Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьні ў Маліньніках заўжды сьпяваліся


<a href="http://maps.google.com/maps?f=q&source=s_q&hl=en&geocode=&q=Malinniki,+Poland&sll=53.9,27.566667&sspn=0.536451,1.454315&ie=UTF8&hq=&hnear=Malinniki,+Bielski,+Podlachia,+Poland&ll=52.650979,23.502502&spn=0.276182,0.727158&t=h&z=11&iwloc=A" target
<a href="http://maps.google.com/maps?f=q&source=s_q&hl=en&geocode=&q=Malinniki,+Poland&sll=53.9,27.566667&sspn=0.536451,1.454315&ie=UTF8&hq=&hnear=Malinniki,+Bielski,+Podlachia,+Poland&ll=52.650979,23.502502&spn=0.276182,0.727158&t=h&z=11&iwloc=A" target


Першае, што заўжды і пастаянна кідаецца ў вочы, калі перасякаеш заходнюю мяжу — гэта розьніца ў людзкім побыце. Гордасьць сёньняшняга беларускага кіраўніцтва — шарэнгі аднолькавых дамоў у аграгарадках — становяцца казённымі дамамі. У параўнаньні з поўнай разнастайнасьцю падляскіх вёсак. Дзе што ні хата — то плён фантазіі свайго гаспадара.

Ня радуюць вока і дамы нашых вёсак, большай часткай пабудаваныя з сылікатнай цэглы і крытыя шыфэрам. У памежным мястэчку Матыкалы з сылікату пабудавалі нават храм Божы. Уяўляеце — залатыя купалы па-над высокім кароўнікам? Па той бок мяжы цэгла для дамоў толькі чырвоная. І гэта пры тым, што і там, і тут жывуць тыя самыя людзі. Ну ня польская ж дзяржава навучала людзей эстэтыцы і густу. Думаю, адказ хаваецца ў такой дэталі, як уласнасьць. Калі людзей не заганяюць гвалтам у калгас, дзе ўсё казённае, калі чалавек ведае, што ягоная гаспадарка застанецца дзецям і ўнукам, тады і зьяўляецца цяга да прыгожага. Як у выглядзе свайго панадворка, так і ў баўленьні свайго часу. І Маліньнікаўскія сяляне Вера і Пятро Нічыпарукі зусім не выключэньне.

Ой закувала сіва зазуля у гаю
Ой, заплакала люба дзяўчына у саду.
«Нашто ж ты мэнэ спокідаеш, свою коханку залішаеш
Мілы ты мой, а я навек твоя».

Вера і Пятро сьпяваюць часта. Ім абодвум пад 80. Яны жывуць на сваім прыгожым хутары, што схаваўся за паўкілямэтра ад вёскі за ляском. Трымаюць каровы, сьвіньні, абрабляюць бульбяное поле. Перад дыхтоўнай хатай выкапаная прыгожая сажалка, поўная карпаў. Вакол сажалкі ўвечары запальваецца дэкаратыўная ілюмінацыя. Каб пасьля нялёгкага дня пасьпяваць даўнія песьні. Калі гэта не гармонія, дык што гэта?


Вера: «Нашы калегі і каляжанкі жывуць, як паны. А мы яшчэ робімо. Але нам падабаецца. Бо каб не падабалася, зусім бы не рабілі б.

Пятро: «Трактар ёсьць, салярка ёсьць, усё ёсьць. Пэнсію даюць».

Карэспандэнт: «А колькі?»

Пятро: «Тысячу злотых».

Карэспандэнт: «На беларускія грошы мільён. Гэта вельмі добрая пэнсія. У нас такія пэнсіі атрымліваюць, можа, дэпутаты былыя. І з пэнсіяй у тысячу злотых бяз працы вам не сядзіцца».

Пятро: «Калі здароўе дазваляе, трэба працаваць. А не сядзець»,


Назіраючы карцінкі сапраўды годнай старасьці беларусаў Падляшша, я ніяк не магу разгадаць загадкі 44-га году. Калі некаторыя людзі зьяжджалі адсюль у сталінскі СССР.

Карэспадэнт: «Няўжо ў сталінскім саюзе, ім здавалася…»

Вера: «Лепей будзе. То такія людзі зьяжджалі, што тут праскробаліся. Разумееце, што гэта?»

Карэспандэнт: «Праскробаліся?»

Вера: «Завініліся ў нечым. Адны хадзілі кралі: „Я паеду да Расіі, буду чысты і добры“. То так было».

Карэспандэнт: «Тут песьні сьпяваліся заўжды».

Вера: «Песьні заўжды сьпяваліся. Дужа многа было моладзі. У нашай вёсцы ня тое што сходзіліся разам сьпявалі. На адным канцы сьпяваюць, у другім канцы. А па вайне была вёска спаленая. Засталіся толькі тры хаты. А было па-над сто. А моладзь тады так сьпявала па вайне, так жыцьцём цешылася. І мне тыя песьні ўсе запамяталіся. Пераважна мэлёдыі. Да слоў я тупавата. А мэлёдыі, мне слова скажы — я ўсе знаю».

«Ой, не плач, не плач, не журыся, дзеўчыно.
Ой, не плач, не плач, не журыся, дзеўчыно.
Не возьму я, то возьмуць людзі
А паміж намі люба будзе.
Мілы ты мой, а я навек твая».


Вёска была спаленая па вайне. У мірным 1946-м годзе. Тады на Беласточчыне ад рук польскіх бандаў палала не адна беларуская вёска. Сьведкі тых жахаў жывуць па ўсім Падляшшы. Паслухаем 82-гадовую Вольгу Аляшчук. Прыветлівую бабулю з узорнай паляшуцкай моваю і ласкавым голасам. Вось толькі аповеды яе зусім не ласкавыя.


Вольга: «Вы, вядома, не памятаеце. Калісь на калаўротках пралі. Такія ніткі, палатно рабілі. І мы былі з кудзелямі. У адной хаце. Мусіць, калаўроткаў з дванаццаць».

Карэспандэнт: «Жанкі зьбіраліся ў адну хату, каб сумна не было».

Вольга: «Сёньня ў мяне, заўтра ў цябе. Увечары сядзімо. Шарая гадзіна. Бяжымо дадому. Хто па кудзелю, хто есьці. Паелі, кудзелі пабралі. Іду. Так ясна месяц узыходзіць. А то зімою было. Сьнег быў. Сядзімо. Прыходзяць хлопцы да дзяўчат. Прыходзіць мой брат і кажа: „Банда едэ“. І яны прыйшлі. Шынялі такія доўгія. Аўтаматы трымаюць. А мы сядзімо. У вакно зірнулі. „Васька, твая хата гарыць!“ Ой, Божа! Мы за тыя калаўроткі. Уцякаць. Ужо і тут гарыць. І мы хто куды. А па вуліцы ідуць і страляюць. І мы па загуменьнях беглі, за клунямі. З таго канца падпалілі, і блізка нас хацелі падпаліць. Стрэхі ж былі саламяныя. І там маладзён выйшаў польскі. У нас у сяле быў. Упаў на калені. „Ой, не паліце. У мяне дзеці малыя, жонка ў шпіталю“. І праўда, не палілі. А ў Залешанах загналі да адной хаты ўсіх. Адна баба дваіх дзяцей пакінула і чалавека, а сама пайшла да той хаты. Тую хату абкружылі. І падпалілі. Але якісь добры кат быў. І яны паўцякалі».

Карэспандэнт: «Падпалілі хату зь людзьмі?»

Вольга: «Зь людзьмі падпалілі. Але яны ўсе паўцякалі. А тая, што дзяцей пакінула і чалавека, падпалілі тую хату. І там двое дзяцей згарэла і той чалавек згарэў. Засталася адна маладая баба. А аднаго маладога злапалі. І на плоце павесілі. І на плоце згарэў».

Карэспандэнт: «А за што?»

Вольга: «А я ня ведаю, за што».


Для многіх маладых падляшцаў усё, што за Бугам — то адна краіна. Напрыклад, у краме прыйшлося тлумачыць, што прэзыдэнт Польшчы загінуў ня ў нас. І бойка ў парлямэнце адбывалася таксама ня ў нас. Нас вылучаюць па кіраўніку. Які і тут мае сваіх прыхільнікаў. Найстарэйшы жыхар Маліньнікаў Іван Мірончук упэўнены, што полька Анжаліка Борыс — гэта два чалавекі. Два польскія шпіёны, якія хочуць скінуць Лукашэнку зь ягонага крэсла.


Іван: «Добры Лукашэнка. Ого! Я як паслухаю — то гаспадар. Як па полі езьдзіць! Там заглянуў, тут расказаў, як работаць. Жыць можна. Што? Бракуе вам чаго? Бракуе? Трэба працаваць, а не хуліганіць, піць. Я паслухаў пару раз. Во гэта гаспадар! А нашы — давай для сябе болей грошай. Як жондзіць Лукашэнка! Маладзец».

Карэспандэнт: «У Польшчы працуюць безь яго парадаў. Атрымліваецца…»

Іван: «Унія дае. Грошы маюць, трохі рэнты даюць. Цяпер жыцьцё — Амэрыка. Рэнты дадуць, пад хату прывязуць. А ў вас як? Таксама рэнту даюць?»

Карэспандэнт: «У вас даюць рэнту, а ў нас можна паслухаць параду Лукашэнкі».

Іван: «І то трэба. Хіба Лукашэнка папусьціць так? І Анжаліка, і Борыс. Памятаю польскага… Пілсудскі. Пілсудскага я хаваў».

Карэспандэнт: «А ў нас з 94-га году сядзіць адзін».

Іван: «Слухай, добры Лукашэнка. Няхай пабудзе яшчэ. Вам парадак зробіць».

Карэспандэнт: «У гэтым я не сумняюся».

Іван: «Добра скажа, раскажа. Што вам? Грошай брак? Добра стукне кулаком. Чаго хочаце? Лукашэнка скіне гэтага Борыса. Яшчэ паляка там не было, маць яго…»


Калі вы заўважылі, тутэйшая мова — гэта дзіўны і пяючы сымбіёз беларушчыны і ўкраіншчыны. Але людзі спрадвеку лічылі сябе беларусамі. Як на суседняй Берасьцейшчыне. Але ці надоўга гэта?

Карэспандэнт: «Якой людзі тут лічылі сябе нацыянальнасьці? Беларусы, украінцы, палешукі? Ці ў прынцыпе не задумваліся?

Пятро: «Тут ад дзеда і прадзеда беларусы нашы жывуць».

Вера: «Усе ўрокі былі на беларускай мове. А цяпер, скуль столькі ўкраінцаў тутака набралася, ня маю паняцьця. Нашы людзі нармальныя. Ці работы няма, а там даюць?»

Карэспандэнт: «А гэта тыя самыя людзі сталі ўкраінцамі?»

Вера: «Тыя самыя людзі ўкраінцамі сталі. І гэта мне баліць. Адкуль тут столькі ўкраінцаў набралася? Колькі беларусаў, столькі ўкраінцаў. Тыя самыя людзі. Маці беларуска, а сын украінец. Так у нас робіцца».

Карэспандэнт: «Штосьці іх вабіць».

Вера: «Грошы. Нашы людзі парабіліся ўкраінцамі і ангажуюць нас. Да мяне прыяжджалі. Во якія справы».

«Сіва зязюля больш не куе у гаю.
Люба дзяўчына больш ня плача ў саду.
Ждэ яна свайго міленькага. Ён не павернецца ніколі.
Мілы ты мой, а я навек твая».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG