Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праспэкт Вітаўта замест Дзяржынскага


Мікола Купава
Мікола Купава
На круглым стале, прысьвечаным ролі Грунвальдзкай перамогі ў гісторыі Беларусі і іншых эўрапейскіх краін, прадстаўнікі аргкамітэту па сьвяткаваньні Грунвальду агучылі свае ініцыятывы.

Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч прапанаваў перайменаваць праспэкт Дзяржынскага ў праспэкт Вітаўта, а плошчу Мясьнікова альбо Юбілейную плошчу перайменаваць у плошчу Грунвальдзкай перамогі. Айцец Акаловіч таксама распавёў пра ініцыятыву правесьці конкурс праектаў помнікаў у гонар перамогі пад Грунвальдам у Менску, Віцебску, Горадні, Мсьціславе.

Мастак Мікола Купава адзначыў, што на сёньняшні дзень трыццаць харугваў, пад якімі выступілі беларускія ваяры на Грунвальдзкім полі, ужо дасьледаваныя і адноўленыя. Яны павінны стаць нашай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, якую трэба папулярызаваць праз творы мастацтва і літаратуры. Была прапанова зьвярнуцца да міністра культуры зь пісьмовай просьбай аб наданьні рэканструяваным харугвам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Гісторык Сяргей Тарасаў згадаў, зь якім размахам у БССР адзначаўся юбілей Кулікоўскай бітвы. Тады, па словах гісторыка, гэтую тэму не абышло ніводнае беларускае пэрыядычнае выданьне. Аднак да Грунвальдзкай бітвы, якая мае вялікае значэньне ў гісторыі нашай краіны і ўсёй Эўропы, належнай увагі з боку дзяржавы няма. Сяргей Тарасаў кажа: "Перамога пад Грунвальдам зрабіла істотны станоўчы ўплыў на разьвіцьцё нашай дзяржаўнасьці. Параўнаць па сваёй значнасьці Грунвальд можна хіба што зь бітвай пад Воршай. Нам трэба папулярызаваць славутыя старонкі беларускай гісторыі, іх ня так многа. На жаль, гэта пакуль не зьяўляецца дзяржаўнай палітыкай", — адзначыў з жалем прамоўца.

Намесьнік старшыні аргкамітэту Мікола Купава зазначыў, што круглы стол — падрыхтоўчы этап да сур'ёзнай навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай Грунвальдзкай бітве. Канфэрэнцыя заплянаваная на кастрычнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG