Праз два дні ў Кіргізстане адбудзецца рэфэрэндум, на які вынесена новая вэрсія канстытуцыі краіны. Паўнамоцтвы прэзыдэнта ў прапанаваным варыянце значна абмежаваныя. Курманбек Бакіеў заявіў, што ён не зьбіраецца неяк уплываць на вынік канстытуцыйнага рэфэрэндуму:
«На рэфэрэндум я ніякім чынам рэагаваць не магу і не зьбіраюся. Я знаходжуся за межамі Кіргізстану. Паколькі я не прымаю сам непасрэднага ўдзелу — мне гэта ўсё роўна. Ёсьць там людзі, народ, ёсьць структуры, я думаю, што яны будуць праводзіць так, як лічаць патрэбным. Але апошняе слова — за народам Кіргізстану».
На адрас самога Бакіева і ягонага атачэньня з боку часовага ўраду гучаць абвінавачаньні ў арганізацыі беспарадкаў на поўдні Кіргізстану. Рэагуючы на гэта, Бакіеў заявіў:
«Не, зараз я ніякім чынам не ўплываю ні на палітыку, ні на рэфэрэндум, ні на што. Нават не спрабую рабіць ніякіх ацэнак. І ўсё роўна валяць усё на нас. Не зьбіраюся браць ніякага ўдзелу ў тым, што адбываецца ў Кіргізстане».
Зараз я ніякім чынам не ўплываю ні на палітыку, ні на рэфэрэндум, ні на што.
Курманбек Бакіеў прызнаў, што ён правільна зрабіў, што прыняў запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі і прыехаў у Беларусь. Інакш яго б вінавацілі ў крывавых падзеях на поўдні краіны.
Чым займацца ў Беларусі, спадар Бакіеў яшчэ ня вырашыў. Ён сказаў, што больш схіляецца да вытворчасьці, але пакуль што прыглядаецца.
Паводле спадара Бакіева, зь беларускага бюджэту на ягонае ўтрыманьне не патрачана ні капейкі.
«За маё знаходжаньне, пражываньне, харчаваньне мы цалкам плацім самі. Яшчэ раз хачу сказаць дзякуй прэзыдэнту Беларусі. Але я зь першых дзён сказаў Аляксандру Лукашэнку: „Я цяжарам вам ня буду“. Зь бюджэту Беларусі ці менскага бюджэту ніводнага рубля на мяне ня йдзе».
На пытаньне «Адкуль грошы?» спадар Бакіеў адказаў, што мае зьберажэньні, сабраныя за час сваёй доўгай працы кіраўніком розных узроўняў.
Інфармацыю пра тое, што ён нібыта вывез з Кіргізстану 200 мільёнаў даляраў, ён абверг, адмоўна адказаў і на пытаньне, ці не зьвяртаўся Аляксандар Лукашэнка да яго па грашовую дапамогу для аплаты доўгу «Газпрому»:
«Як я выяжджаў? Каб вы разумелі, што ніякія даляры, ніякія грошы ў галаву не ідуць, калі абстрэльваюць тваю машыну... Гінуць людзі, а казаць, што 200 мільёнаў вывез — гэта нейкія казкі. І хачу сказаць, што Аляксандар Рыгоравіч да мяне з такой просьбай не зьвяртаўся, не прасіў у мяне дапамогі пагасіць доўг за расейскі газ».
Курманбек Бакіеў таксама абверг заявы, што ў часе ягонага кіраваньня ў краіне фармаваўся культ ягонай асобы.