Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незаўважаныя подзьвігі мінулай вайны




Пра вёску Заазер’е я даўно чуў ад сваіх бялыніцкіх сяброў як пра беларускі Стоўнхэндж. У густым і змрочным лесе стаяць загадкавыя каменныя крыжы ў чалавечы рост. Вакол іх ляжаць камяні з загадкавымі надпісамі. Бялыніцкі прадпрымальнік і краязнаўца Алег Мяцеліца ласкава пагадзіўся звазіць вашага пакорнага слугу ў тую пушчу. Раю ўсім абавязкова наведацца ў гэтае месца. Надзвычайнае па сваёй энэргетыцы. Падобнае і да паганскага капішча, і да старажытных могілак, і да дэкарацыяў фільма жахаў. Але гаворка ў перадачы пойдзе не пра заазерскія крыжы.


Вёска Заазер’е — паселішча немалое. Некалькі вялікіх вуліцаў, якія патанаюць у буйнай зеляніне. Асноўнае насельніцтва — пэнсіянэры. Пра лясныя крыжы я разгаварыўся з адной прыветнай спадарыняй, якая азвалася бабай Нюшай.


Ганна: «Гэта вайна. Ці шведы ваявалі. У нас гэта „шведы“ завецца. Назва. „Дзе ты была ў ягадах?“ — „У шведзі“. Швед тут стаяў».

Далей гаворка сама сабою зьбілася на тэму апошняй вайны, у якой мая суразмоўца брала самы непасрэдны ўдзел.

Ганна: «У нас жа моцная партызаншчына была. Я каб не была дурной, я б партызанскую пэнсію атрымлівала б».

Карэспандэнт: «А што вы рабілі?»

Ганна: «Усё рабіла. Тут жа сотую дывізію разьбілі. У Заазер’і. Што я рабіла? Першым доўгам хлеб пякла. У жорнах малолі і пяклі партызанам. Засталіся ж у партызанах далёкія — чувашы, грузіны, сыбіракі. Ну, тады ж набралі нашых у партызаны. У паліцыі ніводнага чалавека не было ў нашай вёсцы. А ў нас людзі — рэж, адзін аднаго не прадавалі. Такія ў Заазер’і людзі былі. Толькі ў партызаны пабралі маладых, страявых. А мне было гадоў 18, самая кроў з малаком. Мяне хацелі забраць у партызаны. А ў мяне матка памерла перад вайной і нас чацьвёра пакінула. Дык бацька сьлязьмі плакаў. Прыехаў партызан. Ну, вы ведаеце, Жунін быў. Бралі сільлю. «Зьбірайся. Хто за цябе будзе зашчышчаць родзіну?»

Карэспандэнт: «А інакш? Куля?»

Ганна: «Калі ня пойдзе, пакараюць. Усе баяліся. Сільлю ішлі».

Адной маёй знаёмай кабеце, народжанай у 41-м годзе, якая правяла некалькі месяцаў у блякадным Ленінградзе, прысвоілі статус пацярпелай ад вайны і прыраўнялі да вэтэранаў. Далі мэдаль і нават часам запрашаюць у школы на ўрокі памяці. Вось толькі распавесьці ёй няма чаго. У невэтэранкі, у звычайнай калгаснай пэнсіянэркі бабы Нюшы такой праблемы няма. Толькі слухай пра жыцьцёвыя дэталі партызанскай вёскі, дзе кожны ўчынак быў подзьвігам. Бо за ўсё, што рабіла Нюша, належалася сьмерць. Вось першы подзьвіг.

Ганна: «Два хлябы на дзень пякла. Партызаны ў лесе стаялі. Прыедзе заўхоз, у іх жа заўхоз быў! І гэты хлеб зьбірае. Вядома, які хлеб быў. Ячмень, жыта малолі ў жорнах».

А вось подзьвіг другі.

Ганна: «Карову за ноч разьбяром, разрэжам. Хто сякерай сячэ, хто сечкай. А кішкі кароўі пачысьцім, наробім каўбасы. Прыедзе заўхоз. Лапніку пакладуць, тых каўбас навешаюць, каб яны падвэндзіліся».

Подзьвіг трэці.

Ганна: «Маскхалаты, маскіроўка. А з чаго пашыць? Дык скідалі парашуты ў нас, аэрадром быў. А ў мяне была швейная машына, „Зінгер“. Я трынаццаць халатаў пашыла. Трынаццаць халатаў апрацавала. Дык я каб тады не празявала. Жунін прыяжджаў сюды. Ён казаў, мы табе даведку дадзім. Скончыцца вайна, ты будзеш як партызанка».

Для мяне застаецца загадкай, чаму Герой Савецкага Саюзу, вядомы партызанскі камандзір Сяргей Жунін, які ў пашане дажыў да 1977-га году, так і ня выбіў вэтэранства для той, дзякуючы каму ягоныя байцы былі сытыя і чыстыя? У той час як іхныя вясковыя баявыя сяброўкі рызыкавалі і жыцьцём, і дзявочым гонарам.

Ганна: «Французаў дужа баяліся. Маладая дзеўка. Знахаляць, і… Што ты сьмяесься? Не папалася ні партызану, ні французу. Французаў болей, як каго, баяліся. Яны дужа гадкія былі. Ніводнага ката не было на пасёлку. Ніводнага сабакі. Усё елі французы. Немцы ня дужа ўрэдныя былі. Не сказаць, што з народу зьдзекаваліся. А французы дзевак нахалілі. Бабы зь дзецьмі дома сядзелі, а мы, дзеўкі, уцякалі. У лесе начавалі. Ногі папрымярзаюць да лапцей. Што ты…»

У нашу размову ўступіла суседка бабы Нюшы, цётка Маня.


Маня: «Хай ба вы ёй падарунак далі. Яна наша даваенная жанчына. Яна ваенная. Во пайду да яе. Яна ўсё расказвае, а я рот разяўлю і сяджу дзень. Яна ўсю вайну прайшла. Трэба ёй хоць які падарунак даць».

Мой сябра Алег Мяцеліца паехаў у краму па падарунак вэтэранцы, а я тым часам абмяняўся парай словаў зь цёткай Маняй пра шчасьлівы і мірны сёньняшні дзень.

Маня: «Цяпер трактароў няма. Гэта раней былі трактары. А цяпер няма».

Карэспандэнт: «Беларуская вёска вярнулася ў 19 стагодзьдзе».

Маня: «Тады ж былі трактары. А цяпер нічога няма. Які конь у каго ёсьць, просім, плоцім. Во як мы жывем. А жыць жа хочацца».

Карэспандэнт: «Тэлевізар глядзіце?»

Маня: «Як парад быў, дык дужа інцярэсна».

Карэспандэнт: «А што там такога было інцярэснага?»

Маня: «Вянкі клалі. Лукашэнка маладзец, за нас бораецца, бедны».

Карэспандэнт: «Бедны, бедны…»

Маня: «Крычыць».

Карэспандэнт: «Крычыць!»

Маня: «Хоча, каб усё харашо было. Харошы чалавек».

Але ж ня ўсе жыхаркі Заазер’я атрымліваюць эстэтычнае задавальненьне ад тых парадаў па тэлевізары. Завёўшы размову зь іншай заазеркай, цёткай Лідай, я быў нават крыху зьбянтэжаны яе радыкалізмам.


Карэспандэнт: «А вы ведаеце, што скора выбары будуць прэзыдэнцкія?»

Ліда: «А? Лукашэнка?»

Карэспандэнт: «Вы за каго будзеце галасаваць?»

Ліда: «Ня знаю. Як ён робіць, ня знаю. Можа, і ноль з палачкай за яго».

Карэспандэнт: «А чаму?»

Ліда: «Ён лапоча, а пэнсія… Вось я. 34 гады стажу ў мяне, а я атрымліваю толькі 293. Многа ён мне дабавіў? Па траячцы, па пяцёрцы. Во газэту „Советская Белоруссия“ я палучаю. Лапоча, падла, там героем. Я гэтую газэту пачытаю, пачытаю. Ну і сука! Гэта пэнсія нас падводжвае. Мы б яго — гэк! Цяпер многа хто гаворыць — ня пойдзе гэтак. Пойдзем за другога, калі што гэткае».

Карэспандэнт: «Акрамя Лукашэнкі вы ведаеце яшчэ палітыкаў нейкіх?»

Ліда: «Цёмная ноч, міленькі. Цёмная ноч, таварышы. Будзем бачыць. А якога гэта чысла будзе?»

Карэспандэнт: «Гэта будзе зімой».

Ліда: «Ай, мы, можа, і здохнем ужо».

Карэспандэнт: «Жывіце, жывіце. Вашы галасы патрэбныя».

Але вернемся да нашай гераіні. Якая ня толькі прала і хлеб пякла. Але яшчэ і праўду распаўсюджвала. Вазіла ў мястэчка агітацыйную літаратуру. «Гавары праўду» ўзору 1942 году.


Ганна: «Афішы вазіла. Партызаны ў штабе напішуць. А ты завязі ў Бялынічы. Дзе немцы былі. І завязі ў штаб, немцам аддай. Нашы два чалавекі вазіла. Аднаго расстралялі, а другога завезьлі — ні духу, ні паху няма. А я вазіла з адным чалавекам, з мужчынам. Мы жыта кінем у мяшок. Соль купляць едзем».

Карэспандэнт: «А што там на той афішы?»

Ганна: «Дык. Немцы ж ня ўсе ішлі за нямецкую ўладу. Там жа былі прадацелі нямецкія. Дык я з тым чалавекам разы тры вазіла».

Карэспандэнт: «Дык гэта подзьвіг!»

Ганна: «Подзьвіг, ды які подзьвіг! Дык дурная. Уся вёска кажа — табе гэтыя каровы трэба былі даіць? Ты б пэнсію атрымлівала ды пасьміхалася б. Дурная баба вясковая».

Колькі ж такіх жанчын, дзякуючы якім ішла партызанская вайна, ужо сышло ў лепшы сьвет? Незаслужана забытых і своечасова не ўшанаваных. Нашу гераіню завуць Ганна Конанаўна Лапа. Будзеце ў Заазер’і, абавязкова наведайце яе. І не забудзьцеся на якія цукеркі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG