Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі ратыфікаваў дамову аб дзяржаўнай мяжы з Украінай


Дакумэнт быў падпісаны ў Кіеве 12 траўня 1997 году і ратыфікаваны ўкраінскім бокам у 1999 годзе.

Паводле агенцтва БелаПАН, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі паведаміў, што дамова вызначае дзяржаўную мяжу паміж дзьвюма краінамі ў адпаведнасьці з пратаколам-апісаньнем праходжаньня лініі мяжы і альбомам тапаграфічных карт з нанесенай на іх лініяй мяжы.

Паводле яго, дамова вызначае паняцьце дзяржаўнай мяжы, прадугледжвае стварэньне супольнай камісіі для правядзеньня дэмаркацыі, абмен дакумэнтамі для дэлімітацыйных і дэмаркацыйных работ.

Рачкоўскі паведаміў, што цяпер памежныя ведамствы дзьвюх дзяржаў рыхтуюць да падпісаньня міжурадавае пагадненьне аб дзейнасьці памежных упаўнаважаных.

Ён ня змог адказаць на пытаньне парлямэнтароў аб тым, ці можа ратыфікацыя дамовы вырашыць фінансавыя праблемы ва ўзаемаадносінах дзьвюх краін. Гэтае пытаньне падчас перамоў афіцыйна ніколі не ўздымалася, адзначыў Рачкоўскі. Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што калі пра ратыфікацыю дакумэнту дамовіліся прэзыдэнты, то "нейкія зрухі ў гэтым пытаньні ёсьць".

Што да цаны дэмаркацыйных работ, то, паводле Рачкоўскага, "сума будзе даволі вялікай". Ён нагадаў, што дэмаркацыя 800 км мяжы на балтыйскім кірунку каштавала прыкладна 11 млн. эўра. Мяжа з Украінай складае 1.200 км.

Паводле Рачкоўскага, у пытаньнях дэмаркацыі мяжы з Украінай Беларусь разьлічвае на дапамогу Эўразьвязу ў межах праграмы "Усходняе партнэрства".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG