Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі будуць асвойваць амэрыканскія ракеты "Patriot"


U.S. -- A missile test at White Sands Missile Range in New Mexico, 05Feb2000
U.S. -- A missile test at White Sands Missile Range in New Mexico, 05Feb2000
Амэрыканская амбасада ў Варшаве сёньня паведаміла, што батарэя ракетаў паветранай абароны "Patriot" прыбыла ў горад Моранг у паўночна-ўсходняй Польшчы з амэрыканскай базы ў Кайзэрсьляўтэрне ў Нямеччыне.

"Гэта важны дзень для Польшчы і Злучаных Штатаў, для нашых агульных мэтаў і інтарэсаў", — сказаў амбасадар ЗША ў Польшчы Лі Фэйнстэйн. Ракеты і абсталяваньне, патрэбнае дзеля падрыхтоўкі батарэі да дзеяньня, займае 37 чыгуначных вагонаў, паведаміла амэрыканская амбасада.

Паводле дамовы паміж Вашынгтонам і Варшавай, у Польшчы штоквартальна будзе зьмяняцца кантынгент 100-150 амэрыканскіх вайскоўцаў з 5-га батальёну ракетаў "Patriot" з Кайзэрсьляўтэрну (вядомых пад мянушкай Rough Riders), каб вучыць абслузе гэтай батарэі польскіх калегаў з 16-га батальёну сухапутных войскаў у Морангу, які ляжыць за 60 кілямэтраў ад мяжы Польшчы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі.

У верасьні летась прэзыдэнт ЗША Барак Абама адмовіўся ад заплянаванай ягоным папярэднікам Джорджам Бушам пабудовы "супрацьракетнага шчыта" — сыстэмы супрацьракетнай абароны, у якую мелі ўвайсьці радар у Чэхіі і база ракет-перахопнікаў балістычных ракет далёкага радыюсу дзеяньня ў Польшчы. Аднак Варшаве ўдалося пераканаць Вашынгтон, каб ён не адмаўляўся ад узмацненьня польскай супрацьпаветранай абароны ракетамі "Patriot", прысутнасьць якіх у Польшчы была ўмовай далучэньня Варшавы да сыстэмы супрацьпаветранай абароны, ініцыяванай прэзыдэнтам Бушам.

Пакуль што статус амэрыканскай батарэі ракетаў "Patriot" у Морангу будзе часовы, але зь цягам часу гэтая база стане пастаяннай. І ў Польшчы зьявіцца яшчэ база ракетаў SM-3, якія таксама выкарыстоўваюцца амэрыканцамі ў сваёй сыстэме абароны ад атакі балістычных ракетаў.

Асноўныя тэхнічныя парамэтры ракеты "Patriot" (варыянт PAC-1):

Вага: 700 кг
Даўжыня: 5,8 м
Дыямэтар: 410 мм
Вага боегалоўкі: 90 кг
Радыюс дзеяньня: 160 км
Вышыня палёту: 24 км
Хуткасьць палёту: пяць лічбаў Маха (6100 км/г)

Ракета "Patriot" запускаецца з рухомай устаноўкі, на якой знаходзіцца чатыры ракеты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG