Пра гэта сёньня паведаміў на брыфінгу начальнік упраўленьня інфармацыі — прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ён сказаў, што ў розных краін ёсьць розныя прапановы, каго ўключаць у групу сяброў. Што да Беларусі, то яна найперш прапануе, каб у новае фармаваньне ўвайшлі "нашы партнэры па мытным саюзе — Расея і Казахстан".
Таксама Беларусь прапануе ўключыць у сьпіс сяброў тыя эўрапейскія дзяржавы, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, але зьяўляюцца сябрамі Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю: гэта такія краіны, як Ісьляндыя, Нарвэгія, Швайцарыя. Іншыя краіны таксама маюць свае прапановы. Усё гэта абмяркуюць 24 траўня ў Сопаце.
Удзельнікі нефармальнай сустрэчы падвядуць вынікі першага году падрыхтоўкі праграмы "Ўсходняга партнэрства", абмяркуюць мэханізм фінансаваньня праектаў і іншыя пытаньні.
У гэтай сустрэчы будзе прымаць удзел міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Акрамя гэтага, у яго заплянаваныя 3 двухбаковыя сустрэчы ў Сопаце са сваімі калегамі з Гішпаніі (краіна, якая зараз мае старшынства ў Эўразьвязе), Украіны і Літвы.