Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З партыі БНФ выключаць Вінцука і Франка Вячорку?


Cойм Партыі БНФ у суботу, 12 чэрвеня, разгледзіць пытаньні далейшага сяброўства ў партыі шэрагу яе чальцоў. З такой ініцыятывай выступіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Кіраўнік партыі вінаваціць сваіх паплечнікаў у парушэньні статуту. У сваю чаргу кандыдаты на выключэньне заяўляюць пра непрадуманую палітыку кіраўніцтва Партыі БНФ.


Напярэдадні сойму Аляксей Янукевіч паведаміў, што пытаньне магчымага выключэньня з партыі будзе тычыцца чальцоў «Моладзі БНФ»: Франка Вячоркі, Андруся Крэчкі, Антона Койпіша і некаторых іншых партыйцаў:

Аляксей Янукевіч
«У партыі існуе шэраг асобаў, якія зьяўляюцца сябрамі партыі, але пры гэтым мэтанакіравана працуюць выключна на зьнішчэньне партыі і прычыненьне ёй як мага большай шкоды. Гаворка як пра інфармацыйную, так і пра матэрыяльную шкоду. Гэтая сытуацыя ня можа быць пакінутай без разгляду і бліжэйшы сойм, які адбудзецца ў суботу, разгледзіць усе такія выпадкі. Што тычыцца пэўных прозьвішчаў, то прэтэнзіі тычацца ня толькі гэтых асобаў, але і шэрагу іншых. На маю думку, ёсьць відавочнае парушэньне рашэньняў пра захаваньне партыйнай дысцыпліны з боку 5-6 сябраў партыі».

Паводле Аляксея Янукевіча, магчыма, што разгляд кадравых пытаньняў будзе тычыцца некаторых сяброў рэвізійнай камісіі, а таксама аднаго з заснавальнікаў партыі, былога старшыні Вінцука Вячоркі.

Сваё магчымае выключэньне з шэрагаў Партыі БНФ спадар Вячорка пракамэнтаваў гэтак:

Вінцук Вячорка
«Лукашэнка ў Маскве: рыхтуюцца да продажу нафтагазаправоды і Салігорск. Вакол нас адбываецца сур’ёзны геапалітычны працэс, які суправаджаецца заявай расейскага амбасадара Сурыкава, што адзіны прарасейскі кандыдат — гэта Лукашэнка. Ёсьць пра што гаварыць адказным палітычным сілам, да якіх я па традыцыі адношу і Партыю БНФ. Замест гэтага прапаноўваюцца побытавыя сваркі, як правіла справакаваныя, каб распраўляцца з партыйнай моладзьдзю, падрываць аўтарытэт сьвежавылучанага кандыдата Кастусёва, які замест таго, каб кансалідаваць людзей, будзе асьвячаць сваёй прысутнасьцю, справакаваны кіраўніцтвам раскол. Вось да чаго можа давесьці, мякка кажучы, непрадуманая палітыка».

Віктар Івашкевіч
Яшчэ адзін з папярэднікаў цяперашняга кіраўніцтва, які быў сярод заснавальнікаў Партыі БНФ, сябра сойму Віктар Івашкевіч гэтак пракамэнтаваў падзеі напярэдадні паседжаньня:

«Я лічу, што не да месца ўвогуле такі пункт парадку дня. Замест таго, каб думаць, як змагацца з рэжымам, яны займаюцца мышынай валтузьнёй. А што рабіць — як я тое думаю — я скажу на сойме».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG