Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для мяне цяперашні Януковіч больш падобны да Аляксандра Квасьнеўскага”


Андрэй Дынько
Ці могуць у Аляксандра Лукашэнкі наладзіцца добрыя палітычныя адносіны зь Віктарам Януковічам — пасьля таго, як Лукашэнка меў шчыльнае палітычнае сяброўства з папярэднім прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам? Ці можна параўнаць палітычныя стылі Януковіча і Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько.

Цыганкоў: У Аляксандра Лукашэнкі ў апошнія месяцы прэзыдэнцтва Юшчанкі наладзіліся зь ім вельмі шчыльныя палітычныя сувязі, нягледзячы на кардынальныя ідэалягічныя разыходжаньні. Але цяпер, як лічаць некаторыя палітолягі, Януковіч будзе пазьбягаць усяго, што можа падацца антырасейскім. Таму, робяць яны выснову, у Лукашэнкі і Януковіча ня можа быць такіх добрых адносінаў. Як вам бачыцца гэтая дылема?

Дынько: Па-першае, сябраваць можна ня толькі супраць, можна проста сябраваць. Я думаю, Беларусь і Ўкраіна здольныя знайсьці формулу нармальнага сяброўства. Хаця пэўныя далікатныя моманты, безумоўна, будуць. Найперш — ці пойдзе Ўкраіна на авэрснае выкарыстаньне нафтаправоду Адэса-Броды для пампаваньня вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь. Ад адказу на гэтае пытаньне мы пабачым, наколькі самастойны Януковіч у прыняцьці такіх матэрыяльна значных, стратэгічных рашэньняў.

Цыганкоў: Януковіч даволі рэзка пачаў сваё прэзыдэнцтва, і некаторыя ўжо пачынаюць параўноўваюць яго з Лукашэнкам паводле ягонага палітычнага стылю. Наколькі адэкватныя такія паралелі?
Найперш варта паглядзець, ці ўдасца Януковічу сваімі крокамі палепшыць эканамічнае становішча ў дзяржаве.


Дынько: Для мяне цяперашні Януковіч больш падобны да Аляксандра Квасьнеўскага, які прыйшоў да ўлады ў Польшчы на хвалі расчараваньня першымі посткамуністычнымі рэформамі. Але ўрэшце стаў лідэрам, які прывёў Польшчу ў Эўразьвяз.

Праблема цяперашняй Украіны заключаецца ў гранічнай эканамічнай слабасьці. Эканамічная сытуацыя была настолькі кепская, ВУП настолькі нізкі, што гэта практычна не пакідала кіраўнікам краіны, зь якога б лягеру яны не былі, ніякай прасторы для манэўру.

Думаю, найперш варта паглядзець, ці ўдасца Януковічу сваімі крокамі палепшыць эканамічнае становішча ў дзяржаве. Калі ўдасца, то ў яго разьвяжуцца рукі для больш сьмелых палітычных рашэньняў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG