Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабілі зь беларускага пракату — на продаж у Расею


У Беларусі пачасьціліся выпадкі крадзяжу аўтамабіляў, узятых напракат. Зламысьнікаў перадусім цікавяць дарагія машыны, якія потым рознымі шляхамі «ўсплываюць» у Расеі. Спэцыялісты кажуць, што ў выпадку ўвядзеньня Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану фактычна без кантролю апынецца вялізная тэрыторыя, у якой без праблемаў можа згубіцца не адна сотня «праблемных» аўто.

На пачатку чэрвеня міліцыя Кастрычніцкага раёну Менску абвясьціла ў вышук некалькі аўтамабіляў, якія ў тэрмін не былі вернутыя ў пункты пракату. Неўзабаве ў Варонескай вобласьці Расеі знайшоўся БМВ коштам за 15 тысяч даляраў, а ў Саратаўскай вобласьці «ўсплыў» «Мэрсэдэс», кошт якога перавышае 50 тысяч даляраў. Дагэтуль у вышуку «Таёта Лэнд Крузэр», ацэненая ў 30 тысяч даляраў. Усе машыны былі ўзятыя ў менскім пракаце і зьніклі з розных стаянак.

Міліцыя заклікае кампаніі, якія займаюцца пракатам аўтамабіляў, пільней ставіцца да «фэйс-кантролю» патэнцыйных кліентаў і пры магчымасьці спраўджваць дадзеныя пра судзімасьць, месца іх пражываньня і рэгістрацыю. Асабліва гэта актуальна ў тым выпадку, калі чалавеку перадаецца машына коштам у некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Відавочна, што такую перастрахоўку лічаць нялішняй і ў некаторых фірмах. У офісе буйной менскай кампаніі, дзе напракат прапануюцца дарагія аўтамабілі (да 200 даляраў за суткі), праз тэлефон справы не абмяркоўваюць нават з журналістамі. Хоць і ўдакладняюць, што выпадкі адмовы кліентам не такія ўжо і рэдкія:

«Бывае ўсялякае, чаму ж не? Мы адмаўлялі кліентам таксама… Але падрабязна пра нешта будзем размаўляць толькі ў выпадку, калі вы пакажаце дакумэнты, што вы насамрэч журналіст. Тады, можа, якісьці камэнтар на гэтую тэму зробім. На дадзены момант такой інфармацыі праз тэлефон мы даць ня можам».

Анатоль Коўш, гаспадар адной з пракатных фірмаў сталіцы, кажа, што арэнда аўтамабіляў — сам па сабе рызыкоўны бізнэс. Спрабаваць прасачыць перасоўваньне кліента — значыць падарваць аўтарытэт кампаніі. Зь іншага боку, пракат на тое і існуе, каб забясьпечыць попыт насельніцтва:

«Па тэлефоне адразу цікаўлюся: дзеля чаго патрэбен аўтамабіль, на якія мэты і г.д.? Калі мне кажуць, што трэба, дапусьцім, у Краснадар зьезьдзіць, а я чалавека ня ведаю, то адмаўляю. І ўвогуле, калі едуць за мяжу — у тую ж Расею ці Літву, то іду насустрач толькі людзям, якія ня першы раз бяруць аўто і якіх я ведаю фактычна асабіста.
Прынамсі, хто 2–3 разы машыну браў і вяртаў, у тых я ўжо не сумняюся.
Прынамсі, хто 2–3 разы машыну браў і вяртаў, у тых я ўжо не сумняюся. А хто ўпершыню, навічкі, то такім я не даю, асабліва калі з выездам за мяжу. Бо ў такім выпадку трэба яшчэ і даверанасьць выпісваць, уключна з Расеяй».

Ня так даўно здабыткам галоснасьці стала крымінальная гісторыя з трыё гомельскіх угоншчыкаў, якія ў сваёй дзейнасьці мелі досыць вузкую спэцыялізацыю. Аб’ектамі іх пільнай увагі былі пазадарожнікі «Лексус» і «Таёта Лэнд Крузэр». За два апошнія гады яны скралі больш за 30 машынаў у Менску, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласьцях, уключна з салёнамі пракату. Практычна ўсе машыны пераганяліся ў Расею, дзе і прадаваліся.

Мой суразмоўца зь фірмы пракату аўтамабіляў кажа, што сам па сабе факт зьнікненьня машыны асабіста для яго не сьмяротны — усе машыны застрахаваныя, і ў выпадку форс-мажору ён атрымае кампэнсацыю. Аднак калі гаворка пра дарагія аўто коштам у паўсотні тысяч даляраў ці вышэй, то фірмы могуць пайсьці на пэўныя хітрыкі, каб зэканоміць на страхавых плацяжах. І ў такім выпадку рызыка прагарэць — найбольшая:

«Можа, іншыя пракатныя канторы і заніжаюць кошт, але я страхую на нармальную суму. Справа ў тым, што ідзе працэнт ад ацэначнага кошту машыны — страхоўка дзесьці 11% ад кошту аўто. То бок і ў тэорыі, і на практыцы можна па адной цане набыць і занізіць на 30—40%, каб была меншая страхоўка. З аднаго боку, фірмам гэта выгадна, каб меншыя былі выдаткі, але зь іншага боку, калі, дапусьцім, машыну скрадуць, страхавая выплата складзе толькі тую суму, на якую яна застрахаваная. Калі нармальную суму пазначыў, то нават калі скрадуць, я проста атрымаю на рахунак грошы. Праблемаў ня будзе. А так уявіце: машына — 50 тысяч даляраў, страхавая выстаўляе да аплаты 11%. Гэта трэба 5,5 тысяч даляраў заплаціць за гадавую страхоўку. І, галоўнае, колькі яе трэба здаваць у пракат, каб яна адбіла хоць бы страхоўку! Менавіта гэтыя дарагія машыны якраз у Маскву і адганяюць. І калі мне маладыя людзі тэлефануюць і запытваюць, ці ёсьць „Порш-Кайен“, то мне нават сьмешна робіцца».
Калі мне маладыя людзі тэлефануюць і запытваюць, ці ёсьць „Порш-Кайен“, то мне нават сьмешна робіцца.

На ўзроўні кіраўніцтва Мытнай службы Расеі выказвалася заклапочанасьць, што Мытны саюз, якія ствараецца паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам, можа прынесьці нямала галаўнога болю менавіта ў сфэры аўтазлачыннасьці. У адсутнасьць кантролю на мяжы натуральным чынам павялічыцца колькасьць машынаў з самым розным «мінулым». Зрэшты, расейскі бок турбуецца і адносна таго, што беларусы могуць знайсьці «пралазы» для перапродажу аўто беларускага паходжаньня ў Расеі, што паставіць крыж на тамтэйшым аўтапраме.

Экспэрт у аўтамабільнай галіне Антон Гурыновіч лічыць, што беларуская аўтамабільная экспансія калі і адбудзецца, то выключна з крымінальным падтэкстам:

«Патлумачу так: машына — гэта ня цэгла. Гэта можна цэглу завезьці праз празрыстую мяжу з Расеяй і, умоўна кажучы, плаціць па даляру за цагліну. А будзеш завозіць у Беларусь — мытні будзеш аддаваць па 10 цэнтаў за штуку. А потым гэтыя цагліны перавезьці ў Расею, прадаць і забыцца. Таму што ты іх потым проста ня знойдзеш. Але што да аўтамабіля, то ён мае дакумэнты, він-код, нумары. Калі ён атрымаў беларускі тэхпашпарт, ён ніколі ня стане расейскім, вось і ўсё. Гэта вельмі проста кантраляваць, ніякай праблемы няма прасачыць шлях аўтамабіля. Нафту складаней пракантраляваць — колькі перапампавалі праз трубу і які быў ціск паўгадзіны ці гадзіну таму, хоць усё роўна там ёсьць лічыльнікі. А аўтамабіль — гэта канкрэтны суб’ект. Зразумела, што можна ўзяць пад расейскія дакумэнты які-небудзь „корч“, пераварыць пад іх аўтамабіль у Беларусі і паехаць на ім у Расею ўжо як на расейскім. Але ж гэта крымінал. Мы ж не пра крымінал гаворым, а пра цывілізаваны падыход».

У сваю чаргу, фірмам, якія маюць справу з аўтамабілямі, міліцыя рэкамэндуе абсталяваць машыны супрацьугоннымі прыстасаваньнямі і сыстэмай спадарожнікавага сачэньня GPS. Таксама пажадана, каб у дамовах пазначалася, што наймальнік абавязваецца пакідаць транспарт на ноч толькі на стаянцы, якая ахоўваецца — нярэдка салёны спрабуюць ашчадзіць на аўтасыгналізацыі, чым істотна спрашчаюць «працу» зламысьнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG