думаю, тут прысутнічаюць і эканамічныя, і палітычныя, і ідэалягічныя прычыны. Кіраўніцтва РФ вельмі крытычна ставіцца да беларускай мадэлі разьвіцьця. Таму баіцца, што Беларусь хутка стане неплатаздольнай і ня зможа вярнуць гэтыя крэдыты.

Другі момант. Тэндэнцыі разьвіцьця Беларусі могуць прывесьці да таго, што існаваньне АЭС у Беларусі можа быць рызыкоўным, у тым ліку для Расеі. Мы ведаем прыклады з Іранам, Паўночнай Карэяй".

У чым сэнс расейскіх патрабаваньняў?

Леанід Злотнікаў
Карбалевіч: "Тое, што крэдытор выстаўляе ўмовы, — гэтая звыклая практыка. Расея адмаўляецца ад падпісаньня пакету пагадненьняў аб будаўніцтве АЭС, пакуль ня будзе створана сумеснае прадпрыемства для збыту электраэнэргіі. У чым сэнс расейскіх патрабаваньняў? Станцыю яшчэ не пачалі будаваць, а Расея ўжо дзеліць скуру незабітага мядзьведзя?"

Суздальцаў: "Пабудаваць АЭС нескладана. Расея будуе некалькі энэргаблёкаў адначасова ў замежжы. Праблема ў кантролі. Атамны аб'ект будзе знаходзіцца за 800 км ад Масквы, 160 км ад Калінінграду. І ён будзе ў руках аўтарытарнага лідэра, які хутка мяняе сваю пазыцыю. І гэта небясьпечна.

Патрабаваньне, каб Расея мела 50% у сумесным прадпрыемстве для збыту электраэнэргіі, — гэта гарантыя таго, што крэдыт будзе вернуты. Акрамя таго, у гэтым ня вельмі індустрыяльным рэгіёне цягам 7—8 гадоў будзе пабудавана некалькі АЭС. У лютым гэтага году Расея пачала будаўніцтва Калінінградзкай АЭС. Літва плянуе пабудаваць сваю станцыю на грошы ЭЗ. Таму хутка тут будуць лішкі электраэнэргіі".

Карбалевіч: "Думка пра тое, што небясьпечна даваць у рукі аўтарытарнага лідэра АЭС, можа, і слушная. Але чаму Расея дасюль гэтага не заўважала? Чаму аддала ў рукі такога лідэра 50 млрд. даляраў? Чаму абараняла яго ад крытыкі міжнароднай супольнасьці?"

Злотнікаў: "Міжнародная практыка паказвае, што нярэдка краіны не вяртаюць крэдыты. У такім выпадку іх сьпісваюць. Таму Расея і хоча кантраляваць даходы АЭС, каб вярнуць крэдыты".

Ці выгадныя Беларусі такія ўмовы?
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: "Ці выгадна Беларусі будаваць АЭС на такіх умовах? Чыя гэта будзе станцыя? Калі прыбыткі дзяліць папалам, дык тады і выдаткі па будаўніцтве дзяліць папалам. Навошта тады будаваць вельмі рызыкоўны з гледзішча і экалягічнай, і фінансавай бясьпекі аб’ект, каб дзяліцца даходамі?"

Суздальцаў: "Гэта праблема беларускага кіраўніцтва. Менавіта яно захацела будаваць АЭС. Калі Менску не падабаюцца такія расейскія ўмовы, няхай будуе за свае грошы".

Карбалевіч:
"Сп. Суздальцаў, вы падвялі да высновы, што праект зь беларускай АЭС, хутчэй за ўсё, будзе стратным, бо будуецца ў рэгіёне некалькі АЭС. Калі так, то які сэнс ствараць сумеснае прадпрыемства па продажы электраэнэргіі, калі загадзя вядома, што праект стратны?"

Суздальцаў: "Расея ня можа ўплываць на рашэньне кіраўніцтва Беларусі будаваць АЭС".

Злотнікаў: "Калі прыбыткі дзяліць папалам, то лягічна і выдаткі дзяліць папалам. Расейская ўмова, можа, і лягічная. Але толькі да таго часу, пакуль ня будзе вернуты крэдыт. А калі Беларусь разьлічыцца з Расеяй, дык тады сумеснае прадпрыемства павінна быць ліквідавана, і продаж электраэнэргіі застанецца ў руках беларускага боку".

Суздальцаў: "Думаю, Расея не пагодзіцца на такія ўмовы".

Палітычны праект


Карбалевіч: "У мяне ёсьць сумнеў, што гэты праект хоць калі-небудзь акупіцца. У сьвеце АЭС у значнай ступені субсыдуюцца дзяржавай. Будаўніцтва беларускай АЭС — гэта праект не камэрцыйны, а хутчэй палітычны".

Злотнікаў: "АЭС можа акупіцца. Асноўная частка электраэнэргіі, выпрацаванай станцыяй, будзе спажывацца ў Беларусі. І можна вызначыць такія цэны, большыя за сусьветныя, каб кампэнсаваць выдаткі на будаўніцтва АЭС".

Карбалевіч: "Тады ў чым сэнс гэтага праекту? У такім выпадку беларуская прадукцыя будзе менш канкурэнтаздольная на сусьветных рынках".

Злотнікаў: "Можна кампэнсаваць страты за кошт высокіх камунальных тарыфаў для насельніцтва".

Суздальцаў: "Ад самага пачатку будаўніцтва АЭС было палітычным праектам. Лукашэнка хоча ператварыць яго ў свой палітычны піяр. Увядзеньне кожнага энэргаблёку было б палітычнай перамогай прэзыдэнта. Гэта было б доўгатэрміновай легалізацыяй яго ўлады. Важна было запусьціць будаўніцтва АЭС пад выбары. Зь яго выплывалі чацьвёрты, пяты, шосты прэзыдэнцкія тэрміны Лукашэнкі. А з гледзішча эканамічнага АЭС можа замяніць толькі 15—20% электраэнэргіі.

І яшчэ адзін момант. Як казаў Лукашэнка, краіны, якія маюць АЭС, не бамбяць. Ён разумее, што пагроза яго рэжыму можа зьявіцца толькі звонку. Такім чынам ён страхуе сваю ўладу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG