Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Яны нас — газам, а мы іх — бутэрбродамі


Сярэднегадавая цана расійскага газу для Беларусі ў 2010 годзе складзе 187 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік "Газпрома" Сяргей Купрыянаў. А на наступны год цана можа ўзрасьці да 250 даляраў.

Афіцыйны прадстаўнік "Газпрома" Сяргей Купрыянаў зноў нагадаў, што Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы:

Сяргей Купрыянаў
"Прынамсі, у 2009 годзе, ва ўмовах даволі няпростай эканамічнай сытуацыі мы пагадзіліся ўжываць паніжальны каэфіцыент да формулы цаны — не 0,8, а 0,7. І мы лічым, што гэта быў крок насустрач нашым беларускім партнэрам".

Аднак, як сьцьвярджаюць у "Газпроме", і сёлета Менск працягвае плаціць за газ на роўні сярэдняй леташняй цаны — 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. А гэта не адпавядае кантракту, кажа спадар Купрыянаў:

"Сёлета, як і прадугледжана кантрактам, дзейнічае каэфіцыент 0,9. Наша пазыцыя такая — дзейны кантракт патрэбна абавязкова выконваць. Калі ж будуць прынятыя нейкія іншыя рашэньні, то гэта будзе ўжо "потым". А цяпер патрэбна дакладна прытрымлівацца літары і духу тых дамоўленасьцяў, якія ў нас падпісаныя і дзейнічаюць".

Між тым, у наступным годзе кошты газу для Беларусі могуць павялічыцца яшчэ больш значна. У рукі журналістаў трапілі матэрыялы, якія "Газпром" падрыхтаваў да свайго гадавога сходу, што мае адбыцца 25 чэрвеня. У іх запісана колькасьць газу для Беларусі на 2011 год і яе цана. Мяркуецца, што за тысячу кубамэтраў газу Менск будзе плаціць 250 даляраў.

Яўген Арцюшэнка
Наколькі гэта адаб'ецца на бюджэце Беларусі? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні камісіі па грашова-крэдытнай і банкаўскай дзейнасьці Палаты прадстаўнікоў Яўгена Арцюшэнкі. Дэпутат адказаў, што такіх разьлікаў ён пакуль не рабіў:

"Канечне, гэта дадатковая нагрузка на бюджэт. Але пакуль прагнозныя паказьнікі па бюджэце на 2011 год яшчэ ня зробленыя. Учора было паседжаньне прэзыдыюму ўраду. Аднак там разглядаліся толькі асноўныя лічбы".

Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія", кажа: павелічэньне коштаў газу да 250 даляраў будзе азначаць дадатковы мінус у гандлі з Расеяй на 1,6 мільярда даляраў. Але эканаміст не драматызуе сытуацыю:

Леанід Заіка
"Цэны, па якіх Беларусь пастаўляе малочныя прадукты ў Расею, узрасьлі на 40%. І агульны рост экспартных цэнаў павялічваецца працэнтаў на 26, а можа, і болей. Яна даюць нам даражэйшы газ, а мы ім — даражэйшыя прадукты харчаваньня, аўтамабілі ды іншае. Цэны пайшлі ўгару.

Яны яшчэ адчуюць удар у адказ. Хвалявацца ня трэба. "Газпром" будзе есьці беларускія бутэрброды таксама даражэйшыя. Не за два рублі, а за пяць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG