Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кракадзілы Лімпапо


Нападнік зборнай Гандурасу трымае ўдар ад абаронцы гішпанскай каманды Карлеса Пуёля
Нападнік зборнай Гандурасу трымае ўдар ад абаронцы гішпанскай каманды Карлеса Пуёля

З аўторка па пятніцу колькасьць удзельнікаў чэмпіянату сьвету скароціцца роўна ўдвая, а напярэдадні апошніх матчаў у групах самы час паспрабаваць угледзецца ў каламуць варыянтаў.


Група А


Найбольш верагодны расклад: Уругвай і Мэксыка "расьпісваюць" нічыйку, а гульня Францыя — Паўднёвая Афрыка ператвараецца ў матч няўдачнікаў. У гэтым выпадку каманда гаспадароў турніру становіцца першай у гісторыі зборнай, якая ня здолела пераадолець першы раунд турніру ў сябе дома. Фіяска французаў на тле сварак гульцоў ды адыёзнага трэнэра Дамэнэка выглядае лягічным. Новым трэнэрам "пеўняў" будзе Ляран Блян, які навядзе парадак у зборнай. І пад гарачую руку "новага францускага парадку" 3 верасьня трапяцца беларусы.

Група B

Аргентына на 99% ужо ў 1/8 фіналу, а кампанію ёй скласьці можа хто заўгодна — і Грэцыя, і Паўднёвая Карэя, і нават Нігерыя, якая зараз сядзіць з нулём. У апошнім туры зборная Марадоны гуляе з грэкамі, а карэйцы — з афрыканцамі. Рызыкну паставіць якраз на Нігерыю, ёй будзе дастаткова перайграць карэйцаў і спадзявацца на тое, што грэкі здадуцца Аргентыне.

Група С

Славенія пакуль на першым месцы, але апошні матч ёй гуляць супраць ангельцаў. Уявім, што Англія выйграе ў славенцаў, а ЗША — у Альжыру. Тады спраўдзіцца мой ранейшы прагноз пра выхад з групы Англіі ды ЗША.

Група D

У апошнім туры немцы перайграюць Гану, а сэрбы — Аўстралію. І атрымаецца, што зборныя Ганы ды Аўстраліі паедуць дахаты. Сумненьняў наконт гэтага ў мяне асабіста няма.

Сэрбскія заўзятары ў часе пераможнай гульні супраць Нямеччыны

Група E

Нідэрлянды ўжо гарантавалі сабе месца ў наступным раўндзе, а вось Японія і Данія паспрачаюцца за праход туды ў асабістай сустрэчы. Нічыя будзе на карысьць японцаў — у іх лепшая розьніца забітых і прапушчаных галоў. Зборная Камэруну ўжо купіла квіткі дадому.

Група F

Найбольш верагодны "прахадны" варыянт для гэтай групы — Парагвай ды Італія. Вясёлыя новазэляндцы наўрад ці скочаць вышэй галавы, а Славакія выглядае даволі блякла.

Група G

Бразылія ды Партугалія — яны гуляюць паміжсобку ў апошнім туры і пачуваюцца даволі спакойна. Бразыльцы гарантавалі сабе наступны раунд, а партугальцы могуць страціць свой пропуск толькі ў такім фантастычным выпадку, пра які нават гаварыць ня хочацца. Надта ўжо шмат "накідалі" гадаванцы Кейруша няшчаснай зборнай КНДР, якая ў апошнім туры паспрабуе ўратаваць сябе ад незайздроснага прыёму на радзіме ў разьвітальным матчы з Кот-д’Івуарам.

Група H

Тут пахне крывёю. Тры каманды — Чылі, Гішпанія ды Швайцарыя — будуць біцца за два месцы ў чаўне, які панясе іх далей па каламутных ды багатых на кракадзілаў хвалях Лімпапо.

Фрагмэнт матчу Чылі - Швайцарыя

Апошнія матчы ў групах будуць пачынацца адначасова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG